Ⅲ

Свята кнігі, гісторыі і культуры

“Традыцыйнае восеньскае свята самабытнай нацыянальнай культуры і яе багатай духоўнай спадчыны”. Так Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў XXXIII Дзень беларускага пісьменства. Урачыстасці праходзілі ў Касцюковічах з 5 па 6 верасня.

 

ПАД УВАГАЙ ПЕРШАГА

Маштабны форум распачаўся з яскравай цырымоніі адкрыцця.

Прывітальны адрас Кіраўніка дзяржавы з галоўнай сцэны XXXIII Дня беларускага пісьменства агучыла намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч. “Такія сустрэчы майстроў, друкароў і аматараў мастацкага слова з’яўляюцца нязменнай крыніцай мудрасці продкаў, жывога дыялогу паміж людзьмі і сродкам фарміравання ў грамадстве агульначалавечых каштоўнасцей”, — гаворыцца ў пасланні.

Прэзідэнт падкрэсліў: сёлета гасцей прыняла паэтычная Касцюкоўшчына — край шумлівых бароў і старажытных храмаў, радзіма выбітных класікаў. “Упэўнены, што менавіта на гэтай зямлі кожны зможа дакрануцца да сапраўдных літаратурных скарбаў нашага народа, пачуць гучанне роднай мовы, адкрыць для сябе новыя імёны і творы сучасных беларускіх і замежных аўтараў”, — адзначыў лідар.

З прывітаннямі выступілі старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін.

— Менавіта праз пісьменства на нашай зямлі распаўсюджвалася святло веры, закладваліся асновы нашай культуры і духоўнасці, — заўважыў уладыка. — Лічу, што слова займае цэнтральнае месца ў жыцці чалавека. З аднаго боку, яно — люстэрка душы, у якім адбіваецца духоўна-маральнае аблічча. З другога — яно ўздзейнічае на душу і сэрца слухача, фарміруе светапогляд.

Цырымонію аздобіла вялікая творчая праграма.

Галасы вядомых вакалістаў прагучалі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М.Я. Фінберга. Усяго ў грандыёзным шоу паўдзельнічала каля 600 выканаўцаў.

 

ПРЭМІЯ — НАЙЛЕПШЫМ

Традыцыйна на Дні беларускага пісьменства ўручылі Нацыянальную літаратурную прэмію. Лаўрэатаў павіншавалі міністр інфармацыі Дзмітрый Жук і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва “Беларусь” Алесь Карлюкевіч.

— Правядзенне Дня беларускага пісьменства паказвае ўвагу дзяржавы да друкаванага слова, прыгожага пісьменства і кнігавы- дання, — мяркуе Алесь Мікалаевіч. — Менавіта на літаратарах ля- жыць адказнасць за тое, каб ствараць партрэт нашай краіны.

Сёлета на конкурс паступіла звыш 70 заявак. Пры вызначэнні найлепшых работ улічваліся мастацкая вартасць, скіраванасць на ўсталяванне міру і згоды ў грамадстве, на захаванне духоўных каштоўнасцей і традыцый.

У розных намінацыях былі вылучаны шэсць лаўрэатаў: Вольга Русілка з кнігай “Котра”, Анатоль Зэкаў (“Двор пад буслінымі крыламі”), Дзмітрый Радзівончык (“Масты і берагі. Нарэшце я зразумеў, як гэта працуе…”), Генадзь Аўласенка (“Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў”). Узнагароду ў намінацыі “Найлепшы твор публіцыстыкі” атрымаў Ігар Марзалюк за работу “Кроў на белым тле: беларускія калабарацыяністы ў часы акупацыі БССР”.

Найлепшым дэбютам прызналі зборнік Паліны Корневай “Запіскі юнай хірургіні”.

 

ДОБРАЯ ПАМЯЦЬ

Сярод ключавых тэм свята — 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У цырымоніі ўскладання кветак да мемарыяла ў гонар ахвяр ліхалецця паўдзельнічалі прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і духавенства, дыпламатычных місій і грамадскіх аб’яднанняў. Памяць пра абаронцаў краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ушанавалі хвілінай маўчання.

Важнай традыцыяй Дня беларускага пісьменства даўно стала ўвекавечванне імён літаратараў — ураджэнцаў рэгіёна, дзе адбываюцца ўрачыстасці.

Так, у Касцюковічах адкрылі скульптуру “Алесь і Алеся” (аўтар Аляксандр Мінькоў), прысвечаную творчасці слаўнага сына гэтай зямлі — народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Кампазіцыя адлюстроўвае чыстае, шчырае каханне. У руках юнака — кніга, сімвал павагі да друкаванага слова і літаратурнай спадчыны.

А ў гонар Аркадзя Куляшова, Алеся Пісьмянкова і Івана Чыгрынава падрыхтавалі мурал. Памяць Івана Чыгрынава таксама ўшанавалі мемарыяльнай дошкай.

