Беларускі «Граф Монтэ-Крыста»

Аднайменны раман А.Дзюма ведаюць усе — калі не па таўшчэзнай кнізе, дык па яе сціслым пераказе, а больш па некалькіх экранізацыях з рознымі назвамі. Аматарам музыкі вядомыя некалькі мюзіклаў. Сярод іх — твор швейцарскага кампазітара Фрэнка Уайлдхорна, пастаўлены ў Тэатры музычнай камедыі Санкт-Пецярбурга, мюзікл «Монтэ-Крыста» Рамана Ігнацьева ў Маскоўскай аперэце. Цяперашняя рок-опера ў тэатры імя М.Горкага значна адрозніваецца ад усіх тых прачытанняў. Таму глядзець яе трэба адназначна!

Ідэя такога спектакля нарадзілася ў мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Кавальчыка ў 2019-м. З музыкай ён на «ты» яшчэ з дзяцінства, калі вучыўся ў музычнай школе. Нацыянальнай класікай застаецца пастаўленая ім у 2002-м

у РТБД фолк-опера «Адвечная песня» Цімура Каліноўскага. У нашым Музычным тэатры працуе бацька рэжысёра — Міхаіл Кавальчык, які ўвасобіў безліч мюзіклаў, уключаючы «Соф’ю Гальшанскую» Уладзіміра Кандрусевіча і «Шалом алейхэм! Мір вам, людзі!» Алега Хадоскі.

«Граф Монтэ-Крыста» атрымаўся таксама вельмі беларускім. Дзеянне не перанесенае на нашы землі, але ў ім дадаткова акцэнтаваныя блізкія беларускай ментальнасці рысы: эпічнасць разгорту, не надта ўласцівая жанрам оперы і мюзікла, але традыцыйная для нашага мастацтва, адыход ад меладрамы на карысць разважанням, філасофскаму складніку. А галоўнае — моцна падкрэсленыя думкі пра разбуральнае ўздзеянне помсты: яна ні для каго не можа быць перамогай, бо ў ёй абодва бакі — пацярпелыя. Усё гэта ёсць у А.Дзюма — іншая справа, што ранейшыя творцы, звяртаючыся да рамана, чэрпалі з яго найперш захапляльную прыгодніцкую лінію, скарачаючы іншыя.

Сцэнаграфія Веніяміна Маршака вырашана даволі ўмоўна і вельмі функцыянальна. Некалькі кубоў з падсвятленнем то выкарыстоўваюцца паасобку, то счапляюцца разам — гарызантальна і вертыкальна, ператвараючыся і ў стол пасяджэнняў, і ў высокую (ва ўсіх сэнсах слова) пасаду. У касцюмах Марыі Герасімовіч знойдзены пункт яднання даўніны і сучаснасці. Вялікую ролю ў хуткай змене месцаў і часу дзеяння адыгрывае выдатна распрацаванае тэатральнае святло і эфект тумановасці. Сцэнічная прастора падсвятляецца пераважна цёмна-сінім ці чырвоным, кожны з якіх набывае сімвалічны сэнс. Не задзейнічаныя ў той ці іншай сцэне салісты складаюць зменлівы па складзе хор. Рухавасць і пластыку (часцей агульную для ўсіх, а не індывідуалізаваную) забяспечыў балетмайстар Дзмітрый Залескі.

http://kultura.pershy.by/content/images/data/news/35/27.jpg

Спектакль адкрыў вельмі таленавітага лібрэтыста — Ігара Скрыпку, які раней быў вядомы хіба сваімі перакладамі. У тэксце шмат трапных рыфмаў, кідкіх радкоў. Імя кампазітара Цімура Каліноўскага куды больш вядомае: яго музыка ўпрыгожвае безліч спектакляў у розных тэатрах. Ён умее ствараць запамінальныя фразы — літаральна на трох-чатырох нотах, а тое і меней. Але буйная форма патрабуе добрага драматургічнага развіцця, уласцівага тут хіба некалькім сцэнам. Усё будуецца пераважна на бясконцых, часам надакучлівых паўторах, нават танальнасць у большасці нумароў не змяняецца. Заяўка на рэп абарочваецца рэчытацыяй на адной ноце. Узнікае адчуванне статычнасці, якое можна было б пераадолець класнай аранжыроўкай. Але ж як чуйна рэагуе публіка на папраўдзе цікавыя па музыцы нумары!

