Супрацоўнікі РВУ "Культура і мастацтва" дзеляцца думкамі пра культуру і "Культуру".

Наталля Кузняцова
Дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова:
— Культура ўва мне — гэта шэпт Белавежскай пушчы і векавых дубоў, які чую ў шолаху дрэў нават на вуліцах Мінска. Гэта ўзоры слуцкіх паясоў, галасы “Песняроў” і вершы Янкі Купалы…
А дранікі са смятанай для мяне — не проста ежа, а смак дому, дзе б ні была.
Я ў культуры— гэта мая ціхая праца на карысць Беларусі.
Нават калі кажу “добра” замест “хорошо”, уплятаючы васількі ў вянок сучаснасці, зберагаючы мову ў нашых выданнях.
Мая культура— у тым, з якой павагай стаўлюся да зямлі, што памятае тысячы гадоў гісторыі.
Яна ў маёй стойкасці, спакоі і ва ўменні знаходзіць правільныя рашэнні.
Мы не проста захоўваем культуру, мы жывём ёю — уключаючы старадаўнія традыцыі ў свой цяперашні час, каб заўтра яны сталі чыімсьці шчаслівым лёсам. Гэта бесперапынны дыялог, дзе мінулае гаворыць праз нашу газету і часопіс, а мы ствараем сённяшнюю гісторыю для будучых пакаленняў.

Жанна Шчурок
Жанна Шчурок, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Культура”:
— Для мяне культура — не спектакль, канцэрт ці музейны праект, а паветра, якім дыхаю. Бо рэдакцыйная праца — гэта не пра ціхі кабінет: інфармацыйны шквал і мазгавыя штормы наганяюць і ў дарозе, і ў ложку.
Я ў “Культуры” — і гэта мая адказнасць. Кожны дзень стаю перад выбарам: што ўзвесці ў ранг падзеі, а што пакінуць за дужкамі.
Культура — бурлівае мора сэнсаў, і быць “у ёй” значыць не проста плысці па цячэнні, а ўлоўліваць імпульсы, якія фарміруюць заўтрашні дзень. Я нібы фільтр, які дапамагае чытачу адчуць пульс часу.
Другі бок — культура ўва мне. Гэта мой унутраны камертон. Яна жыве не ў цытатах, а ў сістэме каардынат. Гэта тое, што прымушае шукаць глыбіню і прызнаваць складанасць свету. Гэта галасы маіх настаўнікаў, прачытаныя кнігі, прагледжаныя пастаноўкі, убачаныя карціны, пачутыя мелодыі, якія змянілі “хімію крыві”.
Культура — мой унутраны арыенцір, які не дазваляе разменьвацца на імгненнае.
Мы — жывыя носьбіты мовы, этыкі і эстэтыкі. Рэдагаваць газету “Культура” — значыць захоўваць і развіваць нашы каштоўнасці, усведамляць, што гэты агонь павінен гарэць. Бо культура не дзесьці там, на сцэнах, у выставачных залах, а ўнутры кожнага з нас. Яна — тое, што робіць нас людзьмі.
“Я ў культуры, культура ўва мне” — формула бесперапыннага абмену. У гэтым бясконцым дыялогу паміж душой і светам, паміж мінулым і будучыняй і заключаецца сутнасць жыцця.

Ірына Станкевіч
Ірына Станкевіч, рэдактар аддзела:
— Хто я ў гэтым вялікім цікавым свеце? Ці магу лічыць сябе часткай беларускай культуры? Я — не мастак, не музыкант, не актрыса. Звонку — ніякага дачынення да высокага мастацтва не маю. Але…
Успомнілася падлеткавая мара быць мастацтвазнаўцам. Потым здарылася захапленне архітэктурай, нясмелыя спробы ў жывапісе (спадчыннасць: бацькі, дзядзькі, бабуля добра малявалі), у літаратуры (нават стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу). У рэшце рэшт прафесійныя шляхі-дарогі прывялі ў журналістыку, дзе пачынала з тэматыкі культуры.
Сёння, амаль праз тры дзесяцігоддзі, усведамляю: гэта быў правільны крок. Мне хочацца сказаць цёплыя словы лагойскім бібліятэкарам, музейшчыкам і педагогам школы мастацтваў. Ваша тагачасная падтрымка бясцэнная!
У газеце “Культура” я не так даўно. Але ў нечым дзякуючы колішняй падрыхтоўцы, а ў нечым — калектыву рэдакцыі распачала новы этап кар’еры. Насычаны, захапляльны і, здаецца, годны. Тут я пазнаёмілася з найцікавейшымі людзьмі, даведалася пра шматлікія грані мастацтва, акунулася ў свет Яе Вялікасці Культуры. І гэта мне падабаецца!
Сваёй працай імкнуся зберагаць нашу спадчыну — глыбокую, важную, разнастайную, тую, што жыве ў маім сэрцы і сагравае ва ўсе часы.