Як беларуская саломка ў свет выйшла і хто ідзе за ёй следам?

Апублiкавана: 04 студзеня 2023 Стужка Народная творчасць Мінск Тэндэнцыя

Аўтар: РУДАК Антон

На 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO прынятае рашэнне аб уключэнні элемента “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменні” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Намінацыя была падрыхтаваная ў 2020—2021 гадах пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На пасяджэнні міжурадавага камітэта, якое праходзіла 1 снежня ў Марока, выступіла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева. 

СУСВЕТНАЯ ТЭНДЭНЦЫЯ 

Для Беларусі гэта пяты элемент, уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. У 2009 годзе туды быў занесены абрад “Калядныя цары” з вёскі Семежава Капыльскага раёна, у 2018 — Будслаўскі фэст, які ладзіцца ў Мядзельскім раёне, у 2019 — “Юр’еўскі карагод” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, а ў 2020 — беларускія традыцыі бортніцтва на прыкладзе Лельчыцкага раёна. 

Работа па пашырэнні Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей і Рэпрэзентатыўнага спісу нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO апошнім часам усё больш актыўна адбываецца менавіта ў напрамку нематэрыяльных праяў творчасці чалавека. Гэтая тэндэнцыя, зрэшты, уласцівая не толькі Беларусі, але і свету наогул. Калі раней увага надавалася перадусім матэрыяльным каштоўнасцям, помнікам архітэктуры, то сёння большыя шанцы на ўнясенне ў спісы UNESCO маюць элементы нематэрыяльнай культуры, якія патрабуюць тэрміновай аховы, бо могуць знікнуць, калі не будзе забяспечаная перадача традыцый новым пакаленням носьбітаў. 

На нацыянальным узроўні наданне статусу нематэрыяльнай каштоўнасці беларускім мастацкім практыкам саломапляцення адбылося ў лютым 2020 года. Асаблівасць гэтай прапановы палягала ў тым, што элемент, які ўвайшоў у выніку ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, упершыню аб’ядноўваў практыкі, распаўсюджаныя не ў пэўным асобным рэгіёне краіны, а па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Прычына захаванасці і папулярнасці гэтага ўмельства не ў апошнюю чаргу хаваецца ў сувязі самога матэрыялу з народнай міфалогіяй, традыцыйнымі сакральнымі ўяўленнямі аб хлебе і ўсім, што звязана з яго вытворчасцю. Мастацкія практыкі саломапляцення — гэта комплекс ведаў не толькі аб прыёмах апрацоўкі саломкі, але і аб уяўленнях пра іх духоўную каштоўнасць і сімволіку матэрыялу, саміх вырабаў, а таксама аб звязаных з імі абрадавых практыках. 

АД ПОСУДУ ДА ІКАНАСТАСАЎ 

Гісторыя саломапляцення такая ж даўняя, як гісторыя земляробства, і першыя вырабы з саломы нашы продкі пачалі ствараць ужо неўзабаве пасля таго, як упершыню выпеклі хлеб. Саломапляценне вядомае ў многіх народаў, тым не менш даследчыкі падкрэсліваюць, што толькі ў Беларусі яно атрымала такое шырокае распаўсюджанне, дасягнула высокага мастацкага ўзроўню, захавалася да нашых дзён і паслядоўна развіваецца. 

Доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута адзначае, што ў беларусаў здаўна былі распаўсюджаныя як плеценыя з саломы вырабы аграрна-абрадавага прызначэння, так і побытавыя прадметы: саламяны посуд спіральнага пляцення, капелюшы, брылі. 

А вяршыняй гэтага майстэрства можна лічыць саламяныя іканастасы вясковых храмаў Палесся, якія дайшлі да нашых дзён з канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя (варта адзначыць, што саломка — даволі трывалы матэрыял, які дастаткова добра захоўваецца). Прычым такое прымяненне саломы ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве — унікальная з’ява, характэрная выключна для Беларусі. 

