Многія выдатныя творы Янка Купала напісаў падчас навучання ў Санкт-Пецярбургу, дзе ён — малады паэт Іван Луцэвіч — значна пашырыў і сістэматызаваў свае веды. Як жывая вада, уплывалі на яго лекцыі пецярбургскіх прафесараў на чарняеўскіх курсах, зносіны з шырокім колам удзельнікаў студэнцкага гуртка, сярод якіх былі Змітрок Бядуля, Антон Грыневіч, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Браніслаў Тарашкевіч, і штодзённыя размовы з Браніславам Эпімахам-Шыпілам, які, дарэчы, вельмі паспрыяў творчаму станаўленню Купалы. Не дзіўна, што пецярбургскі перыяд жыцця стаў для маладога паэта часам сапраўднага ўзлёту. Менавіта тут Іван Луцэвіч канчаткова ператварыўся ў Янку Купалу. Гэта быў перыяд з 1909 па 1913 год.

31 ліпеня 1913 года ў фальварку Акопы на Лагойшчыне на свет з’явіўся твор “Прымакі”. Жанр п’есы Янка Купала вызначыў як “сцэнічны жарт у адной дзеі”, узяўшы за аснову народную показку. Тут у поўнай меры выявілася майстэрства Купалы ствараць не толькі асобныя камічныя сітуацыі, а і камічны сюжэт з імклівым развіццём. Аўтар удала выкарыстоўвае традыцыйныя прыёмы народных камедый і інтэрмедый, з гумарам апавядае пра жыццё вясковых людзей, усміхаецца з іх заган і хібаў. П’еса вельмі багатая на фразеалагізмы. Усяго на дваццаці старонках тэксту іх каля сотні. Менавіта яны робяць твор больш вобразным і экспрэсіўным.

З 1917 года “Прымакі” шмат разоў ставіліся на розных пляцоўках Беларусі і Расіі. П’еса заняла прыкметнае месца на прафесійнай і аматарскай сцэнах. У 1959 годзе адбылася першая радыёпастаноўка “Прымакоў”, а ў 1967 годзе ўпершыню рэжысёрам Юрыем Сурыкавым камедыя была прадстаўленая ў фармаце тэлеспектакля на Беларускім тэлебачанні.

10 чэрвеня Магілёўскі абласны драматычны тэатр прадставіў новае ўвасабленне “сцэнічнага жарту ў адной дзеі” — спектакль “Прымакі”.

Разнастайныя камічныя эфекты, створаныя на сцэне ўчынкамі і паводзінамі герояў, музычнае афармленне спектакля, дзе разам ужываюцца аўтэнтычныя песні і сучасныя мелодыі, імклівае развіццё падзей, танцы, спрэчкі, смех і слёзы — усё гэта ў поўнай меры спрыяе стварэнню атмасферы купалаўскага жарту.

А жарт тут вось у чым. Аднойчы раніцай Даміцэля выяўляе ў сваім ложку не роднага мужа, а свайго кума Максіма. А тым часам яе муж Трахім, ні аб чым не падазраючы, салодка спіць у чужой хаце, са сваёй кумкай Паланеяй.

Гісторыя пагаршаецца яшчэ тым, што дзеці разгубленых начнымі прыгодамі сваякоў кахаюць адно аднаго і хочуць ажаніцца. Але ці не стане буйны сямейны канфуз перашкодай шчасцю маладых?

Яркія вобразы герояў спектакля ажыццявілі народны артыст Беларусі Рыгор Белацаркоўскі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец, а таксама артысты Дзмітрый Дудкевіч, Аляксандр Куляшоў, Марыя Рудакова, Вольга Мацюшка, Аляксандр Палішчук, Павел Зароўскі, Ульяна Захарава, Уладзіслаў Страхаў, Крысціна Грынаўцава, Бажэна Зіневіч, Амелія Старавойтава, Аляксандр Зянькоў.

Галіна ТАНЧЫК,

кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра

Фота Васіля ЦІТОВА