Калядны абрад "Тры Каралі"

Апублiкавана: 10 студзеня 2023 Нам пішуць Народная творчасць Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

У Лідскім раёне каторы год запар аднаўляюць цікавы калядны абрад "Тры Каралі". Ён атрымаў сваю назву ад аднайменнага каталіцкага свята, якое адзначаецца 6 студзеня. Тры Каралі – гэта вешчуны, якія, згодна з хрысціянскімі традыцыямі, наведалі Ісуса пасля ягонага нараджэння, каб прынесці яму дары ў выглядзе золата, ладана і мірры. Цяпер яны з’яўляюцца традыцыйнымі персанажамі падчас правядзення абраду на свята "Трох Каралей".

У Ваверцы рэканструкцыя абрада была здзейстнена на падставе этнаграфічных звестак мясцовасці. На працягу 2016-2022 гг. супрацоўнікамі Ваверскага Дома культуры праводзілася фіксацыя ўспамінаў жыхароў аг.Ваверка, вёскі Міхнаўцы Лідскага раёна аб правядзенні абрада "Тры каралі".

6 студзеня святочная "світа" адправілася па вёсцы Паперня, што каля Ваверкі. Каралі гаварылі віншавальныя словы з Божым Нараджэннем, світа спявала калядныя песні пад гармонік.  Усе жыхары гасцінна сустракалі  “калядоўшчыкаў” і адорвалі іх падарункамі.

А ў кожнай хаце, дзе жывуць людзі шаноўнага ўзросту, завязваўся дыялог-успамін аб свяце “Тры каралі” у мінулым, што прадстаўляла сапраўдную каштоўнасць. Тым больш, што дадзены абрад у хуткім часе плануецца ўнесці ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Гродзенска вобласці.

 

 Алена Габіс, метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"