У пошуках страчанай оперы Мацея Радзівіла

Серыял “Таямніцы роду Манюшкаў” з’явіўся на старонках “К” яшчэ ў 2020-м. Разынкай той культурнагенеалагічнай галаваломкі стала гісторыя тэатральнай трупы Лявона Перажынскага. У 1784 годзе калектыў паставіў у Нясвіжы адну з першых беларускіх нацыянальных опер “Агатка, або Прыезд пана” на лібрэта Мацея Радзівіла. Яго ж пяру, як сцвярджалі тэатразнаўцы, належала і опера “Войт асады альбанскай”. Праўда, калі “Агатка” ўжо “вярнулася” і нават была ўвасобленая на сучаснай айчыннай сцэне, “Войт” заставаўся нейкім прывідам, вядомым толькі па назве і годзе нараджэння. 

АДКРЫЦЦЁ ТВОРА 

У 1932 годзе польскі гісторык тэатра Людвік Сімон апублікаваў артыкул, у якім распавёў пра знойдзены ў варшаўскай бібліятэцы роду Праздзецкіх друкаваны варыянт лібрэта да оперы “Войт асады альбанскай”. Невялічкі аднаактовы твор меў 16 старонак тэксту. На тытульным аркушы значылася: “OPERA Pod Tytulem WOYTA ALBIESKIEGO IMIENINY. W dzien doroczney Gall Imienin J.O.X. Imci KAROLA RADZIWILLA Wojewody Wilenskiego, przez zyczliwa JEMU FAMILIA Na Teatrze Nieswiskim GRANA Roku 1785 D. 4 9 bris.”. 

Ранейшыя спробы адшукаць выданне былі беспаспяховыя, бо бібліятэка Праздзецкіх, сваякоў Радзівілаў, колішніх уласнікаў Заслаўя і палаца ў Мінску (галерэя Савіцкага), падчас Другой сусветнай вайны была дазвання знішчана. Тое нешматлікае, што засталося (напрыклад, рукапіс “Гражыны” Адама Міцкевіча) разышлося па розных установах. Толькі ў 1961-м з’явілася згадка, што, аказваецца, ёсць яшчэ і рукапісны варыянт лібрэта, які захоўваўся ў бібліятэцы Зялінскіх у Плоцку. Сёння адсканаваны дакумент нарэшце дома. На жаль, мы маем толькі тэкст. Хто быў аўтарам музыкі і ці захавалася партытура — пытанні без адказу. 

КНЯЗІ Ў СЯЛЯНСКІХ КАШУЛЯХ 

Згодна са спісам акцёраў, у пастаноўцы павінны былі ўдзельнічаць самыя блізкія князю Каралю Радзівілу асобы, князі і графы, высокія ўраднікі ВКЛ, якія выконвалі ролі простых вяскоўцаў. 

Гэта Геранім Радзівіл (зводны брат); Тэафіла Радзівіл (сястра), генерал Ігнат Мараўскі (яе муж), іх дзеці — Дуклана, Караль, Кацярына і яе муж Міхал Быкоўскі-Лапат; Вераніка Радзівіл (зводная сястра, жонка Францішка Гутэн-Чапскага) і яе дзеці — Станіслаў, Караль і Юзэфа; Марыя (зводная сястра, жонка Бенедыкта Марыконі); Францішка Рдултоўска (пляменніца, дачка згаданай вышэй Тэафілы, цётка, а не маці цешчы французскага пісьменніка Анарэ дэ Бальзака, гл. “К” № 50, 2022), яе сястра Ганна са сваім мужам Аўгустам Брулем-Плятэрам; Мацей Радзівіл (зводны брат); Тэафіла (сястра Мацея і жонка Германа Ферзена) і яе дочкі Людвіка і Караліна. Акрамя як для сваякоў, знайшлася роля і для былой любай Пане Каханку — Францішкі Прыемскай, якая падабалася ўсяму нясвіжскаму двару і якую пазней Караль Радзівіл выдаў за Занімойскага, а па яго смерці за Пашкоўскага. Такім чынам, павінна была ўдзельнічаць 21 асоба. Напрыканцы пастаноўкі да родзічаў мусіў далучыцца сам імяніннік — войт альбанскай асады Караль Радзівіл.

ТРАГЕДЫЯ ЦІ КАМЕДЫЯ? 

Часам можна сустрэць сцвярджэнне, што ў “Войце” Мацей Радзівіл асудзіў жорсткае абыходжанне з сялянамі. Падобнае меркаванне памылковае. Яшчэ Людвік Сімон пісаў, што змест оперы вельмі просты. Жыхары Альбы рыхтуюцца да імянін любімага войта Караля. Кожны падрыхтаваў нейкі падарунак: Каруся — чырвоную ружу, Людвіся — белую, Ксаверава — барашка, Югася — птушку… Планавалася і ўрачыстае віншаванне, тэкст якога мусіў скласці нейкі Злопайла (Мацей Радзівіл). Каб набрацца адпаведнага паэтычнага натхнення, “пісар” патрабуе гляк піва, столік, пяро, паперу, пазней — гарэлкі і смажаных гусей. У выніку персанаж засынае, і астатнія сяляне вымушаныя вырашаць праблему. Але што з гэтага атрымалася, мы пакуль не ведаем: дзясятая, апошняя сцэна аднаактовай оперы абрываецца на самым цікавым месцы. 

