Навагодняе дзіва сваімі рукамі

Напярэдадні свята нашы сэрцы заміраюць у чаканні казкі... Зрабіць цуд уласнаруч здольны Максім Ермаковіч. Малады творца без чароўнай палачкі падорыць навагодні настрой і падзеліцца сакрэтам майстравання вітражоў у тэхніцы “Тыфані”. 

З ПЭНДЗЛІКАМ У КАЛЫСЦЫ 

Наш герой нарадзіўся ў сям’і мастака, і не дзіўна, што з дзяцінства захапляўся маляваннем. Як падкрэслівае Максім, “атмасфера ў майстэрні з маленства запала ў душу”. Пасля каледжа юнак паступіў у профільную ВНУ: 

— Маёй спецыяльнасцю ў БДАМ стала манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, дзе якраз вучаць рабіць роспісы, вітражы, мазаікі, афармляць памяшканні. 

Студэнт праводзіў усе свабодныя хвіліны ў майстэрні, жадаючы максімальна ўдасканаліцца ў сваёй справе: 

— Паўгода таму я скончыў Акадэмію мастацтваў, але асэнсаванне атрыманых ведаў працягваецца дагэтуль. Набыў годны багаж уменняў: не толькі малюю, але і працую са шклом, мазаікай, звяртаюся да розных тэхнік афармлення інтэр’ераў. Цешыць, што ў свае 26 у творчай скарбонцы маю багата навыкаў. Часта чую, маўляў, шэсць гадоў навучання ў акадэміі — занадта. Але ж увесь гэты час ты можаш задарма карыстацца майстэрняй, паляпшаць прафесійныя кампетэнцыі — у такім раскладзе прасочваюцца адны толькі плюсы. 

ЦІКАВЫЯ СУСТРЭЧЫ І ВАНДРОЎКІ 

Сёння Максім Ермаковіч — удзельнік шматлікіх выстаў, што праходзілі як у галерэі Акадэміі мастацтваў, так і па ўсёй Беларусі: салоны, арт-экспазіцыі, лакальныя падзеі. Адным з самых яркіх конкурсных успамінаў для творцы сталі пленэры ў Кыргызста¬ не, дзе Максім пабываў два разы. Адметнасць гэтага мерапрыемства ў тым, што яно збірае студэнтаў мастацкіх ВНУ з усяго былога СССР. Падчас вандроўкі па іншай краіне навучэнцы абменьваюцца досведам, ездзяць па самых прыгожых кутках Цэнтральнай Азіі і, вядома, малююць краявіды. 

ПЕРШАЕ РАБОЧАЕ МЕСЦА 

Сёння былы студэнт працуе па размеркаванні на Мастацкім камбінаце ў Мінску. Прадпрыемства афармляе інтэр’еры і экстэр’еры, у тым ліку на дзяржаўных аб’ектах. Работнікі яго зацікаўленыя ў новых кірунках развіцця. 

Вырабы, якія выглядаюць просценька і міленька, — насамрэч вялікая праца і адбітак шматгадовага досведу

— У мае абавязкі ўваходзіць праца са шклом у тэхніцы “Тыфані”, якая дазваляе ствараць не толькі вялікія прадметы, напрыклад вітражныя вокны, але і падарункавую прадукцыю. Сувеніры можна прадаць у крамах пры галерэях і музеях. Паралельна праводжу майстар-класы на Мастацкім камбінаце. На занятках госці разумеюць, што вырабы, якія выглядаюць просценька і міленька, — насамрэч вялікая праца і адбітак шматгадовага досведу. 

ДА СВЯТА ПРАЗ МАСТАЦТВА 

Перад Новым годам наш герой пачаў майстраваць адмысловыя вітражы. 

— Ідэі для цацак на паверхні: Дзяды Марозы, Снягуркі, ахутаныя белым покрывам хаткі, снегавічкі — усё гэта прапускаю праз уласнае ўспрыманне і стылізую. Час падрыхтоўкі ўпрыгожанняў вар’іруецца ад адной да трох гадзін і залежыць ад складанасці элементаў. Праца ў тэхніцы “Тыфані” пачынаецца з эскіза, які наразаецца на папяровыя шаблоны і потым пераносіцца на шкло. Далей аддзяляем дэталі шкларэзам па лініях — і абточваем на спецыяльным станку. Пасля выраб абклейваецца меднай стужкай, фрагменты змацоўваюцца алавяным прыпоем па швах. На завяршальным этапе ўсё зачышчаецца і ў залежнасці ад задумы застаецца серабрыстым або фарбуецца ў іншы колер. 

У спісе жаданняў, якія Максім загадаў на 2023 год, — асвоіць ф’юзінг, тэхніку спякання шкла. А яшчэ ў планах хлопца ўдзельнічаць у выставах і безупынна ўдасканальвацца, каб нарэшце стаць сапраўдным мастаком. Газета “К” зычыць маладому таленту працаваць з такім жа імпэтам і надалей развіваць непаўторны творчы почырк. 

Настасся ЮРКЕВІЧ