У родных традыцыях — наша будучыня

Апублiкавана: 15 студзеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня ўручыў прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльныя прэміі “Беларускі спартыўны Алімп”. Лідар выступіў на ўрачыстай цырымоніі з віншаваннем лаўрэатаў. 

— Дарагія сябры! Сённяшні вечар — працяг самага светлага, самага сямейнага і прыгожага свята Раства. Прэміі, якія штогод уручаем у гэтыя зімовыя дні, — даніна спрадвечным традыцыям, што звязваюць эпохі і пакаленні. Даніна духоўнай сіле беларусаў— мудрых, працавітых, тых, якія любяць родную зямлю і шануюць продкаў. 

Больш як чвэрць стагоддзя таму мы ўшаноўвалі першых лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Тады мы нават падумаць не маглі, з якімі выклікамі сутыкнёмся ў барацьбе за сваю духоўнасць, за сваю гістарычную спадчыну і за свой уклад. І не ўяўлялі, наколькі актуальная будзе традыцыя ўзнагароджваць людзей, якія прысвяцілі сябе высакароднай справе— захаванню нашых духоўных вытокаў. 

Але мы заўсёды ведалі, а сёння асабліва востра ўсведамляем, што ўсе створаныя беларускім народам матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці — гэта і ёсць тыя скрэпы, на якіх зараджалася і развівалася нацыянальная дзяржаўнасць. 

Яны ў працах першых асветнікаў беларускай зямлі, у пабудаваных нашымі зодчымі храмах, палацах і музеях, у шэдэўрах музыкі, жывапісу, паэзіі і прозы, створаных нашымі таленавітымі суайчыннікамі. 

Яны ў подзвігах народа-пераможцы, які падарыў нам мір, незалежнасць, само права жыць; народа-працаўніка, які адрадзіў абпаленую агнём вайны родную зямлю. 

Мы бачым іх у праваслаўі, якое больш за тысячу гадоў таму аб’яднала славян у старажытную дзяржаву, навучыла міласэрнасці, міралюбнасці і любові да бліжняга. 

Сёння мы разумеем, што нацыянальныя культуры і традыцыі нельга падагнаць пад адзіны стандарт, што свет прыгожы ў сваёй разнастайнасці. 

І не проста разумеем, а пацвярджаем гісторыяй сваёй дзяржавы, дзе больш за сотню гадоў людзі розных веравызнанняў і этнічнага паходжання жывуць у згодзе, робячы нас усіх духоўна багацейшымі. А дзе згода і павага — там і мір. 

Мы таксама ўсведамляем, што наш прыклад— гэта рэальны выклік праекту глабальнай уніфікацыі пад ультрамодныя каштоўнасці і так званыя трэнды, навязаныя ўсяму свету. 

Разумеем, што за гэтай культурнай экспансіяй — як яе яшчэ называюць, “мяккай” — надыходзяць зусім не мяккія, я нават сказаў бы, вельмі жорсткія для незалежных дзяржаў наступствы: страта дзяржаўнасці і суверэнітэту. Страта сябе як народа. 

Таму трэба памятаць, што ад таго, як мы беражом чысціню роднай мовы, якія святы і сімвалы ўпускаем у свой дом, залежыць будучыня нашых дзяцей. 

Калі хочам, каб яны жылі на сваёй зямлі свабодна і незалежна, як мы, то павінны ў першую чаргу навучыць адрозніваць родныя традыцыі ад чужародных. 

Таму штогадовая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў прэмій года перш за ўсё — гэта знак прызнання ўсіх, хто працуе на гуманітарнай і культурнай ніве, хто захоўвае нашы духоўныя вытокі. 

Без перабольшання, у пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ваша роля таксама з’яўляецца вядучай. 

Паважаныя лаўрэаты прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама прэміі “Беларускі спартыўны Алімп”! Вашы творчыя дасягненні — гэта жыватворная крыніца, якая напаўняе скарбніцу нацыянальнай культуры. 

Я добра ведаю: усё, што вы робіце, — гэта не дзеля ўзнагарод ці матэрыяльнага прыбытку. Ваш прафесійны і жыццёвы шлях абраны вашым сэрцам. А таму вы, як ніхто іншы, вартыя высокага прызнання і глыбокай павагі людзей. 

Сваімі духоўнымі, творчымі і прафесійнымі дасягненнямі вы ствараеце будучыню нашай Беларусі. Шчыра ганаруся вамі і ад усёй душы ўдзячны за вашу працу. 

З асаблівай павагай я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра сённяшніх лаўрэатаў. Пра гэтых апантаных сваёй справай людзей, якія ўласным прыкладам усталёўваюць ідэалы міласэрнасці і дабрыні ў сучасным грамадстве, выхоўваюць патрыётамі падрастаючае пакаленне, перадаюць яму вялікую і шчырую любоў да роднай зямлі. 

Рэалізуючы сацыяльна значныя культурныя і адукацыйныя праекты, вы дапамагаеце зберагчы гістарычную праўду і спрадвечную спадчыну беларускага народа. 

Прэміяй “Беларускі спартыўны Алімп” адзначаюць тых, хто падняўся на вяршыню спартыўнага майстэрства, пацвердзіў свой найвышэйшы клас медалямі на найважнейшых спаборніцтвах. Хто прысвяціў сваё жыццё выхаванню атлетаў і атрымлівае высокія вынікі сваёй працы. 

Паважаныя лаўрэаты! Мне вельмі прыемна павіншаваць вас з такімі высокімі ўзнагародамі. Няхай гэтыя прэміі стануць не толькі яскравым вынікам мінулага года, але і стымулам для новых дасягненняў і перамог у імя росквіту любімай Беларусі. 

У гэты ўрачысты момант я жадаю вам міру, дабра, здароўя, новых поспехаў на карысць роднай краіны, творчых знаходак і спартыўных перамог у новым, 2023 годзе. 

Са святам, дарагія сябры!