“З добрай весткай” — Татарстан

Апублiкавана: 10 студзеня 2023 Стужка Музеі Мінск Суботнія сустрэчы

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

У чэрвені 1941-га Янка Купала з жонкай выехаў на сваім Chevrolet у эвакуацыю. Яго прытулкам стала маленькая кватэра на тэрыторыі мукамольнага камбіната ў сяле Пячышчы ля Казані. Там, за паўтары тысячы кіламетраў ад Мінска, дагэтуль захоўваюць памяць пра нашага класіка. І на завяршэнне юбілейнага года Песняра “К” запрасіла да гутаркі загадчыцу музея Янкі Купалы ў Пячышчах Рыму Абызаву — руплівіцу, дзякуючы якой слава пра беларускага паэта жыве далёка ад яго радзімы. 

— Рыма Юр’еўна, з музеем вы пазнаёміліся задоўга да прызначэння на пасаду, бо нарадзіліся і выраслі ў Верхнім Услоне, адкуль да Пячышчаў рукой падаць. Ці памятаеце свой першы візіт ва ўстанову? 

— Прыгадваю той майскі дзень, калі бацькі ўзялі мяне, маленькую дзяўчынку, з сабой на адкрыццё музея. Засталіся ў памяці асабістыя рэчы паэта і інтэр’ер пакоя, у якім некалі спыніўся Купала. Пазней наведвалі мемарыяльную кватэру з класам, але самыя яркія ўспаміны пакінула восень 1983 года. Тады адбылася рээкспазіцыя, і мне як сакратару школьнага камітэта камсамола давялося выступаць ад імя юнага пакалення на адкрыцці абноўленага музея. Я казала аб тым, што мы памятаем і шануем беларускага паэта. Дарэчы, яго творы ў той час былі ў абавязковай школьнай праграме. 

Сёлета Рыма Абызава ўзнагароджаная нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” і адзначаная ганаровым званнем “Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Татарстан”

— Пасля лёс распарадзіўся, каб вы спрычыніліся да захавання памяці пра Купалу ўжо як прафесіянал. Якімі былі першыя крокі на пасадзе загадчыцы музея? 

— Многія гады я працавала ў школе, а неяк паступіла прапанова адміністрацыі раёна ўзначаліць музей, якім дагэтуль кіравала Маргарыта Антонава — паважаная ў рэспубліцы асоба. Перада мной паўстала задача папулярызаваць установу не толькі ў рэспубліцы, але і па-за яе межамі. Скажу шчыра, што пагадзілася не адразу, аднак вырашыла ўзяцца за гэтую справу, і на рашэнне паўплывала некалькі фактараў. Найперш падтрымала раённае і рэспубліканскае кіраўніцтва, а праз Нацыянальны музей Рэспублікі Татарстан удалося запачаткаваць супрацоўніцтва з турыстычнымі аператарамі. Значную ролю адыграў і мой візіт у Беларусь па запрашэнні калег з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Я была ў захапленні ад краіны і людзей, з якімі пашчасціла сустрэцца. Вярнуўшыся дадому, стала будаваць грандыёзныя планы.

 

— Што для вас паслужыла штуршком да вывучэння нашай культуры? 

— У Рэспубліцы Татарстан пражываюць прадстаўнікі больш чым паўтараста розных нацыянальнасцей. Я нясу ў сабе дзве культуры: тата — рускі, мама — татарка. Таму для мяне асабіста цікавасць да набыткаў розных нацыянальнасцей, да дыялогу — з’ява натуральная, а падчас працы ў музеі я канчаткова ўпэўнілася: вывучаючы іншыя культуры, мы лепш спасцігаем сваю. Нашай задачай была і застаецца папулярызацыя не толькі творчасці Янкі Купалы, але і беларускай спадчыны ўвогуле, а таксама развіццё міжнацыянальных сувязей. Да прыкладу, мы ладзілі праект “Два жыцці — два лёсы”, прысвечаны Янку Купалу і татарскаму паэту Мусе Джалілю, пазней — “Габдула Тукай і Янка Купала — народныя паэты”. А наведвальнікаў падчас экскурсій мы заўсёды вітаем на трох мовах — беларускай, татарскай і рускай. 

— Ведаю, што акцэнт робіце на народным мастацтве і старадаўніх святах беларусаў. Якія падзеі сталі традыцыйнымі ў вашым календары? 

