Беларускія рэчы — 2

Апублiкавана: 15 студзеня 2023 Стужка Бібліятэкі не указан Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Існуе стэрэатып, маўляў, імёнаў майстроў-рамеснікаў мінулых стагоддзяў захавалася няшмат — дакладней, наогул адзінкі. Гэта зусім не так. Імёны не страчаныя! А прычына таго, што не ўсе яны вядомыя, — у нашай няўважлівасці да спадчыны даследчыкаў ранейшых часоў. Спадчыны, якую ніхто не губляе і да якой дакрануцца не надта складана. 

УНІКАЛЬНАЕ ВЫДАННЕ 

Напісаць гэты артыкул мяне падштурхнула інтэрв’ю калегі Ільі Свірына з гісторыкам Андрэем Кіштымавым пра тых, “хто будаваў параходы і круціў колы часу” (гл. “К” №50, 2022). Менавіта там прагучала думка, што імёнаў даўнішніх рамеснікаў амаль не захавалася — засталіся адзінкі. Я згадаў кнігу, якую некалькі гадоў назад здабыў не без прыгод на адным польскім аўкцыёне. Пагартаўшы яе пажоўклыя старонкі, адчуў, што пытанне тых “адзінак” знікла назаўжды, што з’явілася вялікае жаданне дабіцца перавыдання даведніка ў Беларусі. 

Але спярша пагаворым пра аўтара кнігі, нашага земляка, архівіста да мозгу касцей. 

Яўзебій Лапацінскі, які паходзіў са старога беларускага роду, з’явіўся на свет 1 сакавіка 1882 года ў Кіеве, дзе бацька будучага навукоўцы працаваў адвакатам. Скончыў гімназію ў Рызе, а потым паступіў ва ўніверсітэт у Дорпаце (сёння Тарту). Далей была Вільня, а з 1911 года — праца ў аддзеле рукапісаў варшаўскай бібліятэкі Красінскіх. Менавіта тады малады архівіст пачаў захоўваць дакументы, карціны і многае іншае, фарміраваць уласны фонд, які ў 1914 годзе аказаўся проста велізарны. У часы Першай сусветнай збор быў страчаны. Пасля вайны, у 1918 годзе, Лапацінскі вяртаецца на радзіму і актыўна ўключаецца ў працэс ратавання фондаў віленскіх архіваў. Потым здарылася Савецка-польская вайна, і, калі межы ўсталяваліся, Лапацінскі вярнуўся ў Вільню і заняў пасаду віцэдырэктара Дзяржаўнага архіва. Далей быў перыяд напружанай працы, збору матэрыялаў па гісторыі ВКЛ і яго сталіцы. Галоўным кірункам дзейнасці стала назапашванне дакументаў пра творчых асоб, якія жылі ў межах Вялікага Княства. Новыя звесткі не толькі друкаваліся, але і рэгулярна агучваліся: у Вільні ў тыя часы існавала процьма розных таварыстваў, якія ладзілі ледзь не штотыднёвыя вечарыны-чытанні, што збіралі натоўпы цікаўных. Пасля Другой сусветнай вайны “апошні ліцвін” Лапацінскі рашае з’ехаць з радзімы ў ПНР. І літаральна адразу па ўладкаванні на новым месцы ён рыхтуе да друку працу ўсяго жыцця — “Materyaly do dziejow rzemosla artystycznego w Wielkim Ksiestwie Litewskim (XV—XIX w.)”, якая выходзіць у 1946-м у выдавецтве Дзяржаўнага інстытута гісторыі мастацтва і інвентарызацыі помнікаў (нямала цікавінак пра род і лёс Лапацінскага можна пачытаць у “К” №4, 5, 7, 9 за 2021 год). 

ВАЖКІ ТОМ 

У прадмове да кнігі (хутчэй, даведніка) вельмі аўтарытэтны ў навуковых колах архівіст і гісторык мастацтва сцвярджаў, што сабраныя ім матэрыялы былі ў большасці сваёй terra incognita, то-бок абсалютна не кранутым пластом. Згадваючы папярэднікаў, даследчыкаў гісторыі мастацтва ВКЛ, Лапацінскі сумленна і вельмі скрупулёзна прыводзіць уклад кожнага з іх. І выснова напрошваецца сама: нічога падобнага раней не выходзіла. Надае каштоўнасці ўнікальнай працы яшчэ тое, што выйшла яна крайне малым накладам і сёння з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю. Мяркую, далёка не кожны даследчык гісторыі мастацтва ВКЛ хаця б бачыў кнігу Лапацінскага, не тое што ёй карыстаўся. На жаль, няма даведніка ў Нацыянальнай бібліятэцы, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Акадэміі навук і, падаецца, у іншых кніжных скарбніцах Беларусі. А гэта сапраўды рарытэт, варты нават простага перавыдання! Пакуль жа звесткі, апублікаваныя Лапацінскім, актыўна выкарыстоўваюць, як мне бачыцца, літоўскія даследчыкі (напрыклад, Edmundas Laucevicius у рабоце Birute Ruta Vitkauskiene Lietuvos auksakalyste: XV—XIX amzius за 2001 год) і кропкава — айчынныя (Анатоль Цітоў. “Злотніцтва Беларусі. ХІІ — пачатак ХХ ст.”. 2020). 

