Замест мастыхіна — відэлец

У Музеі гісторыі і культуры горада Наваполацка праходзіць выстава “Прырода.Думак”. 

Аўтар работ — Вольга Бельская, прафесійная мастачка, якая працуе ў жанры графічнага дызайну. Пісаць карціны пачала толькі год таму, але ўжо паспела паўдзельнічаць у двух буйных пецярбургскіх арт-праектах: сумеснай экспазіцыі беларускіх і расійскіх мастакоў у галерэі “Мальберт” і анлайн-выставе маладых творцаў “Голас гарадоў” у музеі сучаснага мастацтва “Эрарта”. А вось цяперашні персанальны праект для Вольгі першы. Сімвалічна, што імпрэза ладзіцца ў родным горадзе дзяўчыны — Наваполацку. 

Мастачку натхняе прырода. Перадаючы прыгажосць навакольнага свету, аўтар адлюстроўвае свае думкі, разважанні, пачуцці. Складаныя фактуры на карцінах Вольга стварае не толькі пры дапамозе пэндзляў і мастыхіна— выкарыстоўвае і кавалачкі тканіны, скотч, плёнку, спрэй, нават відэлец, нож, гумку. Цікавыя эфекты ўзбагачаюць палотны цэлай палітрай адценняў, якія счытвае глядач. Экспрэсіўныя, яркія і ў той жа момант паветраныя, лёгкія, работы творцы кранаюць, прымушаюць задумацца. 

Выстава Вольгі Бельскай — яшчэ адзін дыямент у скарбніцы арт-праекта “Новы погляд”, які паспяхова рэалізуецца ў Музеі гісторыі і культуры горада Наваполацка другі год запар. 

Нэлі РАДЗЬКО, г. Наваполацк