Ⅲ

Мірскі замак: шлях да 500-годдзя. Выпуск 6

Ці гэта не магія, калі музыка пачынае дыялог з архітэктурай? Пра канцэртную дзейнасць у старажытных сценах музея “Замкавы комплекс “Мір” гутарым з культуролагам установы Анаіт Арзуманян.

 

— Анаіт Самвелаўна, як у Мірскім замку сталі ладзіць канцэрты?

— Такая ідэя з’явілася адначасова з пачаткам актыўнага развіцця нашага музея як турыстычнага і культурнага цэнтра. Адпраўны пункт музычнай гісторыі — Дзень беларускага пісьменства, які прайшоў у гарадскім пасёлку Мір у 2002 годзе.

Тады ж з ініцыятывы кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіла Фінберга быў заснаваны, а затым і на працягу 16 гадоў праводзіўся фестываль мастацтваў “Мірскі замак”. Праграма, што спалучала шэдэўры класікі і любімыя эстрадныя хіты ў выкананні славутага калектыву, стала сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей Міра.

Дарэчы, памяць пра выдатнага дзеяча культуры ўшанавана: у 2023-м адна з нашых вуліц атрымала імя Міхаіла Фінберга.

Сярод “першапраходцаў” — і маштабны праект “Музычныя вечары ў Мірскім замку” ад тэлеканала АНТ, які стартаваў у 2006 годзе. Гэтыя мерапрыемствы стварылі прэцэдэнт, даказаўшы: музей можа быць не проста сховішчам экспанатаў, а жывой культурнай пляцоўкай! Такія імпрэзы заклалі традыцыю правядзення ў Міры канцэртаў пад адкрытым небам.

— Чаму, на вашу думку, канцэрт у замку ўспрымаецца інакш, не як выступленне артыстаў у звычайнай зале?

— Тут важная не толькі музыка, але і адчуванне велічы гісторыі, дакрананне да стагоддзяў.

Глядач не проста прыходзіць на канцэрт — ён нібы трапляе ў іншае вымярэнне. Атмасфера каменных сцен, старажытных скляпенняў, легенд сама па сабе настройвае на ўзвышаны лад і робіць музычную падзею глыбока асабістым перажываннем.

— Ці ўплывае архітэктура на ўспрыманне музыкі?

— Безумоўна. Многія чулі знакамітую метафару: архітэктура — гэта музыка, якая застыла ў камені. Такая думка падкрэслівае, што будынкі, як і музычныя творы, маюць рытм, гармонію, сіметрыю і прапорцыі. Таму падчас нашых канцэртаў адбываецца магія: музыка ўступае ў дыялог з архітэктурай.

— З якімі асаблівасцямі звязана правядзенне канцэртаў на тэрыторыі замка як аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА?

— Для нас гэта вялікая адказнасць і заўсёды пошук балансу паміж захаваннем гістарычнага асяроддзя і сучаснымі патрабаваннямі да арганізацыі шоу.

— Якое месца канцэртная дзейнасць займае сёння ў агульнай канцэпцыі развіцця музейнага комплексу?

— Мы імкнёмся да таго, каб Мірскі замак і прывабліваў турыстаў, і быў паўнавартасным культурным цэнтрам: не толькі паказваем гісторыю і архітэктуру, але і напаўняем гэтыя сцены яркімі падзеямі.

Апроч маштабных летніх выступленняў пад адкрытым небам, на працягу года на розных пляцоўках ладзім бясплатныя канцэрты, прымеркаваныя да дзяржаўных свят, — такія імпрэзы можа наведаць любы ахвочы.

— Якія канцэртныя праекты ўстановы сёння найбольш папулярныя ў гледача і на якіх пляцоўках яны праходзяць?

— Лідар летняга сезона — адкрытая сцэна ва ўнутраным дворыку. Менавіта тут арганізоўваюцца мерапрыемствы ў рамках праекта “Музычны тэатр у Мірскім замку”, які рэалізоўваем сумесна з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам. Першыя выступленні адбыліся ў 2018 годзе, і з таго часу фармат заваяваў любоў публікі.

Гледачоў прыцягвае асаблівае спалучэнне музыкі, архітэктуры і атмасферы замка, таму кожны канцэрт становіцца сапраўдным святам і збірае гасцей з розных куткоў краіны.

Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца праграмы “Музычнае шоу ў стылі Сан-Рэма” і “Кінахіты”. Абедзве атрымалі мноства захопленых водгукаў і ўжо сталі добрай традыцыяй.

Не менш чаканыя і імпрэзы “Музычнае лета з аркестрам”, што ладзім сумесна з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі імя М.Я. Фінберга.

На працягу двух гадоў значную ўвагу выклікае міжнародны праект “Музыка вежы”: кожнае выступленне праводзіцца ў новай лакацыі музейнага комплексу, і гэта дазваляе адкрываць знаёмыя прасторы з нечаканага боку.

А для камернай музыкі ідэальна пасуе наша Партрэтная зала.

— Ці назіраеце вы цікавасць да міжжанравых фарматаў, калі музыка спалучаецца з тэатрам, экскурсіямі або гістарычнай рэканструкцыяй?

— Так, і гэта вельмі займальны трэнд. Велізарны поспех заўсёды маюць тэматычныя канцэрты, калі артысты паўстаюць у вобразах з кіно ці мастацкіх твораў. Гэта нараджае абсалютна новы, захапляльны тэатральны досвед.

Не менш папулярны праект “Восеньскі сезон канцэртаў Белдзяржфілармоніі ў Мірскім замку”: экскурсійная група трапляе ў Партрэтную залу, дзе гасцей сустракае жывое выкананне вядомых класічных твораў. Атрымліваецца асаблівая атмасфера, а знаёмства з гісторыяй замка становіцца больш эмацыйным і запамінальным.

— Якія музычныя ініцыятывы вы марыце рэалізаваць ва ўста­нове?

— Хацелася б правесці маштабны міжнародны фестываль, які аб’яднаў бы і музыку, і тэатр, і гісторыю. Напрыклад, оперны паказ на фоне замка з удзелам сусветных зорак. Або серыю канцэртаў рэдкіх музычных інструментаў, каб прадэманстраваць іх унікальнае гучанне, у розных залах.

Яшчэ адна мара — кінапрагляд пад адкрытым небам, калі галоўныя музычныя тэмы фільма выконвае жывы аркестр.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з архіва музейнага комплексу

MAX TikTok