— Першым святам, якое мы зладзілі ў 2003 годзе, было Купалле. Выбар зразумелы, бо менавіта ў гэты дзень нарадзіўся Іван Дамінікавіч. Мы сабраліся на палянцы на ўзвышшы, куды некалі паднімаўся Купала і дзе любаваўся волжскімі даляглядамі, панарамай Казані на супрацьлеглым беразе ракі. Там палілі ачышчальнае вогнішча, пускалі па вадзе вянкі, варажылі і спявалі народныя песні. Тады сабралася невялікае кола — сябры музея, прадстаўнікі беларускай абшчыны, артысты мясцовага ансамбля. Сустрэча пакінула прыемныя ўражанні, і мы сталі ладзіць свята штогод. Ужо чатыры гады ўвосень адзначаем Багач, прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю. І абавязкова святкуем Раство па каталіцкім календары, бо менавіта да гэтай канфесіі належалі Іван Дамінікавіч Луцэвіч і яго жонка. 

Адзіны ў Расіі музей Янкі Купалы адкрыўся ў 1975 годзе ў сяле Пячышчы. Там народны паэт жыў у эвакуацыі з лістапада 1941-га па чэрвень 1942-га. Пясняр не спыняў працы і пісаў палымяныя звароты да насельніцтва акупаваных раёнаў і да партызанаў. Узімку пешшу цераз Волгу, а ў цёплы час на параходзе Купала накіроўваўся ў Казань, адкуль праз хвалі радыёстанцыі “Савецкая Беларусь” голас яго ляцеў на радзіму. А верш “Беларускім партызанам”, надрукаваны на ўлётцы “Чырвоным партызанам ад працоўных Татарыі”, распаўсюджвалі на акупаванай зямлі з самалётаў.

— Напэўна, да 140-годдзя паэта традыцыйны каляндар падзей разнастаілі новыя праекты. Як у Пячышчах адзначылі юбілей Купалы? 

— Сапраўды, святкаванне адбылося ў некалькі этапаў, і пачалі мы яшчэ летась у снежні акцыяй “Чытаем Купалу разам”, якую некалі падхапілі ад нашых мінскіх калег. Яе ладзілі і раней, запрашалі да ўдзелу прадстаўнікоў моладзевага блока Асамблеі народаў Татарстана, якія чыталі радкі Песняра ў перакладзе на розныя мовы. Сёлета акцыя праходзіла і афлайн, і анлайн. Да нас прыехалі цэлыя групы школьнікаў. І некаторыя стараліся прачытаць вершы Купалы ў арыгінале, па-беларуску. А працягнулася святкаванне акцыяй “Малюем Купалу разам”. Мы атрымалі шмат твораў і прэзентавалі выставу ў Доме сяброўства падчас урачыстасцей да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, цяпер яна дэманструецца ў нашым музеі. Дзень нараджэння класіка пашчасціла адзначыць у Беларусі: я паўдзельнічала ў цырымоніі ўскладання кветак да помніка Янку Купалу ў цэнтры Мінска і ў свяце на малой радзіме творцы — у Вязынцы. Напрыканцы жніўня мы зладзілі маштабнае свята “Пясняр зямлі беларускай”, а фінальным этапам юбілейнага года стала выстава “З добрай весткай”. Яна адкрылася ў нашым музеі 3 лістапада да Дня народнага адзінства ў Расіі. Гэты праект рэалізаваны пры падтрымцы мінскіх калег: Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы перадаў нам у падарунак копіі графічных работ Міхаіла Басалыгі і Васіля Шаранговіча, у якіх увасобленыя вобразы герояў гістарычных і рамантычных паэм Купалы. 

— Яркай падзеяй юбілейнага года стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі Янку Купалу на будынку вашага музея. Як вы ажыццяўлялі гэты праект? 

— У юбілейны год хацелася належным чынам пазначыць сувязь месца з лёсам першага народнага паэта Беларусі, і мы звярнуліся да нашага земляка Цімафея Цюрына — скульптара, члена Саюза мастакоў Расіі. Ён выкладае ў дзіцячай школе мастацтваў у Верхнім Услоне, і мы не раз ужо ладзілі сумесныя праекты. Пацікавіліся яго бачаннем будучага знака, параіліся з беларускай суполкай нашай рэспублікі, з калегамі з мінскага музея Купалы. І дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Татарстан Рустама Мініханава, а таксама клопату Асамблеі народаў Татарстана і кіраўніка аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Казані Віктара Шчэцькі атрымалася ажыццявіць задуму. У рамках Дзён культуры Беларусі 20 жніўня мы зладзілі вялікае свята “Пясняр зямлі беларускай”і падчас гэтай імпрэзы адкрылі мемарыяльную дошку. Адметна, што на цырымоніі прысутнічаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. 

— Напэўна, налета таксама ёсць амбітныя планы? 

— Так, хочам пашырыць частку экспазіцыі, прысвечаную беларускай культуры. Тое задача на новы год. І спадзяёмся, што ў гэтай справе нам дапаможа і беларускі бок, бо на радзіме Купалы нас падтрымлівалі заўсёды, за што мы вельмі ўдзячныя. 

Данііл ШЭЙКА