Другая дзея больш багатая на полістылістыку: тут ёсць і раманс, і духоўныя песняспевы рэквіема. Такой разнастайнасці магло быць і болей — гэтак, як і сольных украпванняў струннага квартэта, які сціпла грае збоку і часцей за ўсё патанае ў электронных гучаннях, а ў апошніх сцэнах чамусьці ўвогуле сыходзіць. Між тым дзве скрыпкі, альт, віяланчэль маглі б стаць чымсьці накшталт «галасоў душы», не толькі ўдзельнічаць у інструментальным суправаджэнні, але і выходзіць на авансцэну на роўных з акцёрамі — хаця б у сола, што ўласціва сучаснаму тэатру. У выніку — больш актыўна фарміраваць менавіта музычную драматургію, такую неабходную ў рок-оперы.

Асноўная праблема спектакля звязаная з гэтым. Колькі ні абвінавачвалі ў свой час П.Чайкоўскага, што ён сапсаваў «Яўгена Анегіна» А.Пушкіна, ператварыўшы «энцыклапедыю рускага жыцця» ў меладраму, а кампазітар меў рацыю, адмовіўшыся ад многіх каларытных момантаў рамана. Музычнаму “Графу Монтэ-Крыста” таксама не перашкодзілі б пэўныя купюры. Надта многа атрымалася і заблытаных падзей, і дзейных асоб, на некаторыя з якіх не стае асобных артыстаў, што ва ўмовах зададзеных пераўвасабленняў канчаткова збівае глядацкую логіку: калі марак Эдмон Дантэс і граф Монтэ-Крыста (Руслан Чарнецкі) — адзін і той жа чалавек, дык і іншыя героі, магчыма, маглі выдаваць сябе за іншых? Але хто ёсць хто? Акустыка залы не самая лепшая, дый спевы нават у самых спрактыкаваных артыстаў часцяком паглынаюць дыкцыю, што даўно вядома як адно з хранічных «вакальных захворванняў». Імкненне ахапіць калі не ўвесь раман, дык максімум яго сюжэтных адгалінаванняў, укласці ўсё ў два акты, дзе кожны па гадзіне з хвосцікам, дыктуюць настолькі імклівае мільгаценне падзей, што прасачыць за імі і ўцяміць, хто каму і кім даводзіцца, без папярэдняга прачытання кнігі папросту немагчыма. На прэм’еры перада мной сядзела група падлеткаў, якія пасля шчаслівага выратавання героя з засценкаў, што адбываецца ўсяго ў сярэдзіне першай дзеі, больш нічога не маглі зразумець. І пачалі дружна гугліць змест рамана ў інтэрнэце, не зважаючы на сцэну.

Між тым у спектаклі занята ледзь не ўся трупа, кожны працуе на ўсе сто. Але няшчаснае каханне адсунута на другі план, што для музычна-тэатральных жанраў хутчэй выключэнне з правілаў. Галоўным антаганістам героя становіцца не Фернан (Васіль Грачухін), які напісаў данос, каб сарваць вяселле і пазней самому ажаніцца з Мерсэдэс (Вікторыя Кавальчык), а Вільфор (Сяргей Чакерэс ці Дзяніс Нямцоў).

З-за прагалаў музычнай драматургіі ў спектаклі атрымліваецца некалькі фіналаў. Але «самы фінальны» з іх канчаткова выводзіць аповед у філасофскі космас, узнімаючы тэму Quo vadis: “Куды ты ідзеш? Навошта ты жывеш?” Гэтыя пытанні, узнятыя не ў драматычнай пастаноўцы, а ў рок-оперы, становяцца знакавымі. Музычныя спектаклі розных жанраў традыцыйна былі скіраваныя на відовішчнасць, эстэтычнае задавальненне, часам наўпрост ігнаравалі магчымую складаную праблематыку. Нашумелыя расійскія мюзіклы, уключаючы «Ганну Карэніну» як самы, бадай, паспяховы і нават прададзены за мяжу камерцыйны праект, таксама не надта апелявалі да маральных аспектаў, клапоцячыся найперш пра «карцінку». «Граф Монтэ-Крыста» — наадварот, пазбаўлены брадвейскага шыку. І свядома ператварае гэты магчымы недахоп у дадатковую вартасць. Бо на першы план выходзіць не наратыў, а этычная канцэпцыя — тое, што вылучае сёння папраўдзе сучасны музычны тэатр, а не яго нафталінавае падабенства. У гэтым напрамку і трэба рухацца далей, не спыняючыся на дасягнутым: удасканальваць цяперашні спектакль і ствараць новыя.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