Выстава "Мастакі пра вайну"

Апублiкавана: 27 студзеня 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 31 студзеня прадставяць часовую выставу "Мастакі пра вайну", аснову якой складуць 25 жывапісных палотнаў са збору музея.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны стала скразной ніткай, якая праходзіць праз творчасць многіх вядомых беларускіх мастакоў і, перш за ўсё, праз творчасць яе ўдзельнікаў. Некаторыя з іх: Ціханаў І.Ц., Сакалоў В.Ф., Зайцаў Я.А., Бараноўскі Ф.М., Кроль А.І., Давідовіч І.А., Няпомняшчы Б.А., ваявалі ў радах Чырвонай Арміі, іншыя: Раманаў С.Р., Гуціеў М.Ц., Абрыньба М.І., Лі С.Д., Грамыка В.А., Бархаткоў А.С. змагаліся ў партызанскіх атрадах на акупіраванай беларускай зямлі. Усё, што яны ўбачылі і перажылі, стала штуршком для стварэння праўдзівых і рэалістычных твораў, якія і зараз хвалююць сучаснае пакаленне.

Дапоўняць экспазіцыю фатаграфіі, дакументы і асабістыя рэчы ваеннага і пасляваеннага перыяду, якія належалі мастакам, чые творы прадстаўлены ў першай частцы часовай экспазіцыі.

Мэта часовай экспазіцыі – праз мастацтва жывапісу дакрануцца да гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны, асэнсаваць подзвіг народа і абудзіць у сучаснікаў адказнасць за беражлівае захаванне памяці аб подзвігах нашых старэйшых пакаленняў.

У межах работы выставы адбудуцца куратарскія экскурсіі – 3, 9, 24 лютага і 3 сакавіка. Неабходны папярэдні запіс па тэлефонах: +375 (17) 203-07-92, +375 (29) 144-07-92.

Урачыстае адкрыццё запланавана на 16.00. Азнаёміцца з выставай можна будзе па 15 сакавіка.