МАЙСТЭРСТВА — ГАЛОЎНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ 

На жаль, практыкі саломапляцення пачалі сыходзіць у нябыт у другой палове ХХ стагоддзя са знікненнем ручнога жніва. Працэс заканамерны — але яго цудам удалося спыніць. Рэдка вылучаецца канкрэтная асоба, з якой звязана адраджэнне цэлай з’явы традыцыйнай культуры, але ў гэтым выпадку можна сказаць, што саломапляценне было ўратаванае ад заняпаду дзякуючы намаганням Веры Гаўрылюк, якая паходзіла з Беласточчыны і аднавіла вырабы з саломы, знаёмыя ёй з дзяцінства, на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў у 1970-х гадах. 

Народнай майстрысе на той момант было ўжо больш за шэсцьдзясят, але ў 1966 годзе яна яшчэ скончыла Маскоўскі завочны ўніверсітэт мастацтваў імя Надзеі Крупскай. Саломапляценнем пасля займаліся таксама дочкі і ўнучкі Веры Ільінічны. Поспех, якім карысталіся работы Веры Гаўрылюк на ўсесаюзных выставах, выклікаў новую хвалю зацікаўленасці да саломапляцення, ім заняліся многія іншыя майстры, і ўмельства зноў пачало пашырацца. 

Зручнасць гэтай тэхнікі палягае ў тым, што яна не патрабуе прымянення фізічнай сілы, таму займацца саломапляценнем могуць усе— пачынаючы ад дзяцей у садках. У нашы дні саломапляценне ў Беларусі набыло надзвычайную папулярнасць і зрабілася сапраўды народным мастацтвам. Саломка ў сённяшніх гарадскіх умовах стварае сувязь з сялянскай традыцыяй вырошчвання хлеба, не дае адарвацца ад каранёў. Многія майстры адмыслова сеюць на сваіх прысядзібных участках збожжа, каб атрымаць матэрыял для вырабаў, альбо набываюць яго, захоўваюць старажытныя гатункі — бо сучасныя маюць занадта жорсткае сцябло, нязручнае для творчасці. Мастацкімі вырабамі з саломы славіцца наша краіна і далёка за сваімі межамі. У 2003 годзе Беларускі саюз майстроў народнай творчасці правёў у Мінску першы Міжнародны фестываль саламянага мастацтва, у якім удзельнічалі каля сарака майстроў з усяго свету. 

НОВЫЯ ДАЛЯГЛЯДЫ 

Важная ўмова для атрымання статусу каштоўнасці — наяўнасць пераемнасці майстэрства. Сёння саломапляценнем у Беларусі займаюцца каля дзвюх соцень майстроў. Гэтае ўменне ў многіх сем’ях перадаецца ад бабуль і дзядоў унукам. Але не толькі: шматлікія ўмельцы асвоілі саломапляценне самастойна, па кнігах. І даследчыкі гэтага мастацтва, і майстры прызнаюць яго папулярнасць, але адзначаюць, што для абмену досведам і развіцця саломапляцення неабходна паклапаціцца аб правядзенні пастаянных конкурсаў — як сярод дзяцей, так і між дарослых. 

Адкрытым застаецца пытанне стварэння пастаяннай экспазіцыі, дзе можна было б азнаёміцца з найлепшымі мастацкімі вырабамі, — музея беларускай саломкі. Важна, каб выбітныя ўзоры саломапляцення былі годна прадстаўленыя на радзіме, а не сыходзілі за мяжу ў якасці сувеніраў і не асядалі там у прыватных калекцыях. 

Як распавёў кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Генадзь Ходар, на 2024 год ужо запланаваны разгляд заяўкі на ўключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO мастацтва беларускай выцінанкі. У будучыні разглядаецца магчымасць намінаваць ткацкую традыцыю вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна, а таксама культуру бытавання беларускай дуды на прыкладзе Мінскай вобласці. Уключэнне новых айчынных элементаў у спіс сусветнай спадчыны, натуральна, будзе спрыяць росту зацікаўленасці да іх як у нашай краіне, так і за яе межамі. 

Антон РУДАК

Фота аўтара і з Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь На выявах — вырабы беларускіх майстроў саломапляцення