Навінкі ў парадным строі

Апублiкавана: 10 студзеня 2023 Нам пішуць Музеі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Прадметы побыту, інтэр’ера, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалогіі, нумізматыкі, а таксама адзенне, аксесуары, зброя, кнігі — больш за 2000 адзінак захоўваецца ў асноўным фондзе музея “Замкавы комплекс «Мір»”. Разнастайныя па тэматыцы калекцыі летась узбагаціліся новымі каштоўнасцямі. 

Скарбніца ўстановы папоўнілася 105 аб’ектамі, і значная іх частка ўвайшла ў калекцыю “Узбраенне”. Музей набыў 59 адзінак параднай халоднай зброі ХІХ—ХХ стагоддзяў: еўрапейскія, амерыканскія, японскія шпагі і шаблі, кавалерыйскія палашы, шашкі, штыкі, масонскія цырыманіяльныя мячы і іншае. Убачыць усё гэта можна ў часовай экспазіцыі “МІРная зброя”. Назва невыпадковая: наведвальнікі часта параўноўваюць замак з ваяром не ў баявой форме, а менавіта ў параднай, што звязана з прыгажосцю і велічнасцю абарончага будынка. 

Сярод набыткаў — і два вельмі каштоўныя шаўковыя поясы, якія пашырылі калекцыю “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Дзякуючы экспертызе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, высветлілася, што гэтыя прадметы з’яўляюцца магчымымі вырабамі кракаўскіх мануфактур і адносяцца да канца XVIII стагоддзя. Раней жа ў мірскіх зборах захоўваліся толькі фрагменты паясоў французскай вытворчасці. 

У свой час на нашых землях бытавалі розныя паясы: усходнія, заходнееўрапейскія, мясцовыя. Дарэчы, Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку” насіў прывезеныя з Персіі, Асманскай імперыі, Кітая, напрыклад “пояс перскі з золатам…”, “пояс кітайскі белы…”, “пояс турэцкі цёмна-аліўкавы ў кветачкі…”. У гардэробе Пане Каханку яшчэ былі “пунсовы парыжскі…”, “французскі зялёны…”. Канешне, Радзівіл не мог абысціся і без “айчынных”. У сярэдзіне XVIII стагоддзя паясы выраблялі ў многіх гарадах і мястэчках Рэчы Паспалітай: Слуцку, Ружанах, Гродне, Гданьску, Кракаве… Аднак напрыканцы XVIII стагоддзя аксесуар пачаў выходзіць з ужытку. 

Сёння паясы з’яўляюцца ўнікальнымі творамі дэкаратыўнага мастацтва, а таксама прадметамі калекцыянавання. Наведвальнікі хутка ўбачаць нядаўна набытыя экспанаты. Музейная праца не стаіць на месцы: калекцыі актыўна папаўняюцца аб’ектамі, якія дазваляюць лепш зразумець гісторыю Мірскага замка і яго ўладальнікаў. 

Вераніка КРАСОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс «Мір»”