Джаз-рокавы драйв з аркестрам

Апублiкавана: 27 снежня 2022 Стужка Музыка Мінск Суботнія сустрэчы

Аўтар: Аўтары

Прыгожы творчы юбілей сёлета адзначае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Тамела — 30 гадоў сцэнічнай дзейнасці. 

Увесь гэты час спявачка застаецца вернай Нацыянальнаму акадэмічнаму канцэртнаму аркестру, у які прыйшла яшчэ студэнткай. Колькі выступленняў адыграна, колькі твораў беларускіх аўтараў, а менавіта на іх рабіў акцэнт калектыў, выканана, колькі песеннай і джазавай класікі — не пералічыць. Для моцнага, рознабаковага і не “фанернага” вакаліста такая работа — проста мара. Таму Наталля Тамела кажа, што на працягу гэтых 30 гадоў ёй не трэба было шукаць лепшага, яно ў яе ўжо было. Летась не стала стваральніка і шматгадовага кіраўніка аркестра — народнага артыста Беларусі Міхаіла Якаўлевіча Фінберга, і ў слыннага калектыву пачаўся новы творчы этап. А Наталлю Тамела смела можна называць адным з галоўных шанавальнікаў і прадаўжальнікаў традыцый аркестра. 

— Як вы адзначылі 30-годдзе сваёй творчай дзейнасці? Гучных святкаванняў, па-мойму, не было, хаця вашы ранг, аўтарытэт і багацце рэпертуару дазвалялі чакаць вялікай юбілейнай праграмы. 

— Роўна ў той дзень, як я паступіла на работу ў аркестр, 30 сакавіка, калегі мяне цёпла і ўрачыста павіншавалі, але само святкаванне ў выглядзе музычнага вечара яшчэ наперадзе: у наступным годзе будзе і мой асабісты юбілей, і 30-годдзе з моманту, як я пачала не проста працаваць у аркестры, а выступаць з ім. Я хачу зладзіць маштабнае шоу, каб атрымаўся знакавы канцэрт. А сёлета ўвесну, шчыра кажучы, і настрою не было: у снежні 2021-га пайшоў з жыцця Міхаіл Якаўлевіч Фінберг, і для мяне гэта стала сапраўднай трагедыяй. 

— Так, вашы 30 гадоў сцэнічнай дзейнасці — гэта ж і 30 гадоў супрацоўніцтва з Міхаілам Фінбергам. Вы былі ўжо ў нейкім сэнсе даверанай асобай кіраўніка, яго памочнікам. А заслужыць павагу ў Міхаіла Якаўлевіча — вартая справа. 

— Хутка будзе год — а я дагэтуль не магу акрыяць, не магу паверыць. Міхаіл Якаўлевіч ляжаў у бальніцы, але калі мы даведаліся, што на чарговае выступленне ён з намі не паедзе, то здзівіліся — бо ён з усіх бальніц звычайна збягаў на канцэрты, для нас і гледачоў ён заўсёды быў здаровы. І я незадоўга да таго яшчэ размаўляла з ім па тэлефоне, але ні пра што дрэннае не падумала. Яго смерць стала страшным ударам, бо маэстра быў нашай надзейнай сцяной, нашым укрыццём, нашым настаўнікам і правадыром. І вось раптам мы ўжо без яго. У мяне дагэтуль адчуванне, што Міхаіл Якаўлевіч вернецца, павінен вярнуцца. Калі сёлета ў маі праходзіў чарговы фестываль “Музы Нясвіжа” і перад канцэртам на экране паказваліся кадры з нашым кіраўніком, я разрыдалася так, што потым і спяваць не магла. 

— У Міхаіла Якаўлевіча быў няпросты характар, і любіць яго таксама аказалася, мабыць, няпроста… 

— Любоў — яна такая розная! Ён для мяне стаў ужо родным чалавекам, з якім мы, безумоўна, і спрачаліся, і лаяліся. І дзвярыма я хлопала, і мікрафоны на рэпетыцыях кідала… Я цярплівая, але толькі да нейкага моманту, а потым мяне не ўтрымаць. Але ў нас з майстрам ужо было нешта такое, што прарасло з сэрца ў сэрца. Апошнім часам ён тэлефанаваў мне кожны дзень. Увогуле, Міхаіл Якаўлевіч моцна змяніўся за апошнія гады тры, стаў зусім іншым чалавекам — мяккім, ранімым, не такім рэзкім, яшчэ больш клапатлівым. 

