Праз традыцыі — да веры. Як беларусы адзначалі Раство раней і як цяпер?

Апублiкавана: 19 студзеня 2023 Стужка Традыцыі Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: РУДАК Антон

Праваслаўная царква лічыць нараджэнне Ісуса Хрыста найвялікшай падзеяй у гісторыі чалавецтва. У перыяд падрыхтоўкі да свята, нягледзячы на тое, што пост яшчэ працягваецца, у храмах пачынаюць усё часцей гучаць вясёлыя спевы, ззяюць упрыгожаныя ялінкі. Вернікі напярэдадні Раства імкнуцца прайсці таінствы споведзі і прычасця, каб быць гатовымі да свята не толькі целам, але і духам. У Доме прэсы 3 студзеня адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная традыцыям святкавання праваслаўнымі дня Хрыстовага нараджэння ў Беларусі, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі духавенства і супрацоўнікі Міністэрства культуры. 

ДА ПЕРШАЙ ЗОРКІ 

Старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі протаіерэй Ігар Карасталёў падкрэсліў, што традыцыі адзначэння Раства фактычна застаюцца нязменнымі цягам стагоддзяў. Ён прыгадаў, як пачынаў служыць яшчэ ў савецкія часы, калі ў Мінску дзейнічалі толькі два праваслаўныя храмы: кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа і царква Святога Аляксандра Неўскага. Святароў тады было вельмі мала, але на Раство ўсе яны збіраліся разам. 

Трапезу рыхтавалі матушкі — жонкі святароў. У заключны і самы строгі момант посту, у пярэдадзень Раства, гатавалі куццю — рысавую кашу з мёдам, кампот з сухафруктаў. Лічыцца, што на стале мусяць быць дванаццаць посных страў, а прымаць ежу ў гэты дзень можна толькі пасля з’яўлення на небе першай зоркі, што сімвалізуе Віфлеемскую зорку, якая, паводле Евангелля, абвясціла свету аб нараджэнні Збаўцы. А вось пасля заканчэння святочнай літургіі ўжо можна есці і мясныя стравы. 

ДА ЧАГО ТУТ ПАВУК? 

Начальнік аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева нагадала, што з Раством звязаныя і беларускія традыцыі саломапляцення, якія ў снежні мінулага года былі ўключаныя ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Некаторыя з іх дапамагалі нашым продкам па-свойму асэнсоўваць біблейскія рэаліі, тлумачыць іх праз блізкія і знаёмыя з побыту з’явы. 

Так, на Раство было прынята ўпрыгожваць хату, між іншага, саламянымі павукамі — у народнай свядомасці яны нагадвалі пра падзеі, якія адбываліся перад нараджэннем Хрыста, калі, паводле Евангелля, цар Ірад загадаў знішчыць у Віфлееме ўсіх нованароджаных немаўлят, каб не дапусціць з’яўлення Збаўцы. Паводле беларускага падання, у гэты момант святая праведная Лізавета са сваім сынам Іаанам, які пазней будзе вядомы як Хрысціцель і Прадвеснік Хрыста, ратавалася ад рымскіх воінаў Ірада ў пячоры, дзе павукі сплялі павуцінне, каб схаваць за ім маці і дзіця ад забойцаў. 

ПРЭЧ ЗАБАБОНЫ 

Настаяцель храма святога Архангела Міхаіла ў Жодзіна протаіерэй Андрэй Еўдакімаў падкрэсліў, што народныя традыцыі, звязаныя са святкаваннем Раства, дапамагаюць людзям успрыняць сутнасць евангельскіх падзей, зразумець само значэнне гэтага свята. Ён адзначыў, што ў яго прыходзе ёсць традыцыя наведваць прадпрыемствы горада, прапаведуючы аб значэнні Раства, тлумачачы яго сэнс даступнымі для ўсіх сродкамі. Дзяцей тут імкнуцца прывучыць не толькі чакаць святочных падарункаў, але і самім задумвацца, што яны могуць падарыць сваім бліжнім, асабліва тым, якія знаходзяцца ў патрэбе. 

Таксама айцец Андрэй прыгадаў пра старадаўні беларускі звычай, які збярогся і ў яго сям’і, — на Раство засцілаць святочны стол сенам, што нагадвае аб хляве, дзе нарадзіўся Хрыстос. Разам з тым святар перасцерагае вернікаў ад следавання традыцыям, якія не адпавядаюць хрысціянскаму веравучэнню і светапогляду, — напрыклад, такім, як варажба. Царква лічыць, што ведаць будучыню дадзена толькі Богу, а імкнуцца ўпадобніцца яму ў гэтым — грэх. Важна таксама правільна разумець сутнасць посту, якая палягае не толькі і не столькі ў адмове ад мясных страў, як ва ўстрыманні ад кепскіх учынкаў і думак, у духоўнай падрыхтоўцы да свята. 

ДАПАМОГА АБЯЗДОЛЕНЫМ 

Старшыня Цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля» Вераніка Сярдзюк прыгадала аб такіх характэрных беларускіх традыцыях, прымеркаваных да Раства, як батлеечныя прадстаўленні, якія распавядаюць з дапамогай лялек гісторыю нараджэння Хрыста, а таксама калядаванне, калі апранутыя ў адмысловыя касцюмы людзі ходзяць па хатах і спяваюць святочныя песні, атрымліваючы за гэта пачастункі. Сёння амаль у кожным прыходзе на Раство ладзяцца канцэрты, дабрачынныя акцыі, выставы — варта толькі пацікавіцца ў мясцовым храме, калі запланаваныя такія мерапрыемствы. 

Да Раства імкнуцца прымеркаваць і дабрачынныя акцыі, звязаныя з дапамогай людзям у патрэбе, бежанцам і іншым неабароненым групам. Нездарма тут прасочваецца сувязь з евангельскай гісторыяй, бо сям’я нованароджанага Ісуса таксама цярпела пераслед і вымушаная была ўцякаць з родных мясцін. Распаўсюджаная ў нас і традыцыя міжканфесійнага святкавання, калі прадстаўнікі розных канфесій, якія ў Беларусі адзначаюць Раство паводле розных календароў, ходзяць адно да аднаго ў госці з віншаваннямі. Таксама добры святочны звычай — талака, то-бок праца на карысць іншым, а не сабе. Нягледзячы на агульнавядомую забарону працаваць у святы, менавіта такая праца лічыцца цалкам дапушчальнай. 

ЗАХАВАЛЬНІКІ ТРАДЫЦЫЙ 

Кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Людміла Манакова распавяла аб больш сучаснай традыцыі, якая была запачаткаваная ў нашай краіне ў 1996 годзе, — уручэнні прэмій Кіраўніка дзяржавы “За духоўнае адраджэнне” і спецпрэмій дзеячам культуры і мастацтваў. Сярод сёлетніх лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” — протаіерэй Віктар Толах і дырэктар Духоўна-асветніцкага цэнтра прыходу храма ў гонар святой вялікапакутніцы вялікай княгіні Лізаветы Васіль Баранчук, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама вайскова-патрыятычны клуб “Рысь”. 

Прэміямі дзеячам культуры і мастацтваў былі ўдастоеныя ўзорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, творчая майстэрня эстраднага мастацтва “Хвілінка”, калектывы Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў у гарадскім пасёлку Копысь і Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, а таксама народны фальклорны калектыў “Таняжанка”. Урачыстая цырымонія ўручэння прэмій прайшла 10 студзеня ў Палацы Рэспублікі, таксама тут была прадстаўлена выстава дасягненняў лаўрэтаў і адбудзецца канцэрт “Мастацтва як сэнс жыцця”. 

Антон РУДАК