Паштовы раман Анарэ дэ Бальзака

Апублiкавана: 17 студзеня 2023 Стужка Бібліятэкі не указан Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

“Каханне” славутага творцы і княжны Эвеліны Ганскай, “каханне”, якое цалкам змяніла лёс Бальзака, чырвонай лініяй праходзіць праз любое з біяграфічных выданняў пра пісьменніка (і нават было не раз адлюстравана ў кіно!). А вось тое, што асоба, якая перакуліла свет Бальзака, Эвеліна Ганская, мае беларускае паходжанне і з’яўляецца сваячкай Тадэвуша Рэйтана, застаецца малавядомым фактам. Мае дачыненне да гэтай гісторыі і род Манюшкаў, бо сястра Эвеліны Аляксандра — цётка Станіслава, знакамітага кампазітара.

РАМАН У 414 ЛІСТАХ 

Менавіта столькі Анарэ дэ Бальзак адправіў Эвеліне Ганскай за васямнаццаць гадоў знаёмства. Дарэчы, ініцыятарам першага кантакту быў не ён. 28 лютага 1832 года парыжанін Бальзак атрымаў ліст з Расіі. На сургучнай пячаці быў выціснуты герб Diis ignotis, а сам ліст падпісаны толькі адным словам “Іншаземка”. Ліст, поўны захаплення творцам, як высветлілася пазней, належаў пяру княжны Эвеліны Жавускай, жонкі валынскага маршалка Вацлава Ганскага. Прычым, як лічыцца, пісьмо створана ў якасці гульні. І Бальзак гульню падтрымаў. З таго моманту думка ажаніцца з “Іншаземкай”, уласніцай тысяч прыгонных душ і дзясяткаў тысяч гектараў зямлі, стала для Анарэ ідэяй фікс. Праўда, за шаснаццаць гадоў (з 1832 па 1848) Бальзак і Ганская бачыліся толькі чатыры разы. Першая іх сустрэча, падрыхтаваная па ўсіх законах канспірацыі, ледзь не стала апошняй. Пісьменнік, як вядома, меў не толькі простае паходжанне, але і не самую прэзентабельную знешнасць. Сапраўды было ад чаго прыйсці ў адчай даме з вышэйшага свету, княжне, графіні, праўнучцы французскай каралевы Марыі Ляшчынскай, жонкі Людовіка XV. Але сувязь працягнулася і завяршылася шлюбам 2 (14) сакавіка 1850 года. Колькі ў “каханні” было шчырасці, а колькі разліку, распавядуць кожнаму цікаўнаму біёграфы Бальзака, не менш вядомыя, чым ён, пісьменнікі Ан¬ дрэ Маруа і Стэфан Цвэйг. Тройчы звярталіся да гэтай тэмы і рэжысёры з розных краін. Першай выйшла савецкая стужка “Памылка Анарэ дэ Бальзака” (УССР, 1968). За ёй — серыял “Вялікае каханне Бальзака” (Францыя — Польшча, 1973) з Беатай Тышкевіч у ролі Ганскай. Амаль праз чвэрць стагоддзя нарадзіўся і міні-серыял “Бальзак” (Францыя, 1999), дзе галоўную ролю выканаў вядомы акцёр Жэрар Дэпардзьё. А ўжо колькі з’явілася невялічкіх публікацый або дакументальных ролікаў пра пачуцці французскага рэаліста... 

ШПІЁНСК І ДЭТЭКТЫЎ? 

У 2011 годзе расійскі пісьменнік Уладзімір Шыгін выпусціў даволі цікавую кнігу “Тайный сыск генерала де Витта”. Яна, як падаецца, многае тлумачыць у няпростых адносінах “закаханых” і паказвае сувязь Бальзака і Ганскай як вынік дзейнасці расійскай тайнай паліцыі. У маштабным палітычным дэтэктыве ўдзельнікамі вольнымі і міжвольнымі сталі паэты Адам Міцкевіч і Аляксандр Пушкін, агентэса тайнага вышуку Караліна Сабаньская (сястра Ганскай), яе брат Адам, расійскі генерал-кавалерыст, сястра Аляксандра (жонка Аляксандра Манюшкі, дзядзькі кампазітара Станіслава), сястра Паўліна, дзекабрысты, дзясяткі асоб тагачаснай расійскай і еўрапейскай эліты. Таксама — Напалеон, паўстанцы 1831 года і многія, многія іншыя. Галоўным жа “кухарам”, які адказваў за стравы на гэтым застоллі, быў расійскі генерал ад кавалерыі, шпіён па клічы сэрца Іван Осіпавіч дэ Віт (“человек, вполне созревший для виселицы”, як аб ім сказаў вялікі князь Канстанцін). 

Бацька Івана Осіпавіча быў камендантам галоўнай паўднёвай фартэцыі Рэчы Паспалітай у Камянцы- Падольскім, а дзед — архітэктарам. У Рэч Паспалітую дэ Віты перабраліся з Нідэрландаў у 1672-м. Пасля таго сваякоў дэ Вітаў, Яна і Карнеліуса, патрыётаў і кіраўнікоў краіны, забілі без суда і следства п’яныя гараджане, за якімі стаялі аранжысты, палітычныя апаненты дэ Вітаў. Гэта пачварная гісторыя (з элементамі канібалізму) пакінула след у творчасці пісьменніка Аляксандра Дзюма-бацькі (“Чорны цюльпан”) і была экранізавана ў 2015-м (у беларускім пракаце фільм ішоў пад назвай “Адмірал”). Увогуле, 1672-і ўвайшоў у гісторыю як “год бедстваў”. 

