Ноч перад Калядамі

Апублiкавана: 17 студзеня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Тэатральныя прэм’еры заўжды выклікаюць цікавасць. А пастаўленыя маладымі рэжысёрамі — двайную. 

У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек з’явілася гогалеўская “Ноч перад Калядамі”, прычым у беларускамоўным перакладзе, што дало магчымасць скарыстаць менавіта нашы песні-калядкі. Здача спектакля адбылася яшчэ ўлетку перад адпачынкам. Але ў новым сезоне пастановачная каманда настолькі кардынальна перарабіла многія рэчы, што на прэм’еры паказалі практычна новы спектакль. 

Побач з узрушальнымі, нярэдка прынцыпова новымі па эстэтыцы творчымі працамі Аляксея Ляляўскага, яго выхаванцаў Яўгена Карняга, Ігара Казакова, Аляксандра Янушкевіча ды іншых пастановачны вопыт Кацярыны Кошалевай (Трафімук) толькі пачынаецца. У сваёй першай спробе яна выступіла адначасова аўтарам інсцэніроўкі, рэжысёрам і кампазітарам — у тандэме з цудоўным мастаком Таццянай Нерсісян. Адштурхнуўшыся ад заснежана-зімовых краявідаў, тая ператварыла ў белыя пухнатыя гурбы нават сялянскія хаціны. Моцны, яркі фальклорны пачатак увасоблены таксама праз ваджэнне мядзведя з казой, у якіх артысты пераапранаюцца, начапіўшы вялізныя маскі. Масавасць народных гульбішчаў ствараецца за кошт адначасовага ўдзелу артыстаў і характарна каларытных лялек, якіх акцёры трымаюць у руках. Падобны ход асацыюецца з адначасовым сумяшчэннем двух планаў у кінамастацтве. Лірычная лінія пры такім раскладзе выглядае больш блякла, непераканаўча, рэзка запавольвае тэмпарытм, не насычаючы яго неабходнай унутранай энергетыкай. Але ж усё выратоўвае Чорт (Валерый Зяленскі): менавіта ён становіцца галоўным рухавіком дзеяння. Справа не толькі ў маленькіх і вялікіх пачварствахвесялосцях — ад раптоўнага выскоквання са снегу да выкрадання Месяца. 

Спектакль пабудаваны так, што ўсё неверагоднае падарожжа па царскія чаравічкі і асабліва сустрэча Вакулы з царыцай становяцца чарговым выяўленнем чартаўшчыны: гэта не рэальныя падзеі, хай і падстроеныя нячысцікам, а ўяўныя — гаворачы сучаснай мовай, віртуальныя. Да падобнага прачытання скіроўвае і туманнасць пецярбургскіх вуліц, і няяснасць постаці, безаблічнасць імператрыцы: мы бачым толькі яе доўгія ногі, створаныя з бела-туманна-празрыстых завесаў задніка і абутыя ў боцікі на абцасіках. Не паказваюць нам і атрыманых чаравічкаў: іх бачаць толькі дзейныя асобы спектакля, прыадчыняючы скрыначку. Хто паручыцца, што гэта не д’ябальскі падман вока? Але ж не чорны, а выбелены добрым гумарам. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