РОЗНАЧЫТАННІ ДАТЫ ПАСТАНОЎКІ 

Як гаварылася вышэй, у друкаваным варыянце лібрэта згадвалася дата пастаноўкі оперы — 4 лістапада 1785 года. На гэты дзень прыпадалі імяніны Караля Радзівіла “Пане Каханку” і касцельнае ўшанаванне святога Караля (нябеснага патрона князя). У рукапіснай жа версіі не толькі дата іншая (4 лістапада 1786 года), але і назва трошкі адрозніваецца. Вось што напісана на першай старонцы лібрэта: “Opera pod tytulem Woyta osady albianskiey przez Familie Xiazat Radziwillow Nieswiezkich grana w Dzien Imienin Xsiazencia Karola Radziwilly Woiewody Wilenskiego w roku 1786 D: 4 Listopada w Nieswiezu. Ulozona i napisana przez Xiazecia Macieia Radziwilla Kasztelana”. Далей ідзе тлумачэнне, маўляў, Альба — вёска за Нясвіжам, блізу звярынца, у гэтым паселішчы кожны з прадстаўнікоў роду Радзівілаў меў асобную хатку з усёй гаспадаркай. Войтам жа асады быў сам Караль Радзівіл. 

Што да іншага года пастаноўкі (1786), выкажу толькі сумнеў у тым, што опера магла ўвасабляцца на сцэне двойчы. У спектаклі быў-такі нейкі элемент сюрпрызу, неспадзяванкі для Пане Каханку. Ёсць і больш сур’ёзны аргумент. Першым у спісе акцёраў пазначаны Геранім Радзівіл, якому дасталася роля лаўніка. Быў ён родным братам Мацея, а Каралю даводзіўся зводным. Як засведчыў пісьменнік Станіслаў Рэйтан, знаўца таямніц нясвіжскага двара, Караль, што не меў прамых спадкаемцаў, любіў Гераніма, як роднае дзіця: “Сынам яго сваім называў і намагаўся даць яму найлепшае выхаванне”. Калі Караль жыў у замку, то Геранім меў у цэнтры мястэчка палацык, крыты меднай бляхай (там быў тэатр), а насупраць, праз вуліцу, стаяў будынак канцылярыі (абодва разабраныя яшчэ ў ХІХ стагоддзі). Менавіта Геранім аднавіў тэатральнае жыццё Нясвіжа, а жонка яго, Сафія з роду Турн-і-Таксіс, была актыўнай завадатаркай танцавальных вечарын у замку. Геранім памёр 18 верасня 1786-га ў Нясвіжы, маючы толькі 28 гадоў. Па ўсёй верагоднасці, прычынай таму стала здрада Сафіі, якая збегла з музыкантам-гастралёрам, чэхам Янам Дзюсакам, вядомым кампазітарам і піяністам. 

АРГУМЕНТ 

Крайне сумнеўна, што літаральна праз месяц пасля смерці брата і “сына”, з якім звязваліся надзеі на далейшы росквіт роду Радзівілаў, Войт асады альбанскай, або У пошуках страчанай оперы Мацея Радзівіла Караль і ўся яго вялікая сям’я весела адзначылі імяніны князя. А адбывалася свята заўсёды шыкоўна, з урачыстымі набажэнствамі, з гудам званоў і гулам гармат (водгулле разносілася па ўсім ВКЛ) ды з разнастайнай праграмай забаўляльных імпрэз (у тым ліку з операмі і балетамі). 

Ды яшчэ 2 кастрычніка 1786-га пачаўся сойм у Варшаве, у апошні дзень якога, 13 лістапада, Пане Каханку патрабаваў ад караля перадачы Мацею Радзівілу вакантнай пасля смерці Гераніма пасады вялікага падкаморыя ВКЛ. Іншымі словамі, было не да баляванняў. Дарэчы, Караль Радзівіл ад караля Панятоўскага свайго ўсё ж такі дабіўся. 

КАЛІ ПРЭМ’ЕРА? Разважаючы падчас рэдакцыйнай планёркі пра персанажаў артыкула, я згадаў адну падзею. Здарылася яна 15 гадоў таму ў музычнай зале Саюза кампазітараў Беларусі на плошчы Свабоды. У той вечар аб’яднанымі высілкамі паэтаў Віктара Жыбуля і Веры Бурлак, нашай перформанс-суполкі “Механёры культуры” і гурта “Рацыянальная дыета” была падрыхтавана айчынная прэм’ера п’есы футурыста Ільі Зданевіча “Янко крУль албАнскай” (1916). Цяпер цяжка паверыць, што такая эксперыментальная пастаноўка, якая больш нагадвала перформанс, сабрала поўную залу, а некаторыя гледачы памятаюць даўнішні дзіўны марозны і снежны вечар і сёння. І думалася мне: а чаму б не прапанаваць супрацоўнікам нашай рэдакцыі папрацаваць над незавершанай операй Мацея Радзівіла “Войт асады альбанскай” — паставіць спектакль на роднай зямлі, толькі праз амаль 240 гадоў? Праўда, пакуль я разважаў, планёрка завяршылася, і думка агучана не была. Але ідэя прывілася. Хто ведае, якія плады яна прынясе найбліжэйшым часам. 

Напрыканцы хочацца шчыра падзякаваць даследчыцы і генеалогу Івоне Суднік за дапамогу ў пошуку рукапісу лібрэта забытай беларускай оперы. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