З вакалістаў я ў аркестры даўжэй за ўсіх, і, думаю, сапраўды можна сказаць, што я такі негалосны кіраўнік вакальнага цэха. Міхаіл Якаўлевіч раіўся са мной пра некаторыя творчыя моманты. Потым рабіў, вядома, як сам хацеў. (Смяецца.) Але яму спачатку, каб прыняць пэўнае рашэнне, трэба было пачуць маё меркаванне. Наконт павагі, дарэчы, магу расказаць гісторыю. Аднойчы мы вярнуліся з Масквы, пасля таго як там на Алеі зорак была закладзена зорка Міхаіла Фінберга, і паехалі на чарговы канцэрт. Прыязджаем, а мне кажуць: у вас цяпер будзе асобная грымёрка, для вас адной. А мы ж з дзяўчатамі-вакалісткамі заўжды ўсе разам! Аднак Фінберг так загадаў. Я да яго. Аказваецца, пасля нашага выступлення ў Маскве да Міхаіла Якаўлевіча падышоў славуты расійскі джазавы дырыжор Анатоль Крол і сказаў, што я — каралева. І вось Міхаіл Якаўлевіч вырашыў, што каралеве трэба даваць асобную грымёрку. (Смяецца.) Але мне было няёмка, і я папрасіла, каб больш так не рабілі. 

— Праз аркестр прайшло нямала спевакоў і спявачак, якія праз пэўны час пакідалі яго, каб сканцэнтравацца на сольнай кар’еры. Ды і Міхаіл Якаўлевіч не асабліва вітаў, калі музыканты калектыву яшчэ чым займаліся. Але вы здолелі пратрымацца ўсе 30 гадоў. І што, ніводнага разу не хацелі сказаць “бывай”? 

— У мяне ніколі нават думкі такой не мільгала. Мне падабалася працаваць у аркестры, падабалася многа ездзіць — і па Беларусі, і па розных іншых краінах: у нас жа здараліся вялікія гастролі, грандыёзныя туры. Вось кажуць, што людзі заўсёды шукаюць для сябе лепшага. А я і не шукала, бо ў мяне адразу было найлепшае. Я ў калектыве на сваім месцы. З прафесійнага пункту погляду — мая адметнасць як вакалісткі і спецыфіка работы з аркестрам цалкам супадаюць: гэта вельмі класна гучыць, гэта зусім іншы драйв, гэта магчымасць праяўляцца і майму вакалу, і майму артыстычнаму тэмпераменту. Так што лепш і не прыдумаеш. 

І сольную кар’еру мела. Калі я пачала запісваць аўтарскія песні, Міхаіл Якаўлевіч стаў саркастычна называць мяне “вялікім кампазітарам”. І, зразумела, выказваў незадаволенасць, калі мяне па тэлевізары шмат паказвалі ці калі ў мяне яшчэ што сольнае здаралася, без аркестра. Але пакрычыць-пакрычыць — і хутка супакоіцца. Я ўвогуле думаю, што ў глыбіні душы маэстра было прыемна, што яго артысты запатрабаваныя. Проста для Міхаіла Якаўлевіча было важна, што ён — галоўны, што галоўны — аркестр, што мы быццам ягоныя дзеці. 

— Давайце прыгадаем, як усё пачыналася, ад якога моманту, ад якіх падзей ідзе адлік. На ўсю Беларусь, я памятаю, вы праславіліся крыху пазней, калі выдатна выступілі ў конкурсе Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-94”. У тыя часы форум быў гучны, тэлетрансляцыя збірала натоўпы гледачоў, творчае спаборніцтва мела вялікі розгалас. 