“Подзвігі” Івана дэ Віта вельмі добра апісаны ў згаданай кнізе Уладзіміра Шыгіна. Аўтар называе дэ Віта Штырліцам ХІХ стагоддзя, але такое параўнанне недарэчнае. Кінематаграфічны Штырліц — прыклад высокамаральнага жыцця і служэння ідэі. Дэ Віт у гэтым плане быў поўнай супрацьлегласцю. Не складана знайсці ва ўспамінах сучаснікаў дэ Віта згадкі пра яго. Складана адшукаць добрае слова. 

ДЭ ВІТ, ЖАВУСКІЯ, МАНЮШКІ 

Дэ Віт, які ажаніўся па разліку з княжной Любамірскай, доўгія гады быў неафіцыйным мужам Караліны Сабаньскай і выкарыстоўваў яе ў якасці шпіёнкі. Сачыла шляхцянка за многімі, у тым ліку за Міцкевічам і Пушкіным (і некаторы час з’яўлялася іх музай). Магчыма, менавіта яна параіла Ганскай завязаць раман з Бальзакам, бо, паводле Шыгіна, для Расійскай імперыі было вельмі карысна мець свайго чалавека ў Парыжы — горадзе, вядомым у тыя часы антырасійскімі настроямі. Але не толькі Сабаньская служыла Івану Осіпавічу. Згаданы вышэй яе брат Адам, які адзначыўся ў вайне 1831 года, доўгі час быў ад’ютантам гэтага “годнага” чалавека. Паўліна, малодшая сястра Караліны, былая каханка дэ Віта, стала другой жонкай сербскага гандляра Івана Рызніча (першая, Амалія Рызніч, муза Пушкіна, памерла маладой), які меў з расійскім генералам некаторыя сувязі. 

Згадаць варта і Аляксандру, малодшую сястру Караліны і Эвеліны, якая стала жонкай Аляксандра Манюшкі (дзядзька Станіслава Манюшкі), гаспадара маёнтка Алесіна пад Мінскам. Паводле Шыгіна, адна з дачок Манюшкаў разглядалася маці ў якасці кандыдаткі ў жонкі Бальзака, калі паміж пісьменнікам і Ганскай адносіны часова пахаладнелі. А па распаўсюджанай версіі да намераў Ганскай выйсці замуж за Бальзака Аляксандра Манюшка ставілася вельмі адмоўна, як магла супраціўлялася гэтаму. Цікава яшчэ і тое, што Ратынскі, пленіпатэнт (чалавек, які меў даверанасць на вядзенне спраў) Аляксандры, пакуль яна з дочкамі была за мяжой, з нейкай прычыны пакляўся “знішчыць род Манюшкаў” (джала было скіравана супраць бацькі кампазітара і яго сям’і). 

Можа, таму пісьменнік і грамадскі дзеяч Генрык Жавускі (старэйшы брат Сабаньскай і Ганскай) неяк сказаў: “Я б аддаў усіх сясцёр, каб не мець братоў”. Хоць і сам Генрык быў небездакорны, ёсць на яго рахунку добрае. Напрыклад, менавіта ў маёнтку Жавускага ў Чуднаве апошнія і самыя шчаслівыя гады пражыў наш зямляк Ян Баршчэўскі. Генрык Жавускі натхніў Міцкевіча напісаць паэму “Пан Тадэвуш”, а сам стварыў бестселер таго часу “Гавэнды Сапліцы” і раман “Лістапад”, у якім спрабаваў рэабілітаваць імя свайго родзіча Караля Радзівіла “Пане Каханку”, вядомага не самымі прыгожымі ўчынкамі. 

ШМАТ ТАЯМНІЧАГА, ШМАТ ЯЎНАГА 

Сапраўды, заблытаная гісторыя. Але ўпэўнена можна сказаць наступнае. Калі б у 1739 годзе ў мінскай катэдры не ўзялі шлюб бацькі Тадэвуша Рэйтана Дамінік Рэйтан і Тарэза з Валадковічаў, то ў 1751 годзе не з’явілася б на свет іх дачка Марта-Марыяна. У 1775-м яна б не выйшла замуж за Ёахіма Рдултоўскага і не нарадзіла б яму дзяцей — Юстыну і Караліну. Калі б Ёахім не памёр заўчасна, дочкі не засталіся б сіротамі на выхаванні ў дзядзькі — Хрызастома Рдултоўскага. І тады Юстыну, яшчэ зусім дзяўчынку (але спадчынніцу велізарнага маёнтка), не выкраў бы Адам Жавускі (сваяк Рдултоўскіх, Радзівілаў і французскіх каралёў). Калі б гэтага не здарылася, то не нарадзіліся б Караліна, Эвеліна, Аляксандра і іншыя. І дакладна не было б паштовага рамана, які цалкам змяніў жыццё Анарэ дэ Бальзака, аўтара серыі твораў “Чалавечая камедыя”. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