Ⅲ

“Я ў «Культуры», «Культура» ўва мне”: супрацоўнікі ўстановы — да юбілею выдання

Апублiкавана: 11 кастрычнiка 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Газетная справа

Аўтар: Аўтары

Супрацоўнікі РВУ "Культура і мастацтва" працягваюць дзяліцца думкамі пра культуру і "Культуру".

 

Надзея Бунцэвіч

Надзея Бунцэвіч, аглядальнік:

— З “Культурай” звязана вялікая частка майго жыцця, а таксама лёсу маіх родных. Спачатку я проста супрацоўнічала з рэдакцыяй. А ў 1997-м стала штатным аўтарам. Вагалася, бо паралельна стварала матэрыялы для радыё і выкладала ў Акадэміі музыкі. Узяўшыся за газету, не шкадавала, бо тут была магчымасць весці хроніку музычна-тэатральных падзей, фестывальна-конкурснага руху.

Потым сюды ўладкавалася мая старэйшая дачка  — наборшчыцай. Раней многія здавалі артыкулы ў рукапісным выглядзе, часцей па-руску. Яна не толькі набірала-перакладала тыя тэксты, але і, здаралася, рабіла іх інтэрпрэтацыю, каб дасланыя факты і думкі сталі больш лагічнымі і прывабнымі для чытачоў.

А за вярстальшчыка, які працаваў тут некаторы час, пазней выйшла замуж мая малодшая дачка. Ды і сыны раз-пораз выручалі фатаграфіямі.

Неаднойчы я атрымлівала прапановы куды больш прыбытковых пасад, ды хацела займацца не стужкай сціслых навін, а менавіта мастацкай крытыкай. Не простым пералічэннем — што, дзе, калі, — а аналітыкай. Пашыраць поле дзейнасці, паглыбляць веды, творчыя далягляды. І адзначаць тэндэнцыі не сухой дысертацыйнай мовай, а цікавай для ўсіх аматараў мастацтва. Бо культура — паняцце ўсёабдымнае. Яна не другасная надбудова, як некаторыя мяркуюць, а грунтоўны падмурак. І тыя праблемы, што ўсплываюць у эканоміцы, палітыцы, побыце, — ад яе прагалаў.

Культурны чалавек нават у самых складаных умовах не ператворыцца ў жывёлу, не дазволіць сабе пагардлівае стаўленне да іншых, хабар, маральны ўціск — усё тое, што парушае межы чалавечнасці. Мастацтва і гісторыя гэтаму вучаць, “Культура” пра гэта напамінае.

 

Святлана Чэкалава

Святлана Чэкалава, рэдактар інтэрнэт-рэсурсу:

— Культура — гэта не проста праца ці тэма, на якую пішаш. Гэта асаблівае асяроддзе, часткай якога паступова становішся, адна з самых светлых, яркіх і жывых граняў майго жыцця.

Выставы, прэм’еры, фестывалі — культура ўзбагачае ўражаннямі і зносінамі. Напэўна, у гэтым яе галоўнае прызначэнне — рабіць нашы дні святлейшымі і больш разнастайнымі, паказваць, колькі прыгожага вакол.

Асабліва люблю народную творчасць і расказваць пра людзей, якія яе захоўваюць і развіваюць. Калі бачу, з якім натхненнем яны ствараюць, як трапятліва перадаюць традыцыі дзецям, як ад душы спяваюць і танчаць, адчуваю захапленне і падзяку. І разумею: культура не толькі на сцэне ці ў музеі, яна найперш у чалавеку. Газета “Культура” для мяне — унікальная магчымасць быць побач з гэтым вялізным светам і дапамагаць іншым убачыць усе яго чароўныя бакі.

Асобная каштоўнасць — калегі. Каманда, дзе можна разлічваць на кожнага, звярнуцца па дапамогу і быць упэўненым: цябе не пакінуць сам-насам з задачай. Узаемны давер — адна з умоў паспяховай творчасці.

Мне падабаецца распрацоўваць і рэалізоўваць цікавыя праекты, спрабаваць новыя фарматы, шукаць спосабы расказваць пра культуру на розных інтэрнэт-пляцоўках і ў выніку знаходзіць для кожнай падзеі ці героя свайго чытача і гледача.

 

Ангеліна Сарока

Ангеліна Сарока, інтэрнэт-рэдактар:

— Культура ў інтэрнэце — гэта клік і імгненная рэакцыя, уменне адрозніць жывы факт ад штучнага шуму. Кожны дзень я праглядаю дзясяткі тэкстаў, відэа. Задача — не проста “вычысціць” памылкі і добра падаць інфармацыю, а захаваць у ёй душу.

Культура ўва мне — гэта беражлівае стаўленне да кантэксту. Калі матэрыял захоплівае дух, лічу сваім абавязкам прасунуць яго — як жэст павагі да герояў і аўтараў артыкулаў. Мая культура — гэта густ і навыкі, якія пастаянна ўдасканальваю. Гэта ўменне сказаць “не” віруснаму і штодзённаму, і “так” — складанаму, але глыбокаму. “Культура” ў інтэрнэце — працяг газеты, яе другое дыханне. І я шчаслівая быць часткай такой з’явы.

MAX TikTok