— Афіцыйна на работу ў аркестр мяне ўзялі ў 92-м годзе, але на сцэну з калектывам я выйшла толькі ў 93-м: да таго са мной пад раяльчык займалася наша знакамітая спявачка Тамара Раеўская, а акампаніраваў не менш славуты музыкант Андрэй Шпянёў. Але спачатку было праслухоўванне ў аркестры, куды я, студэнтка трэцяга курса мінскага музычнага вучылішча, прыйшла ўжо сапраўднай зоркай — так я тады сябе адчувала. (Смяецца.) Калі потым Міхаіл Якаўлевіч сказаў, што яны мяне бяруць, ён адразу зрабіў заўвагу: “Але ты толькі не зазнавайся, зразумела?” 

“Я займалася і займаюся любімай справай. Вось гэта я лічу сваім галоўным дасягненнем”.

Фестываль “Маладзечна-94” сапраўды быў грандыёзнай падзеяй, і я да яго рыхтавалася па поўнай праграме. Песні падабралі складаныя, галасавыя, з джазавымі імправізацыямі. Я, бясспрэчна, разлічвала на Гран-пры, а тут — бац — першае месца. Гран-пры атрымала Наталля Кудрына. Гора маё было бязмежным! Кампазіцыю “Грэх” Леаніда Захлеўнага на словы Леаніда Пранчака мне са свайго рэпертуару “падарыла” Тамара Раеўская. І, вядома, 19-гадовай дзяўчынцы трэба было яшчэ пастарацца праспяваць “ты мой першы і апошні грэх” — але драматызм у мяне ў крыві. Я зрабіла песню па-свойму, не такой лірычнай, атрымалася ўвогуле нешта блізкае да джаз-рока — многім гэтае выкананне запомнілася, і цяпер мне яго прыгадваюць. Фестываль у Маладзечне даў моцны штуршок маёй артыстычнай кар’еры. 

— Але аднойчы вы ўсё ж паспрабавалі сябе ў бізнесе — адкрылі школу танцаў… 

— І хапіла мяне ненадоўга. Я ўдзельнічала ў тэлепраекце “Зорныя танцы”, і тэма харэаграфіі так мяне захапіла, што я вырашыла паспрабаваць пабыць бізнес-лэдзі. Праз год зразумела, што арэнду памяшкання больш не пацягну. Такім чынам, мы ўсе весела і з задавальненнем патанцавалі за мае грошы, і гісторыя скончылася. 

— А яшчэ вы выкладаеце вакальнае майстэрства дзецям у прадзюсарскім цэнтры “Спамаш”… 

— Я ўвогуле па жыцці люблю камандаваць, люблю ўсім расказваць, як трэба рабіць. Так што ў гэтай ролі я проста знайшла сябе. (Смяецца.) А пачыналася ўсё з таго, што я калісьці сама сабе паставіла верхні рэгістр — доўга пакутавала, але ў выніку стварыла ўласную вакальную методыку. І цяпер вучу па ёй іншых — дарэчы, не толькі дзяцей — у студыі Malinovka by Spamash. А ў якасці педагога па вакале вось ужо другі сезон я працую ў праекце тэлеканала “Беларусь 1” “Фактар.by”, а сёлета яшчэ і ў праграме “Фактар.by 60+”. Са спевакамі паважанага ўзросту мець справу — асобнае задавальненне, бо яны надзвычай матываваныя, — гэтае шоу выйдзе ў эфір неўзабаве, не прапусціце. 

— На заканчэнне юбілейнага інтэрв’ю — што для вас было галоўным за гэтыя 30 гадоў на сцэне? 

— Гады, дарэчы, праляцелі як адно імгненне — творчыя, лёгкія, камфортныя. Я ніколі асабліва не ганарылася, што ў мяне ёсць званні і ўзнагароды, што я такая крутая, — не, мне было важна, што я спяваю, што я пастаянна выходжу на сцэну і працую для людзей. Я займалася і займаюся любімай справай. Не кожнаму так шчасціць. Вось гэта я лічу сваім галоўным дасягненнем. 

Надзея КУДРЭЙКА 

Фота Святланы ЯФІМІК