Беларускае народнае мастацтва агледжанае даволі поўна, але вось пісанка яшчэ не трапляла ў поле манаграфічнага зроку. Таму выхад асобнай кнігі — “Беларуская пісанка і яе свет: майстры і традыцыі”; склад. Сідаровіч А.Р., Хачкова В.Б. — мае надзвычайную актуальнасць і запатрабаванасць.

Найперш варта адзначыць асаблівую шчырасць і захапленне сваёй справай як саміх творцаў, так і, што важна ў гэтым выпадку, складальнікаў. Два ўступныя артыкулы Вольгі Хачковай і Алы Сідаровіч задаюць тон усяму зборніку. Пазначыўшы на першай старонцы, што “ў беларускай культурнай традыцыі пісанка займае асаблівае месца — як артэфакт, як абярэг, як мастацкі выраз народнай душы. Гэта не проста распісанае яйка, а складаны культурны код, у якім пераплятаюцца дахрысціянскія сімвалы, хрысціянская абраднасць, эстэтыка народнага арнаменту і памяць пакаленняў”, складальнікі фарміруюць напрамкі далейшых пошукаў і структуры выдання. Вельмі істотным для разумення сімволікі пісанкі становіцца патлумачаны Алай Сідаровіч яе касмаганічны сэнс і ўпісанасць у свята Вялікадня як перыяд аднаўлення і ўпарадкавання свету.

Складальнікі чуйна паставіліся да гісторыі развіцца пісанкі на нашых землях. Усведамляючы даўнія карані, трывалую міфалагічную глебу, пераканаўча даводзіцца арганічнае спалучэнне з хрысціянскай культурай. На багатым матэрыяле прасочваюцца гістарычныя этапы развіцця мастацтва роспісу яек у Беларусі, прадпрымаецца спроба патлумачыць сімволіку арнаментаў.
Але і менш працяглыя гістарычныя перыяды, прыкладам, насаджванне бязбожжа ў савецкі час, абумовілі значную пагрозу традыцыям. І якой жа ўстойлівай яна выявілася, калі ў сем’ях жанчыны да найвялікшага свята нават употай стваралі пісанкі, крэслілі на яйку ўзоры, усё адно як бы выяўляючы сваю прагу творчасці і любоў да малой радзімы.

Такі гістарычны экскурс аказаўся неабходным, каб звярнуцца да сучасных формаў захавання і папулярызацыі гэтай традыцыі. Адмысловая ўвага нададзена пытанням культурнай пераемнасці, музейнай рэпрэзентацыі і адукацыйных практык, накіраваных на актуалізацыю пісанкі як жывога элемента культуры.
Раздзел "Пісанка ў музейных калекцыях" змяшчае багата фотаздымкаў з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Прасочваючы вытокі традыцыі пісанкі, складальнікі звяртаюцца да тэмы сярэднявечных керамічных яек-бразготак, якія бытавалі ў X—XIII стст. і выкарыстоўваліся як уклады ў пахаванні; фотаздымкі такіх пісанак, якія захоўваюцца ў фондах краязнаўчых музеяў краінаў, прыводзяцца ў выданні.
Інфарматыўныя і натхняльныя раздзелы, прысвечаныя фестывалям і святам – рэгіянальнаму святу-конкурсу «Велікодная пісанка» ў Стоўбцах і асабліва “Свята пісанкі” ў г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна. Наогул сапоцкінскай традыцыі надаецца асаблівая ўвага, што і зразумела, бо элемент атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Відавочна, аўтары разумеюць, што традыцыя пісанкарства – гэта найперш людзі, перадусім тыя жанчыны, якія захавалі майстэрства і яго сакральныя сэнсы. Нездарма найбольшую частку кнігі складаюць партрэты, якім папярэднічае ўступ з такой красамоўнай назвай – “Майстры пісанкі: захавальнікі магіі Беларусі”. Асаблівая павага ініцыятарам выдання за своеасаблівую галерэю біяграфій-партрэтаў, дзе побач са старэйшымі носьбітамі традыцый пісанкарства – сучасныя майстры. І што прыемна, партрэты “гавораць” – аповед пачынаецца з выказванняў чалавека, перад намі жывая асоба са сваім лёсам і думкамі. І яркім майстэрствам, прадстаўленым на шэрагу паказальных фотаздымкаў. Важна: перад намі і самі пісанкі як факт мастацтва, і сямейныя здымкі, і працоўны кантэкст.
Цікава і ў той жа час паказальна чытаць пра тое, як майстры адкрывалі для сябе пісанку і што гэта значыць для іх асабіста. Да прыкладу, уразіла гісторыя біёлага, навукоўцы, рэканструктара Алесі Кручонак, чалавека дасведчанага ў розных сферах, жывога, дапытлівага, з тонкім адчуваннем традыцыі, ведамі ў вераваннях беларусаў, арнаменце, спосабах перадачы сакральнага. Далучыўшыся зусім нядаўна да кагорты пісанкарак, Алеся прытрымліваецца сваіх пэўных правілаў: «Пісанка — гэта надзейная абярэжная і гаючая справа». Важкім пасылам да ўсіх нас становяцца яе шчырыя развагі пра тое, што дзякуючы пісанцы «стала больш парадку ў справах і думках. Пісанка гарманізуе адносіны з наваколлем (людскім і прыродным)... Стварэнне пісанак, работа з геаметрыяй дорыць пэўны стан: павялічвае ўважлівасць і канцэнтрацыю».

