Беларускія творы — рускі аркестр

Апублiкавана: 16 снежня 2022 Арт-блог Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Сярод шматлікіх канцэртаў да 90-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўвагу прыцягнула вечарына айчынных прэм’ер у выкананні салістаў і студэнцкага аркестра... рускіх народных інструментаў. 

Адметная праграма зацікавіла не толькі мяне: у паўнюткай зале былі выстаўленыя два дадатковыя рады крэслаў. Канцэрт меў відавочны неарамантычны стылявы ўхіл, і кожны твор вызначаўся асобным кампазітарскім падыходам, выдатна прачытаным маладымі музыкантамі пад кіраўніцтвам Эльвіры Тахіравай. 

Канцэрт для цымбалаў Сяргея Янковіча, прысвечаны выкладчыку творцы, знанаму кампазітару Дзмітрыю Смольскаму, скарыў неверагоднай музычнасцю. Па-майстэрску ўплеценыя ў агульную канву народнапесенныя элементы ўдала спалучаліся як са звонавасцю, так і са стылістыкай кінамузыкі, якой Сяргей Янковіч аддаў даніну ў Другой сімфоніі “Амаркорд”. Асобныя гукі цымбалаў браліся на прыціснутых струнах. Такім чынам ствараўся не толькі эфект сурдзіны, але і дадатковая выразнасць, асабліва ў ніжнім рэгістры. Канцэрт першапачаткова быў прызначаны для камернага аркестра, але саліравала Вераніка Прадзед, якая бліскуча сыграла твор у новай аўтарскай аркестроўцы. На вяршыні эмацыйнага ўздыму імклівай трэцяй часткі ў цымбалісткі нават вылецела палачка. Але выканаўца злавіла яе і працягнула граць, бы так і было задумана, каб з большым імпэтам падысці да шырокай лірычнай тэмы ў кульмінацыі. 

Сюіту Barocco Уладзімір Каральчук напісаў у 1996 годзе для скрыпкі і фартэпіяна. А цяпер зрабіў пералажэнне для рускага народнага аркестра, дзе салісткай выступіла першая домра — Ганна Калтунчык. У гэтай рэдакцыі твор перасягнуў арыгінал, бо заіскрыўся новымі тэмбравымі фарбамі папраўдзе яркай, нешараговай аркестроўкі. Разнастайныя ўдарныя надавалі пікантнасць, незвычайнае гучанне раяля на фоне бас-балалаек — адценне таямнічасці. А ў самой сюіце, пазбегшы традыцыйнай барочнай стылізацыі, кампазітар здолеў знайсці сувязі між прынцыпамі мыслення той далёкай эпохі і сучаснасці. 

Паэма Віктара Войціка для балалайкі з фартэпіяна набыла аркестравае “адзенне”, дзякуючы намаганням студэнткі другога курса Дар’і Кавалёвай, якая па інструментоўцы займаецца ў класе кампазітара Вячаслава Кузняцова (дададзім, аўтара балетаў “Вітаўт” і “Анастасія” ў нашым Вялікім тэатры). Цяперашняе пералажэнне Паэмы яшчэ больш падкрэсліла віртуознасць сольнай партыі ў рэдакцыі і выкананні Марыны Ільіной: бляск, запал — і кранальнасць. 

Магутным фіналам вечарыны стаў Канцэрт для трубы з аркестрам “Пад прытулкам Усявышняга” Аліны Безенсон. У аснове твора — 90-ы псалом з кнігі Псалтыр Старога Запавету. Тры часткі Канцэрта таксама маюць адпаведныя праграмныя назвы: “Адплата”, “Прытулак”, “Выратаванне”. Духоўны кантэкст не перашкодзіў выкарыстанню найноўшых выканальніцкіх прыёмаў, з якімі цудоўна справіўся другакурснік Арцём Нікалайчык, са знешняй лёгкасцю адолеўшы ўсю маштабнасць і складанасць сольнай партыі. 

Сачыненне працягвае цэлую серыю інструментальных канцэртаў аўтара на духоўную тэму: “Прасвятленне”, “Уваходзьце цеснымі варотамі” (для фартэпіяна), “Азарэнне” (для домры), “Будучы дзень” (для баяна), “Кліч званоў” (для цымбалаў), “Да Цябе заклікаю” (для кларнета), “Шукайце і знойдзеце” (для скрыпкі). Ды і зварот да аркестра рускіх народных інструментаў для Аліны Безенсон зусім не выпадковы. Аўтару належыць шэраг твораў для такога складу, выдадзеных у васьмі зборніках. Яна стала лаўрэатам Усерасійскага конкурсу “Час аркестра рускіх народных інструментаў”. Канцэрт для трубы Аліны Безенсон таксама надрукаваны ў Расіі, адкуль у кампазітара пачалі заказваць усё новыя такія партытуры. І гэта яшчэ адно сведчанне таго, што сучасная беларуская музыка запатрабаваная не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