Чарговая частка цыкла рэтраспектыўных матэрыялаў да юбілею газеты "Культура" прысвечана 2022 — 2023-м
(Частка адзінаццатая — па гэтай спасылцы)
2022—2023. АБ ІСТОТНЫМ — У ДЭТАЛЯХ

Няспынны пошук выводзіў рэдакцыю да новых гарызонтаў. Па выніках XVIII Нацыянальнага конкурсу “Залатая ліцера” газета атрымала запаветную статуэтку ў намінацыі “Найлепшыя матэрыялы культуралагічнай, гісторыка-краязнаўчай тэматыкі”. Экспертнае журы вылучыла ініцыятыву “Не бывае ў вайны эпілога… Мемарыялы зямлі беларускай: ад ідэі — да бронзы і граніту”. У серыі публікацый раскрывалася гісторыя стварэння мемарыяльных комплексаў і помнікаў у гонар герояў і падзей Вялікай Айчыннай вайны.
Выданне не стаяла на месцы, чуйна рэагуючы на запыты грамадства і патрэбы часу. Газета папаўнялася новымі рубрыкамі, што адлюстроўвалі ўсе грані культурнага жыцця краіны. Многія замацаваліся на старонках і нават цяпер вызначаюць аблічча штотыднёвіка.
Праект “Максіма маладых” прысвечаны таленавітай моладзі: выходзяць інтэрв’ю з перспектыўнымі творцамі-пачаткоўцамі, пераможцамі конкурсаў, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта. У рубрыцы “На сваім месцы” расказваецца пра выбітных дзеячаў айчыннай культуры — сапраўдных прафесіяналаў, чые гісторыі натхняюць.

Добрай традыцыяй сталі сустрэчы ў рамках прэс-клуба — экспертнадыскусійнай пляцоўкі на базе рэдакцыі — і публікацыі па выніках гэтых гутарак. У абмеркаваннях удзельнічаюць навукоўцы, мастакі, музыканты, рэжысёры, акцёры, прадстаўнікі органаў улады, устаноў культуры. Відэатрансляцыя на афіцыйным канале медыяхолдынга ў YouTube дазваляе сачыць за размовамі і пакідаць пытанні ў рэальным часе.
Працяг будзе!
Данііл ПІЎКАРЭЦ