БОЛЬШ ЗА ТЫСЯЧУ ІМЁНАЎ 

У даведніку, які мае 1125 пазіцый, імёнаў прыводзіцца значна больш, бо ў адным пункце можа расказвацца і пра некалькіх асоб. У асноўным гэта злотнікі розных часоў. Таксама ў спісе ёсць архітэктары, медыкі, мастакі, музыкі, арганісты, муляры, будаўнікі, сталяры, прафесары тых ці іншых навучальных устаноў, дзяржаўныя ўраднікі самых розных узроўняў і чыноўнікі магістратаў. Хоць праца і была прысвечана Вялікаму Княству Літоўскаму, яно не жыло за жалезнай заслонай, таму прысутнічаюць згадкі не толькі тамтэйшых ураджэнцаў, але і многіх творцаў, што траплялі на нашы землі з-за мяжы. Геаграфічна ў выданні прадстаўлена ўсё ВКЛ, але згадаю некаторыя гарады і мястэчкі, назвы якіх адразу кідаюцца ў вочы: Брэст, Ваўкавыск, Вільня, Вішнева, Віцебск, Гродна, Кобрын, Ліда, Ляхавічы, Магілёў, Мінск, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Пінск, Полацк, Ружаны, Слуцк, Цырын. 

Дарэчы, пачэснае месца № 1 у пераліку належыць нейкаму Сямянічу, надворнаму злотніку князя Юрыя Мсціслаўскага (магчымага ўдзельніка Грунвальдскай бітвы), якому гаспадар даў 3 мая 1456-га землі, што раней належалі баярыну Васілю Таўкачэвічу. Запіс за самы позні з прыведзеных у кнізе 1860 год таксама прысвечаны нашаму земляку — мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму, ураджэнцу Слонімшчыны (пазіцыя №1083). 

ПРЫХАВАНЫЯ ЦІКАВІНКІ 

Акрамя кароткіх біяграфічных нататак пра рамеснікаў, музыкантаў, мастакоў і іншых прадстаўнікоў творчага цэха, ёсць у працы вельмі цікавыя звесткі, якія дазваляюць глянуць на ўжо вядомых асоб пад трошкі іншым вуглом. Напрыклад, возьмем знакамітага мастака Яна Рустэма, які канкурыраваў з Юзафам Аляшкевічам за пасаду прафесара кафедры жывапісу Віленскага ўніверсітэта на пачатку ХІХ стагоддзя. 

Спынімся на № 1065. 1825— 1828 гады. “Падчашынскі (прафесар архітэктуры) і Рустэм (прафесар жывапісу) былі запрошаны як сябры камісіі па аглядзе ўнутранага стану віленскага касцёла Святога Яна. Па прапанове рэктара Пелікана кіраўніцтва ўніверсітэта запрасіла ў камісію прафесара Шымана Малеўскага, ксяндза Кундзіча, прафесара Палінскага і падпробашча ксяндза Грыневіча. Адзінадушна было вырашана не рэстаўраваць інтэр’ер, але, хоць кошт прац і будзе вялікі, радыкальна перарабіць, бо касцёл занадта цёмны, пануры, штукатэрыі (аздабленне са штукавай масы) і разьба брудныя. І што самае важнае, барочны стыль цалкам не адпавядае не толькі густам сяброў камісіі, але і шырокіх народных мас. Адпаведна плану, створанаму прафесарам Падчашынскім, было знішчана 13 разных алтароў з фігурамі, амбон, аздоблены разьбой па дрэве і разнымі фігурамі, і цалкам збіта штукатэрыя (фігуры і аздабленне) з калон і сцен на вышыню 20 аршынаў (каля 15 метраў). Вывезенага друзу было агулам 2190 параконных вазоў (65 з калоны, 140 з алтара)… Кошт прац склаў 6022 рублі”. Тады ж былі забеленыя і фрэскі ў італьянскім стылі на столі. Падчас работ (№ 1070 за 1827 год), кіраўніцтва ўніверсітэта стварыла камісію для продажу прадметаў з касцёла Святога Яна (усе асобы ўжо вядомыя). Кошты скульптуры і абразоў, якія прадаваліся на аўкцыёнах, устанаўліваў Рустэм. 

Вельмі спадзяюся, што дакументацыя бульдозернай рэстаўрацыі, аўкцыёну захавалася, і гісторыя гэтая калі-небудзь заззяе ўсімі фарбамі спектра. 

СПАДЧЫНА АРХІВІСТА 

Акрамя выдадзеных “Матэрыялаў”, у варшаўскім Krajowym Osrodku Badan i Dokumentacji Zabytkow (KOBiDZ) захоўваецца 120 тэчак іншых дакументаў архівіста, якія прадстаўляюць вялікую цікавасць для беларускіх гісторыкаў. Ёсць там, напрыклад, апісанне званоў, перададзеных СССР Польшчы пасля 1923 года. Мяркую, гаворка вядзецца пра званы з Усходняй Беларусі. А вось архіў роду Лапацінскіх даследчык пакінуў у Вільні, у сталіцы краіны, якой прысвяціў усё жыццё, — Вялікага Княства Літоўскага. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