Гартаючы кнігу, радасна бачыць знаёмыя па іншых відах народнай культуры твары, да прыкладу Вольгі Пілецкай ці Віктара Шыпкова. Гэта сведчыць яшчэ і аб тым, што таленавітыя асобы і захавальнікі традыцыі ў сваёй дзейнасці зазвычай не абыходзяць і пісанку. Майстры не толькі захоўваюць класічныя ўзоры, але і эксперыментуюць з новымі формамі, колерамі і тэматыкай.
Наогул мастацкае аздабленне кнігі варта адзначыць асобна. Сабрана надзвычай прадстаўнічая калекцыя фатаграфій, сярод якіх рэдкія і даўнія экзэмпляры. Прыкладам, фота знакамітай сапоцкінскай пісанкаркі Гэлены Зайко (1932—2002). Ізноў жа — як самі артэфакты, так і людзі ў іх святочных і бытавых сітуацыях, што ненавязліва стварае ўласна карціну самой традыцыйнай культуры.
Выданне мае і практычную частку, дзе раскрываюцца сакрэты майстэрства роспісу яек гарачым воскам. Без сумневаў, майстар-класам ад пісанкаркі Алены Бібік скарыстаецца не адно пакаленне зацікаўленых.
Ёсць у зборніку і яшчэ адзін, так бы мовіць, герой. Гэта сам Вялікдзень, Вялічка, адно з найвялікшых святаў народнага календару беларусаў. Чырвонае яйка як яго сімвал і адначасова чалавек традыцыі ў сваім перажыванні свята. Упэўнена, кніга стане выдатнай нагодай для ўсіх неабыякавых яшчэ раз спраўдзіць свае, мясцовыя традыцыі і далучыцца да святкавання ў яго разнастайных лакальных формах.

Выхад кнігі і яе прэзентацыя былі прымеркаваныя да асабліва прыгожага і насычанага праекта. У мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці працавала выстава “Велікодныя матывы”, дзе былі прадстаўлены работы каля 70 майстроў з усіх рэгіёнаў. У іх ліку — два элементы з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
“Пісанка яднае людзей”, – напісала яшчэ ў самым пачатку кнігі Ала Сідаровіч. Няма сумневаў, што і кніга гэтаксама будзе аб’ядноўваць людзей, узбагачаць новымі ведамі ды натхняць на творчасць.
Таццяна ВАЛОДЗІНА