Ад усёй душы!

Апублiкавана: 07 студзеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

У новы год — з новымі традыцыямі. У Беларусі ўпершыню стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”. Ідэю атуліць цяплом падчас зімовых свят людзей сталага ўзросту прапанаваў Кіраўнік дзяржавы на галоўнай ёлцы краіны. 

Звяртаючыся да хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з’ехаліся ў Палац Рэспублікі на дабрачыннае мерапрыемства “Нашы дзеці”, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: “Хацелася б, каб акцыя, калі ідзём з падарункамі да вас, працягнулася… І мы прыйшлі да нашых старых і падарылі ім падарункі, павіншаваўшы з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым”.

Ініцыятыва беларускага лідара адразу знайшла водгук у грамадстве — па ўсёй краіне віншуюць адзінокіх састарэлых, людзей з інваліднасцю, тых, хто жыве ў дамах-інтэрнатах, знаходзіцца ў бальніцах. У акцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі дзяржаўных і мясцовых органаў улады, дэпутаты, кіраўнікі прадпрыемстваў. Прафсаюзныя арганізацыі імкнуцца паклапаціцца пра тых, хто шмат гадоў працаваў на вытворчасці. Справа актывістаў БРСМ і піянераў — уборка снегу, нарыхтоўка дроў, дастаўка прадуктаў і лекаў ветэранам. Сустрэчы старэйшага і маладога пакаленняў праходзяць у фармаце чаяванняў, круглых сталоў, таксама ладзяцца канцэрты, тэатралізаваныя паказы ды іншыя святочныя праграмы. Асаблівы акцэнт — на доўгажыхарах, якія ў перыяд акцыі адзначаюць юбілей. 

У Беларусі больш за 120 тысяч адзінокіх пажылых грамадзян. Яшчэ каля 20 тысяч знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах. Увагай не абмінуць нікога! Бо сярод мэт праекта — максімальна далучыць школьнікаў і студэнтаў да аказання дапамогі састарэлым, развіваць дыялог пакаленняў “Ад дзяцей — пажылым людзям”. 

Акцыя працягнецца да 14 студзеня і зойме годнае месца ў спісе пастаянных навагодніх дабрачынных традыцый.