Зроблена з любоўю

Апублiкавана: 20 снежня 2022 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

17 і 18 снежня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — прэм’ера “Махляроў”: п’есу М. Гогаля “Гульцы” ставіць заснавальнік і нязменны кіраўнік Пермскага тэатра “Ля Моста” Сяргей Фядотаў. А напярэдадні да нас наведаўся і сам расійскі тэатр — з трыма гастрольнымі паказамі сваіх двух спектакляў: “Калека з Інішмана” і “Жаніцьба. Фантасмагорыя”. 

Сяброўства беларускіх тэатральных дзеячаў з пермякамі пачалося даўно: 30 гадоў таму зусім малады яшчэ тэатр “Ля Моста” прыязджаў у Мінск па запрашэнні рэжысёра Вітаўтаса Грыгалюнаса, які на той час кіраваў Альтэрнатыўным тэатрам. Але гэта быў, можна сказаць, закрыты паказ аднаго спектакля — у рамках дзейнага тады Клас-клуба, што яднаў бізнесоўцаў і творчую інтэлігенцыю. Пра гэта не стамляўся згадваць Сяргей Фядотаў у сваіх прадмовах, што папярэднічалі кожнаму цяперашняму гастрольнаму паказу. Але ж дырэктар-кіраўнік тэатра “Ля Моста” сціпла абышоў увагай іншую значную падзею сяброўства — прыезд пермякоў на ХV Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа” ў Брэст у 2010 годзе, калі тэатр “Ля Моста” стаў уладальнікам Гран-пры — за спектакль “Калека з Інішмана”. Гэтая пастаноўка п’есы англа-ірландскага рэжысёра і драматурга Марціна МакДонаха атрымала і Расійскую нацыянальную прэмію “Залатая маска”, і безліч іншых прэстыжных узнагарод. Дарэчы, менавіта С.Фядотаў і яго тэатр сталі “першаадкрывальнікамі” драматургіі МакДонаха ў расійскай культурнай прасторы. Як згадваў Сяргей Паўлавіч, у Празе яны ўбачылі яго “Сіратлівы Захад” — і пачалі ставіць яго п’есы. З цягам часу ўвасобілі практычна ўсе. І заснавалі на базе свайго тэатра Міжнародны фестываль Марціна МакДонаха — сёлета прайшоў ужо пяты такі форум, на якім моцна заявілі пра сябе беларускія ўдзельнікі. Сярод 14 спектакляў з 10 тэатраў розных краін Гран-пры атрымаў РТБД— за спектакль “Калека з вострава Інішман” у пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. Акрамя таго, Арцём Курэнь быў адзначаны за найлепшую мужчынскую ролю (Калека Білі), Максім Брагінец— за найлепшую мужчынскую ролю другога плана (Малыш Бобі). Фурор меў і Мінскі абласны драматычны тэатр са спектаклем “Каралева прыгажосці з Лінэна” ў пастаноўцы Валерыя Анісенкі: Алена Рахмангулава была ўзнагароджаная за найлепшую жаночую ролю (Мэг Фолан). 

Так што цяперашні прыезд да нас Пермскага тэатра “Ля Моста” зусім не выпадковы. Да таго ж РТБД падпісаў з гэтым калектывам дамову аб супрацоўніцтве — і ў наступным годзе нашы артысты выправяцца ў Перм з візітам у адказ. А што ж убачылі мы? 

Пермская версія “Калекі з Інішмана” аказалася надзвычай... вясёлай. З ледзь не пастаянным смехам скрозь слёзы, яна цалкам спраўдзіла пазначаны жанр “ірландскай камедыі”. Пры гэтым артысты, здавалася б, нічога асаблівага не рабілі, часам проста вымаўлялі напісаны драматургам тэкст. Але ў тым і справа, што вымаўлялі яны яго “няпроста”, з усёй неверагодна багатай палітрай падтэкстаў: што ні слова — перліна, што ні фраза — каралі з дыяментаў. Заваражыла, прыцягнула канцэнтраванай унутранай энергетыкай ужо першая сцэна, дзе, на першы погляд, увогуле нічога не адбываецца: сядзяць дзве цётухны за сталом ды размаўляюць — так, ні пра што, проста крыху хвалююцца, што Білі яшчэ не прыйшоў. Але зроблена гэта так, што вачэй нельга адвесці: кожная паўза, якіх тут хапае, становіцца працягам агульнай “мелодыі” сцэнічнага дзеяння — пры тым што ўласна музыкі ў спектаклі даволі мала: кожнае ўключэнне — на вагу золата. 

Гіперрэалізм, абраны і спраўджаны ў кожнай дробязі рэжысёрам (і адначасова сцэнографам) Сяргеем Фядотавым і артыстамі, нідзе не парушыў уласна мастацкія законы, не ператварыўся ў натуралізм. 

Фядотаў не стамляецца паўтараць, маўляў, мы лічым, што трэба ставіць аўтара, мы ставім менавіта аўтара і да т.п., але пры ўсёй дакладнасці аўтарскага тэксту спектакль застаецца і аўтарскім “словам” самога тэатра— аўтарскага па сваёй сутнасці. Пастаноўка зроблена з вялікай любоўю да кожнага персанажа, якім бы напаўзвар’яцелым “цудзікам”-дзіваком той спярша ні ўяўляўся. У кожнага з іх— свае прыхамаці. І свой цяжкі лёс. Але ўсе яны — родам з дзяцінства ва ўсёй размаітасці сэнсаў гэтага выразу — ажно да “дзядулі Фрэйда”. І захоўваюць светлае, дзіцячае, часам задзірыста-падлеткавае Зроблена з любоўю светаўспрыманне — саму душу дзіцяці. Такіх немагчыма не палюбіць! Таму галоўныя словы спектакля — “узяць лёс у свае рукі” — не набываюць ні ценю просталінейнага “адбудаванага графіка”. А тое, як Білі, выправіўшыся на прагулку-спатканне з Хэлен, выпростваецца-прыўзнімаецца ўверх на хворых нагах, становіцца сімвалам руху да сонца, якога так мала ў Ірдандыі і, адпаведна, у спектаклі: многія сцэны праходзяць у прыцемках. 

“Жаніцьба. Фантасмагорыя” таксама прасякнутая атмасферай паўзмроку. Амаль усё дзеянне адбываецца пры адной-дзвюх свечках і лакальным падсвятленні зверху. Але такая “адсутнасць сонца” дыктуецца тут іншай нагодай — той фантасмагорыяй, што падкрэслена ў назве спектакля і выяўляецца праз містычны пачатак: то свечка сама запаліцца, то чыесьці рукі таямнічыя аднекуль запаўзуць. Дый самі героі раз-пораз то з шафы вывальваюцца, то з-за канапы нечакана ўскокваюць, бы той Ванька-ўстанька. Але пры ўсёй гэтай “чартаўшчыне”, якую Фёдараў бачыць у кожным творы Гогаля, спектакль застаецца кранальным аповедам пра чалавечую адзіноту. І смешныя героі зноўку становяцца нашымі ўлюбёнцамі. 

Якімі атрымаюцца “Махляры”? Паглядзім. Дарэчы, усе квіткі на дзве першыя прэм’еры раскупленыя. Але ў студзені ажно тры паказы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