Notice: Undefined offset: 0 in /var/www/user13157/data/www/kultura-info.by/content/pages/view/content.php on line 91

БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. СТУДЗЕНЬ

Апублiкавана: 01 студзеня 2023 Каляндар Афіцыйна не указан

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця.

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе.

 

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

1. н. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія  — у 1700 г. 

6. пт. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Богаз’яўленне, Тры Каралі. Католікі праводзілі маскіраваны абрад “Тры каралі”, або “Гэроды”. 

7. сб. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. “Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…”. Калядавалі. Насілі “звязду”. Паказвалі батлеечныя спектаклі, праводзілі ігрышчы (“вадзілі казу”, “жанілі Цярэшку”, “пяклі ката”, гулялі ў “Яшчура” і інш.). 

9. п. Сцяпан. Даўней дзень найму слуг, батракоў на год. “На святога Сцяпана вышэй слуга за пана”. 

13. пт. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. “Мароз, хадзі куццю есці”. 

14. сб. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. “Сею, сею, пасяваю, з Новым годам вас вітаю”. 

18. с. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. “Каляда ад’язджае”. 

19. ч. Вадохрышча (Кшчэнне). “Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла”, “На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама”. 

20. пт. Прывадохрышча — заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту). 

24. а. Аксіння. “Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце”. Фядос. “На Фядоса цёпла”. 

25. с. Павел. “Вее вецер  — будзе вайна”. Таццяна. Свята студэнтаў. 

31. а. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. “Хавай нос у апанасаўскі мароз”.