На свята і ў будзень

Ажурная лілея, кошыкі з кветкамі, навагоднія вяночкі, званочкі, ялінкі, пано, мініяцюрныя букецікі, паветраныя павукі, жаночыя абадкі, капелюшы — і ўсё гэта з саломкі. Прыгажосць і разнапланавасць беларускага золата, якое цяпер мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, на сваёй выставе прадставіла наваполацкая майстар Нэлі Радзько. 

Экспазіцыя пад назвай “На свята і ў будзень. Магія саломкі” распачалася ў гарадскім музеі напярэдадні Калядаў. Яе аўтар неаднаразова прадстаўляла Наваполацкі цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры на шматлікіх рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх фестывальных пляцоўках, кірмашах, “Гарадах майстроў”. Заваявала безліч узнагарод, сярод якіх і першае месца на ІІІ Абласным свяце-конкурсе саломапляцення “Папараць-кветка”, што праходзіў у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску — 2010”, гарадская прэмія за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва “Прызнанне”. Лепшы твор майстра нават уключылі ў кнігі “Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны” і “Народнае мастацтва Віцебскага Паазер’я”, выдадзеныя Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. 

У 2009-м Нэлі Радзько стварыла лілею — сімвал Наваполацка. Аўтарская распрацоўка стала брэндавым падарункам для прадстаўнічых дэлегацый. Кветку ўручалі гасцям з Расіі, Кітая, Германіі. А ў 2019-м саломапляцельшчыца выканала галаўныя ўборы для вядучага калектыву мясцовага цэнтра культуры — вакальнай групы ўзорнага ансамбля танца і песні “Прыдзвінскія россыпы”, што прадстаўляе культуру раёна на фестывалях па ўсёй краіне і далёка за яе межамі. 

На выставе, якая цяпер працуе ў гарадскім музеі, можна ўбачыць лепшыя работы Нэлі Радзько апошніх гадоў. Большасць з іх выкананы сёлета. Гэта разнастайныя пано, кветкі, абрадавыя і ўтылітарныя рэчы, святочныя сувеніры. Цэнтральнае месца займае кампазіцыя “Паўлін”. На яе прыкладзе аўтар дэманструе разнастайнасць саламянай творчасці. Толькі хвост гэтай казачнай птушкі складаецца з 50 пляцёнак-“званочкаў”. 

Нароўні з традыцыйнымі формамі суседнічаюць мадэрновыя. 

Асаблівасць творчасці майстра — прага да наватарства. Для большага падабенства з жывымі кветкамі Нэлі выкарыстоўвае адценні пафарбаванай саломкі, з ювелірнай далікатнасцю ўкрапляе ў жаночыя абадкі каляровыя атласныя стужкі, надае бляск лілеі з дапамогай паетак. Дапаўняюць экспазіцыю вырабы вучняў, з якімі майстар працавала ў межах міжнароднага праекта “Паўднёвыя рамеснікі — за захаванне і развіццё традыцыйных навыкаў праз трансгранічнае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Латвіі, Літвы і Беларусі” з лістапада 2021-га па сакавік 2022 года. Дзяўчаты завіталі на адкрыццё выставы, выказалі шчырыя словы падзякі ў адрас настаўніцы. Што і нядзіўна. З’яўляючыся ўдзельнікам шматлікіх выстаў народнай творчасці і ўладальніцай ганаровых дыпломаў, Нэлі Радзько сваёй галоўнай узнагародай лічыць дасягненні любімых вучняў. З клопатам і трапятаннем ставіцца да іх. Невыпадкова гавораць, што менавіта праз цёплыя чалавечыя адносіны ствараецца сапраўдная магія — магія мастацтва. 

Наталля ХАРЫНА 

Фота Алены ЕМЯЛЬЯНАВАЙ