“Аліўе” пад аліўе

Апублiкавана: 05 студзеня 2023 Стужка Кіно Мінск Соцыум

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Доўгачаканы навагодні беларуска-расійскі праект, мастацкі фільм “Аліўе”, прадставілі на суд гледачоў. Лёс карціне прарочаць шчаслівы: мяркуюць, што яна здольная засланіць савецкую кінакласіку! Ці зможа новая стужка паспаборнічаць за званне культавай і вярнуць айчынную публіку ў кінатэатры, хутка даведаемся: асноўныя паказы пачаліся 29 снежня. 

Здымкі карціны стартавалі ў лютым на “Беларусьфільме” і працягнуліся ў Маскве. Рэжысёрамі выступілі наш зямляк Ігар Чацверыкоў і расіянін Андрэй Нікіфараў. Масавыя сцэны стваралі ў самым вялікім павільёне нацыянальнай кінастудыі. Журналісты, якім давялося патрапіць на здымачную пляцоўку, з захапленнем пісалі: у афармленні сцэны было прадумана ўсё, нават узровень напою ў келіху і колькасць алівак на талерцы. Ці апраўданая такая ўвага да дробязей і ці не хацелі аўтары пад гэтай скрупулёзнасцю схаваць сюжэтныя недахопы — пытанні адкрытыя. У кінашэдэўры не можа расказвацца дрэнная гісторыя, і сцэнарная праблема ўсё яшчэ востра стаіць у сучасным сінема. Тым не менш рэжысёр Андрэй Нікіфараў запэўніў: фільм атрымаўся вельмі светлы, сямейны і актуальны. І сапраўды, стужак, што транслююць сямейныя каштоўнасці, на вялікіх экранах не хапае. А тэма бацькоў і дзяцей, да якой звяртаюцца аўтары, хаця і застаецца адвечнай, кожны раз гучыць па-новаму. 

— У нас усё як па Тургеневе, — распавядае акцёр Сяргей Шакураў, выканаўца галоўнай ролі. — І праз 100 гадоў, і праз 200 гэтыя пытанні будуць актуальныя. “Аліўе” — сямейная карціна. Хацелася, каб бацькі паглядзелі яе разам з дзецьмі. І, мабыць, убачылі сябе і задумаліся: бадай, не трэба так рабіць? Сучасныя дзеці, на жаль, бязлітасныя. Зараз яны нічога не баяцца… Гэтыя праблемы мы і адлюстроўваем. 

Фільм прысвечаны адной некалі дружнай сям’і, што пасля доўгай разлукі збіраецца напярэдадні Новага года за вялікім сталом. Але святочны вечар ператвараецца ў ноч нечаканых адкрыццяў: кожны адважваецца выказаць усё, што накапілася, і ўспомніць старыя крыўды. Ці паспеюць родныя людзі вырашыць праблемы, паразумецца і выбачыць адзін аднаго да наступлення Новага года? Напэўна, так, бо аўтары абяцаюць шчаслівы канец. 

Акрамя хэпі-энду, гледачоў чакае своеасаблівы сюрпрыз. Рэжысёры не баяліся эксперыментаваць, таму выкарысталі, як яны самі кажуць, “суперход” — спецыяльныя ўстаўкі ў жанры стэндапа. У кожнага героя карціны будзе маналог, прызваны раскрыць персанажа. Актрыса Івана- Тэрэза Дзіура, якая выканала ролю Любы, прызнаецца: такі прыём нідзе не бачыла і лічыць яго рызыкай. Ці спадабаецца публіцы? Тым больш у першапачатковай версіі маналогі былі вялікімі, прыйшлося скарачаць. Але артыстка таксама адзначае, што аўтар сцэнарыя Аляксей Зюзін добра справіўся з задачай: “І не скажаш, што жаночыя стэндапы пісаў мужчына. Яму ўдалося пранікнуць у галаву жанчыны і зразумець, чаго яна хоча”. 

Акцёрскі склад, дарэчы, падобны да сапраўднай сям’і. Рэжысёр Андрэй Нікіфараў з задавальненнем гаварыў, што “на здымачнай пляцоўцы адразу склалася творчая сям’я сярод герояў”. Галоўныя ролі выканалі Сяргей Шакураў, Ірына Пегава, Станіслаў Дужнікаў, Івана-Тэрэза Дзіура, Антон Дзянісенка, Ягор Сазыкін, Марына Пятрэнка, Алена Палянская, Вікторыя Разумоўская, Уладзімір Іваноў. Ірына Пегава — экранная Карына, якая становіцца каталізатарам канфлікту, — прызналася, што гераіню будзе цяжка палюбіць: “Я сама пакуль не палюбіла. Разумею, дзеля чаго яна ўсё робіць, але ўвогуле цяжка пераканаць гледача, што Карына таксама добры чалавек”. А вось Станіслаў Дужнікаў, які іграе Віктара, настроены пазітыўна: “Любая роля — гэта адкрыццё для мяне як для артыста. У ёй я жадаю нешта сказаць, праявіцца і атрымаць потым увагу публікі”. 

Спецыяльныя паказы фільма “Аліўе” да афіцыйнай прэм’еры прайшлі ў кінатэатры “Цэнтральны” ў межах пазаконкурснай праграмы “Лістапада”, а таксама падчас Дзён беларускага кіно ў Брэсце і Маладзечне. Мерапрыемствы былі дапоўненыя разважаннямі гледачоў пра важнасць сям’і. 

Яўгенія ГАБЕЦ