З цяплом і павагай

Апублiкавана: 13 студзеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Акцыя “Ад усёй душы” аб’яднала беларусаў у высакароднай справе дапамогі старэйшаму пакаленню. Па ўсёй краіне ўдзельнікі дабрачыннага праекта наведваюць адзінокіх пажылых людзей, каб атуліць іх увагай і цяплом. 

Міністэрства культуры далучылася да марафону дабра: 11 студзеня першы намеснік міністра Валерый Грамада пабываў у гасцях у пастаяльцаў Аршанскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. 

— Рэспубліканская акцыя “Ад усёй душы” — чарговае сведчанне ўвагі і клопату аб старэйшым пакаленні, падзяка за яго ўклад у развіццё нашай краіны,— адзначыў Валерый Грамада. — У рамках гэтай акцыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праводзіць свой праект “Майстры мастацтваў — ветэранам”. 

Акрамя каштоўных падарункаў ад ведамства, апекаванцы дома-інтэрната атрымалі творчы сюрпрыз — святочны канцэрт, у якім паўдзельнічалі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Сяргееў, актрыса, спявачка, тэлевядучая Аляксандра Гайдук і папулярная група ByCity. Парадавалі гледачоў сваімі выступленнямі і юныя артысты Моладзевага тэатра эстрады ды салісты Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна

Да марафону бескарыслівай дапамогі здольны далучыцца кожны. Акцыя “Ад усёй душы” працягнецца да канца тыдня, аднак падзяка пажылым людзям і падтрымка для іх на гэтым не скончацца.