 

СКАРБЫ З УСЁЙ КРАІНЫ

Сэнсавы цэнтр форуму — Фестываль кнігі і прэсы. Гэта культурна-асветніцкая прастора, дзе ўсе вобласці Беларусі прадстаўляюць свой літаратурны патэнцыял.

Лакацыя ў сэрцы горада была напоўнена родным словам. Тут прапаноўвалі сустрэцца з пісьменнікамі, атрымаць аўтографы, паслухаць паэтычныя радкі і пазнаёміцца з творчымі навінкамі.

Побач размясціліся павільёны бібліятэк, музеяў, дзяржаўных выдавецтваў і грамадскіх аб’яднанняў.

На кожнай пляцоўцы — адмысловая праграма, звязаная з агульнай тэматыкай свята.

— У аснове нашай экспазіцыі — кніжна-ілюстрацыйная выстава “Сузор’е талентаў Прыдняпроўя: дыяменты пісьменства і асветы Магілёўшчыны”, — расказвае загадчык сектара арганізацыі кніжных выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Святлана Кажамяка. — На планшэтах — інфармацыя аб знакамітых друкарах: Пятру Мсціслаўцу, Спірыдоне Собалю, іншых выбітных дзеячах. Таксама запрашаем на майстар-клас па каліграфіі і ў літаратурную гасціную, дзе можна напісаць некалькі радкоў на сапраўднай друкавальнай машынцы. Для самых маленькіх падрыхтавалі настольную гульню-стратэгію “Гістарычны красовер: хлеб, цукар і сотня смакаў”, натхнёную кнігамі дзяржаўнага дзеяча і публіцыста XIX стагоддзя Аляксандра Дамбавецкага.

У суседнім павільёне разгарнулася выстава Музея гісторыі беларускай літаратуры, прысвечаная Году беларускай жанчыны.

— Мы прадставілі рэдкія фотаздымкі айчынных паэтак — Яўгеніі Янішчыц, Веры Вярбы ды іншых, — распавяла загадчык навукова-асветніцкага аддзела ўстановы Валянціна Кароткіна. — Арганізавалі квізы, разыгранкі і майстар-класы, што дазволілі наведвальнікам перанесціся ў цудоўны свет роднага пісьменства.

 

 УНІКАЛЬНЫЯ ВЫДАННІ

Адметнасцю сёлетняга свята стаў павільён “Музей рэдкай кнігі”.

У экспазіцыі, якая заняла больш за 300 квадратных метраў, прэзентавалі рарытэтныя і старажытныя экзэмпляры з фондаў Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэк, рэгіянальных скарбніц.

А на пляцоўцы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага дэманстравалі факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі — аднаго з найважнейшых помнікаў духоўнай спадчыны Беларусі.

— Біблія выпушчана ў 1563 годзе ў Берасцейскай друкарні на сродкі князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Прадстаўленая копія створана ў 2019-м — у гонар 1000-годдзя Брэста, — падкрэсліла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці бібліятэкі Ларыса Верамчук. — У кнізе — амаль 1500 старонак, вага — звыш 10 кілаграмаў.

Не менш цікавай была выстава Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна. Установа прэзентавала сваю калекцыю.

— Сярод экспанатаў — тыя, што пабачылі свет у XIX стагоддзі ў Віцебску. Гэта афіцыйныя дакументы і юрыдычныя матэрыялы, духоўная літаратура, — паведаміла загадчык аддзела рэдкай кнігі Вольга Лебедзева. — Паказваем і рарытэтныя выданні з калекцыі царкоўна-археалагічнага кабінета Віцебскай духоўнай семінарыі. У тым ліку — “Апакаліпсіс трохтлумачальны” Андрэя Кесарыйскага, унікальны помнік стараверскага кнігадрукавання пачатку XX стагоддзя.

Прываблівала гасцей і інтэрактыўная зона “Кабінет пісьменніка”. Тут — працоўны стол з друкавальнай машынкай, рукапісы, архіўныя фота і асабістыя рэчы айчынных аўтараў.

 

ВІТАЕМ, МАЛАДЗЕЧНА!

XXXIII Дзень беларускага пісьменства запомніўся яскравымі імпрэзамі, адметнымі выставамі і атмасферай шчырай павагі да друкаванага слова і нацыянальнай спадчыны.

Ён аб’яднаў знакамітых літаратараў, творчую моладзь, апантаных чытачоў і ўсіх тых, хто адданы нашай культуры.

Падчас урачыстага гала-канцэрта старшыня Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Асмалоўская адзначыла маштаб форуму, яго важнасць для айчыннай культурнай прасторы і падкрэсліла: “Свята для нас — сапраўдны сімвал любові да роднага слова”. Кіраўнік перадала эстафету Паўлу Губко, калегу з Маладзечна. Менавіта гэты горад праз год стане сталіцай ХХХІV Дня беларускага пісьменства.

 

Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

MAX TikTok