Вырвацца з пасіўнага стану. Му­зей для ўсіх. Час­тка 2

Апублiкавана: 03 студзеня 2023 Стужка Музеі Мінск Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

У Нацыянальным гістарычным музеі з 2019 года дзейнічае інклюзіўны праект “Уключыся ў музей”, гаворку пра які мы пачалі ў пазамінулым нумары. Загадчыца навукова-метадычнага аддзела Алена Бухал працягвае дзяліцца вопытам працы з людзьмі з інваліднасцю. 

— Нашы групы невідушчых уключаюць не больш за пяць асоб, каб праца была эфектыўнай. Праграма задумана модульнай, змяшчае чатыры экскурсіі, два музейныя заняткі, квэст і мерапрыемства. Да прыкладу, маем адаптаваны занятак па ткацтве на бёрдзе і, вядома, экскурсіі па пастаяннай экспазіцыі і наваствораных праектах. Можна замовіць кожную частку праграмы паасобку, а можна цыклам. 

У ШТО ВЫЛІВАЕЦЦА ХВАЛЯВАННЕ 

— Першы візіт у музей — гэта перадусім сустрэча з новымі асобамі ў новай прасторы, вялікае знаёмства. Таму значную колькасць часу цягам працы ў групах займае прывыканне. Вядома, да нас прыходзяць адносна добра сацыялізаваныя людзі, аднак пры некаторых дыягназах хваляванне можа выліцца ў даволі эмацыянальную рэакцыю або, наадварот, замкнёнасць. Прыгадваю кранальны выпадак, як да нас завітала слабавідушчая дзяўчынка. Спярша адмовілася ўдзельнічаць у экскурсіі, бо вакол было шмат незнаёмых людзей. Яна пасядзела адна, потым зразумела, што мы ставімся да яе добра, і вярнулася. Круцім жорны, слухаем легенду пра Менеска ды іншыя байкі — яна плача і смяецца адначасова. Настолькі вялікім быў эмацыянальны выбух. І ў гэтым цуд музея: тут дзяўчынка здзівілася і адчула сябе іначай. А культура ж павінна мяняць чалавека, няхай і не адразу — могуць прайсці тыдні і месяцы. 

ІНВАЛІДНАСЦЬ НЕ ГАЛОЎНАЕ 

— Важна, каб чалавека з інваліднасцю добра сустрэлі, каб паразмаўлялі, як з любым іншым наведвальнікам, а не з тым, хто выходзіць за рамкі звыклага. Ці стане музей прыемным месцам, вырашае рэакцыя атачэння — не толькі навуковых супрацоўнікаў, але і касіраў, наглядчыкаў экспазіцыі, тэхнічнага персаналу. І вялікі дзякуй кожнаму нашаму работніку за разуменне. Беручыся за працу ў такіх групах, трэба ўсвядоміць: інваліднасць не першае і не галоўнае ў наведвальніку. У яго ёсць свае інтарэсы, свае рысы характару. Усе розныя, і канчатковы пункт інклюзіўнай культуры — даць чалавеку магчымасць быць такім, які ён ёсць. 

Замежны вопыт 

Політэхнічны музей у Маскве ў рамках праграмы “Розныя людзі — новы музей” стварыў Раду па даступнасці, каб даць магчымасць людзям з інваліднасцю самім удзельнічаць у працы, якая мусіць зрабіць іх наведванне ўстановы камфортным.“Мы часта паўтараем, што стары актывісцкі слоган «Нічога для нас без нас» надзвычай важны для нашай каманды. І мы менш за ўсё хочам аказацца музеем, які лепш, чым людзі з інваліднасцю, ведае, што ім патрэбна, што ім зручна і зразумела”, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара Вера Шэнгелія. Па яе словах, што б ні рабілі ва ўстанове: рыхтавалі адукацыйную праграму ці выставу, праектавалі лесвіцу ці прыбіральню, — заўсёды прыцягваюць да працы Раду, каб дапамагчы абраць аптымальнае рашэнне не з пункту гледжання менеджара, архітэктара або праекціроўшчыка, а людзей, якія будуць карыстацца прадуктам.

ДАПАМАГЧЫ З САЦЫЯЛІЗАЦЫЯЙ 

— Нам вельмі важна было працаваць з дарослымі. Дзеці, якія цяпер ходзяць у школкі, сацыялізуюцца. Калі ж вырастаюць, іх свет становіцца даволі замкнёным. Таму дарослым трэба дапамагаць не заседжвацца ўнутры суполкі. Асабліва прыемна назіраць, як удзельнікі нашага праекта прыводзяць у музей сваіх бацькоў, братоў і сясцёр. Уявіце, што ўсё жыццё вы знаходзіцеся ў пасіўным стане: вас некуды вядуць, вам дапамагаюць вырашаць побытавыя справы. І тут вы запрашаеце некага ў музей, знаёміце іх з установай. Вы ведаеце, а яны — не. Гэта абсалютна новы досвед для многіх. 

СУТВОРЧАСЦЬ І ЭМПАТЫЯ 

— Уключэнне ў камунікацыю адбываецца, калі мы пачынаем разам нешта рабіць. Напрыклад, летась зладзілі фотавыставу “Мы тут” аб музейных прадметах, якія праз крохкасць не могуць дэманстравацца ў пастаяннай экспазіцыі. Адбіралі іх сумесна з людзьмі з інваліднасцю. Перыядычна арганізуем інклюзіўныя імпрэзы. Так, падчас майскай “Ночы музеяў” прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку былі не толькі ўдзельнікамі, але і суарганізатарамі. Прадстаўніца арганізацыі правяла майстэрню па этычнай камунікацыі, а музыкі выступілі з канцэртам. 

Яркім прыкладам таксама можна лічыць нашу выставу “Гісторыя без межаў”, прысвечаную традыцыйным каляндарным святам беларусаў. А іх глядзець нельга, у іх можна толькі ўдзельнічаць. Гульнявыя, магічна-сакральныя — гэтыя дзеі ўсе пра камунікацыю, калі мы разам нешта прамаўляем і разам нешта робім. Акрамя таго, выстава створана з улікам прынцыпаў універсальнага дызайну і з выкарыстаннем аўдыядэскрыпцыі. 

У нашай галерэі — сацыяльнай прасторы — ствараем праекты пра эмпатыю, адначасова адаптуем музейную працу для невідушчых і адукоўваем іншых наведвальнікаў. На першай такой выставе мы размясцілі назвы і аўдыядэскрыпцыі шрыфтам Брайля да выбітных экспанатаў, што знаходзяцца ў зале за сцяной. Прагледзець іх выявы можна было, адсканаваўшы QR-код. “Я хачу бачыць гэтыя прадметы!” — сказала адна ўзрушаная наведвальніца. Але ў тым сэнс праекта. Ён дапамагае наведвальніку зразумець, як успрымае музей іншы. Вы галоўны герой сваёй гісторыі, але варта памятаць, што побач разгортваецца такая ж гісторыя, дзе галоўны герой іншы. У гэтым рэчышчы створаны наш новы праект, які пакажа, як людзі з парушэннямі зроку бачаць музейныя прадметы. 

Данііл ШЭЙКА