Скарбам — дарога дамоў

Апублiкавана: 18 студзеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Тэндэнцыя

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Драматычныя падзеі беларускай мінуўшчыны прывялі да таго, што многія нашы каштоўнасці аказаліся па-за межамі краіны. Сёння дзяржава працуе над тым, каб выявіць, вярнуць, увесці ў навуковы і культурны ўжытак гэтыя залацінкі. “К” высветліла, якія артэфакты ўжо з’явіліся на радзіме. 

За апошнія два гады ў Беларусь вярнулі 24 арыгінальныя культурныя каштоўнасці. Цяпер яны захоўваюцца ў айчынных музеях і архівах. Адметна, што яны не затрымліваюцца ў запасніках. Да прыкладу, твор Шрагі Царфіна “Дзяўчынкі і кветкі”, які раней знаходзіўся за мяжой, стаўся перлінай нядаўняй выставы “Невядомае пра вядомае. Пра што кажуць кветкі” ў Нацыянальным мастацкім музеі. 

Палімерная копія Кубка Святой Ядвігі

Некаторыя каштоўнасці чакаюць апрацоўкі адмыслоўцамі, як дакументы тэатральнага рэжысёра Льва Літвінава і мастака Абрама Рабкіна. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва атрымаў абодва зборы ў дар ад даследчыцы з Германіі Ірыны Герасімавай. Таксама бескаштоўна наша краіна атрымала альбом нот канца ХІХ стагоддзя з творамі Станіслава Манюшкі і іншых кампазітараў. Гэта падарунак Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Мюнхене Андрэя Кулажанкі Нацыянальнаму гістарычнаму музею. Акрамя таго, у спісе набыткаў апошніх гадоў — чатырохчасткавы абраз для Веткаўскага музея, фатаграфіі Віцебска часоў нямецка-фашысцкай акупацыі для абласнога краязнаўчага музея і калекцыя прадметаў этнаграфіі для Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава. 

“МЯККАЯ” РЭСТЫТУЦЫЯ 

Атрымаць арыгінальныя прадметы з замежных калекцый даволі складана, і ў гэтай сітуацыі дапамагаюць тэхналогіі. Выратаваннем становіцца так званая мяккая рэстытуцыя, калі айчынным установам замежнікі перадаюць копіі і рэпрадукцыі. Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, за апошнія два гады ў нашу краіну адправілі 1414 электронныя копіі і 777 лічбавых выяў каштоўнасцей беларускага паходжання. 

Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Максіма Макарава, лічбавыя копіі высокай якасці дазваляюць атрымаць амаль такі ж аб’ём інфармацыі, што і арыгіналы. Сканы ўключаюць у адмысловая калекцыі, пасля чаго матэрыялы даступныя даследчыкам у чытальнай зале. Да таго ж копіі адыгрываюць важную ролю ў распрацоўцы дзвюх навуковых тэм, зацверджаных вучоным саветам архіва. Віцебскія земская і падкаморская кнігі XVII стагоддзя дагэтуль заставаліся па-за ўвагай беларускіх даследчыкаў, бо некалі апынуліся ў прыватнай бібліятэцы, а пазней у перыферыйным расійскім архіве. А лічбавыя кнігі актавай кнігі Пінскага гродскага суда 1668—1669 гадоў, атрыманыя з Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў, выкарыстаюць пры складанні трэцяга тома зборніка “Расія і беларускія землі”.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ЛІЧБЕ

Музей “Замкавы комплекс “Мір” атрымаў з-за мяжы алічбаваныя старонкі рукапіснага ілюстраванага Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя. Яно створана ў царкве вёскі Вялікія Жухавічы на тэрыторыі цяперашняга Карэліцкага раёна прэсвітарам Лукашам. Пісаная выразным паўуставам, кніга цікавая сваім пасляслоўем у двух варыянтах — на беларускай і польскай мовах. Адметнае яно тым, што аўтар піша пра звычайныя справы і сябе, што было вынікам рэнесанснай ідэалогіі. Як пісаў прафесар Аляксей Пяткевіч, маналог уяўляе сабой літаратурны твор, у якім вытрыманыя характэрныя для гэтага жанру формулы. 

Факсімільныя варыянты арыгінальных асобнікаў адначасава дапамагаюць ўтрымліваць у больш прыдытным стане старадрукі і рукапісы і дазваляюць вяртаць, знаёміцца, вывучаць і даследаваць каштоўныя кніжныя рарытэты праз адпаведныя копіі з захаваннем іх якасцей.

Да Першай сусветнай вайны Евангелле захоўвалася ў царкве Вялікіх Жухавічаў, а пазней у аддзеле рукапісаў і друкаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Пасля стварэння Літоўскай ССР установа перайшла ў падпарадкаванне Акадэміі навук, а пасля была канчаткова закрыта. Такім чынам, сёння помнік захоўваецца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы. Гэта скарбніца перадала алічбаваныя старонкі Жухавіцкага Евангелля музею “Замкавы комплекс “Мір”. Установа разам з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук рэалізавала праект па даследаванні помніка пісьменства і яго факсімільным выданні. Прэзентаваць узноўленае Евангелле плануюць налета. 

СВЕДКА КАРАНАЦЫІ МІНДОЎГА 

“Гэтую падзею чакалі амаль трыццаць гадоў!” — радасна абвясціў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей у верасні. Гэтай установе, а таксама мясцоваму касцёлу Святога Міхаіла Архангела перадалі палімерныя копіі Кубка Святой Ядвігі, арыгінал якога экспануецца ў Дзяржаўным Эрмітажы. Пры падтрымцы Беларускага геаграфічнага таварыства атрымалася ў эксклюзіўным парадку дамагчыся вырабу экзэмпляраў, тоесных сапраўднаму артэфакту. 

Архіў Льва Літвінава

Знойдзены ён быў у сэрцы Навагрудка падчас археалагічных раскопак Эрмітажа ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Гэта фрагмент кубка і неапрацаваны кавалак шкла, меркавана ад другой падобнай чашы. Яны аздобленыя рэльефнай разьбой і гравіроўкай з фігурамі грыфона, ільва і дрэва жыцця ў выглядзе дзвюх змей. Як сцвярджаюць адмыслоўцы, знаходка пацвярджае, што менавіта ў Навагрудку адбылася каранацыя Міндоўга. Падобныя шкляніцы выкарыстоўвалі ў якасці дыпламатычных дароў і падчас цырымоній уступлення на прастол. Сёння навукоўцам вядома пра 14 такіх артэфактаў. Яны захоўваюцца ў саборах і музеях Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландаў. 

ПОШУКІ І ПЕРАМОВЫ ПРАЦЯГВАЮЦЦА 

У пачатку снежня Камісія па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, зацвердзіла план работы на наступны год. Згодна з ім, беларускія ўстановы працягнуць пошук кантактаў і перамовы з замежнымі калегамі, а музейшчыкі і архівісты адправяцца ў камандзіроўкі для вывучэння калекцый. На парадку дня таксама набыццё прадметаў сакральнага жывапісу для Веткаўскага музея, атрыманне матэрыялаў па гісторыі Бярозаўскага картэзіянскага манастыра, выраб копій артэфактаў з былых Радзівілаўскіх збораў. 

Даведацца пра страчаныя, перамешчаныя і вернутыя культурныя каштоўнасці беларускага паходжання можна на інтэрнэт-партале “Вяртанне”.

Данііл ШЭЙКА