Фонды Нацыянальнага мастацкага музея папоўніліся ўнікальным набыткам — аўтэнтычным слуцкім поясам пачатку ХІХ стагоддзя, створаным на легендарнай мануфактуры Радзівілаў. Рарытэт адкрывае яшчэ адну старонку ў гісторыі слуцкага ткацтва, якая захоўвае нямала таямніц.

— Ідэнтыфікаваць пояс было вельмі лёгка, — прыгадвае загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Алена Карпенка. — У кутку ёсць тканыя меткі. Практычна ўсе вырабы гэтай мануфактуры маюць падобныя пазнакі, хоць і ў розных варыянтах.
На артэфакце захаваліся надпісы “СЛУЦКЪ” і “ФКСР”. Абрэвіятура выклікае дыскусіі ў асяроддзі спецыялістаў. — Пакуль даследчыкі інтэрпрэтуюць яе двума спосабамі: як “фабрыка княжая слуцкая Радзівілаўская” альбо як “фабрыка княжая скарбу Радзівілаўскага”. Аднак сама прысутнасць меткі сведчыць, што рэч паходзіць са слуцкай мануфактуры. Акрамя таго, пазнака дазваляе дакладна акрэсліць час вырабу прадмета — перыяд пасля 1807 года, калі сын стваральніка слуцкіх паясоў Яна Маджарскага, яго пераемнік — Лявон, адышоў ад кіраўніцтва, — дадае Алена Уладзіленаўна.
РЭДКАЯ ЗАХАВАНАСЦЬ
Рэліквія ўражвае характарыстыкамі: чатырохбаковы кунтушовы пояс даўжынёй 4 метры 60 сантыметраў і шырынёй каля 35 сантыметраў выкананы з шаўковых, срэбных і пазалочаных нітак. Больш чым за два стагоддзі існавання аксесуара на ім ацалелі нават дэкаратыўныя махры.
— Гэта вялікая рэдкасць. Звычайна такія элементы з цягам часу крышыліся і абсыпаліся, таму ніткі махроў даводзілася аднаўляць ужо ў ХХ стагоддзі, калі паясы траплялі ў прыватныя калекцыі. Тут жа мы бачым арыгінальны матэрыял, першапачатковую тэхніку пляцення і характэрны метад злучэння з асноўным палатном, — падкрэслівае суразмоўца.

У мастацкім аздабленні новага музейнага набытку выразна прасочваюцца рысы, уласцівыя класічным слуцкім паясам. Цэнтральную частку ўпрыгожваюць рытмічныя палосы з расліннымі матывамі, разеткамі і аваламі. На “галовах” размешчаны пары кветкавых кустоў, а ўвесь арнамент (кампазіцыйны строй пояса) абрамлены шляком. Не менш уражвае і колеравая гама: на срэбным фоне вылучаюцца блакітныя, ружовыя, бэжавыя, аліўкавыя і карычняватыя раслінныя элементы.
— У пастаяннай экспазіцыі музея ёсць фраг мент пояса з подпісам (тканай меткай) Лявона Маджарскага, дзе прадстаўлены вельмі падобныя кветкавыя кампазіцыі. Аднак наш новы набытак выглядае нашмат больш эксклюзіўна дзякуючы залотным ніцям і гаворыць пра высокі ўзровень мясцовай мануфактурнай вытворчасці ў тую пару, — распавядае Алена Карпенка.
ЛЮСТЭРКА СТЫЛЯЎ
Вывучаючы рарытэт, можна ўбачыць не толькі майстэрства ткачоў, але і водгук мастацкіх плыняў, якія вызначалі аблічча еўрапейскай культуры XVIII — пачатку XIX стагоддзя.
— Кожны твор нясе адбітак свайго часу. У гэтым поясе вельмі выразны ўплыў класіцызму, пра што сведчаць ураўнаважанасць кампазіцыі, строгая сіметрыя і ўпарадкаванасць арнаменту. Усе выявы люстрана суадносяцца паміж сабой, кожны элемент займае дакладна акрэсленае месца. Тут няма пышнасці, імклівай дынамікі, уласцівых барока, — расказвае даследчык.
Разам з тым у каларыце вырабу чытаюцца рысы іншага мастацкага кірунку — ракако.
— Далікатныя ружовыя, блакітныя і светла-зялёныя адценні цалкам адпавядаюць эстэтыцы гэтага стылю і надаюць кампазіцыі адметную лёгкасць, пяшчоту, — тлумачыць Алена Уладзіленаўна.

АСАБЛІВЫЯ ЎМОВЫ
Перш чым паўстаць перад наведвальнікамі музея, пояс мусіць прайсці рэстаўрацыйныя працэдуры. Хоць спецыялісты ацэньваюць яго захаванасць як вельмі добрую, гады ўсё ж пакінулі свае сляды. Плануецца далікатная ачыстка ад бруду, умацаванне найбольш уразлівых участкаў і догляд махроў.
Аднак нават пасля вяртання ў музейныя залы рарытэт не будзе выстаўлены пастаянна. Тканіны асабліва чуллівыя да ўздзеяння святла, таму для іх прадугледжаны спецыяльныя ўмовы.
— Плануем пэўны час паказваць артэфакт у экспазіцыі, а пасля вярнуць у фонды, каб ён мог адпачыць. Такая практыка неабходная для захавання ўсіх тэкстыльных помнікаў, — адзначае Алена Карпенка.
САБРАЦЬ КРУПІНКІ
Здавалася б, слуцкія паясы даследуюцца не адно дзесяцігоддзе. Аднак гэтая тэма ўсё яшчэ тоіць багата нявысветленага.
— У Беларусі збераглося мала арыгінальных слуцкіх паясоў, таму яны недастаткова вывучаны як мастацкая і тэхналагічная з’ява, — кажа Алена Уладзіленаўна. — Існуюць грунтоўныя працы, прысвечаныя мастацкім адметнасцям, сістэматызацыі і храналогіі вырабаў. Але такія пытанні, як гісторыя самой мануфактуры, дзейнасць майстроў, тэхналогія стварэння арнаментальных узораў, аўтарства кампазіцый, толькі ў апошні час былі ўдакладнены беларускім даследчыкам Дзянісам Лісейчыкавым. Мяркуем, славутая мануфактура князёў Радзівілаў пад кіраўніцтвам Маджарскіх усё яшчэ захоўвае некаторыя таямніцы.
Новы набытак дазваляе запоўніць важную гістарычную лакуну ў музейнай калекцыі.
— Фактычна мы закрываем цэлы храналагічны перыяд развіцця слуцкай вытворчасці, — канстатуе суразмоўца. — У нас ужо прадстаўлены пояс ранейшага часу, перыяду Яна Маджарскага, а цяпер з’явіўся і выдатны ўзор позняга этапу існавання мануфактуры. Гэты прадмет мае асаблівае значэнне, бо дазваляе больш поўна ўбачыць шлях аднаго з самых вядомых мастацкіх сімвалаў краіны. Менавіта з такіх артэфактаў па крупінках і складаецца наша культурная памяць, а разам з ёй — разуменне ўласнай гісторыі і таго фундаменту, на якім базуецца і працягвае развівацца нацыянальная культура.
Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА