Вучонай ступені доктара мастацтвазнаўства ўдастоена Вольга Папко — дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Адпаведны дыплом Вольга Мікалаеўна атрымала 22 студзеня з рук Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Вольга Папко
Ступень прысуджана за раскрыццё значэння прыватных калекцый як мастацкага феномена, што адлюстроўвае характар гісторыка-культурнага кантэксту свайго часу, і іх ролі ў развіцці мастацтва. Вольга Папко даказала важнасць і арганічную сувязь мастацкіх калекцый князёў Вітгенштэйнаў з беларускай культурай.
Вынікі даследавання выкарыстоўваюцца ў замкавым комплексе “Мір”, Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” і Нацыянальным гістарычным архіве.
— Вольга Мікалаеўна, род Вітгенштэйнаў у Беларусі не такі папулярны, як, напрыклад, Радзівілаў. Чаму вырашылі займацца менавіта гэтай дынастыяй?
— Знаёмства з ёй адбылося на пачатку 2000-х. Працуючы дырэктарам замкавага комплексу “Мір” і ствараючы экспазіцыю ў 2012 годзе, убачыла, што не хапае партрэта Стэфаніі Радзівіл — той самай, якая ў 1828-м стала жонкай расійскага графа Льва Вітгенштэйна. З гэтым шлюбам звязана перадача замка ад аднаго роду другому, таму асоба Стэфаніі вельмі важная.
У музеі тады знаходзілася толькі копія малюнка, выкананага рукой Аляксандра Пушкіна на палях паэмы “Яўген Анегін”. Так, не здзіўляйцеся: Аляксандр Сяргеевіч сябраваў з Львом Вітгенштэйнам і нават прысутнічаў на вяселлі графа з князёўнай.
Я стала шукаць хоць які-небудзь партрэт Стэфаніі, а знайшла цэлыя калекцыі карцін, малюнкаў, фотаздымкаў, шмат дакументаў, што распавядалі пра Вітгенштэйнаў і іх вялізныя беларускія маёнткі. Дарэчы, княжацкі тытул Леў Пятровіч атрымаў пасля смерці жонкі.
Стэфанія пражыла ўсяго 23 гады. Дзяўчыны не стала, калі яе дачцэ Марыі споўнілася тры, а сыну Пятру — усяго адзін гадок. У спадчыну ад прадстаўніцы роду Радзівілаў засталіся вялізныя ўладанні, звыш 1 мільёна 200 тысяч гектараў: Мірскі замак, Карэлічы, Любча, Дамачава, Случчына. Я палічыла, колькі гэта ў адносінах да плошчы Беларусі. Аказалася, каля 17 % тэрыторыі!
— Што і дзе вам удалося знайсці?
— Перадусім, зразумела, партрэты Стэфаніі, у тым ліку напісаныя знакамітым Карлам Бруловым.

Партрэт Стэфаніі, напісаны Карлам Бруловым
Пазней, працуючы з іншымі выявамі і ўспамінамі яе сяброўкі Аляксандры Смірновай Расэт, устанавіла цікавую недакладнасць: Стэфанія мела прыгожыя светлыя валасы, а на партрэце выбітнага мастака яна брунетка. Даследчыкі тлумачаць гэты феномен тым, што Брулоў надаваў мадэлям рысы свайго ідэалу прыгажосці — палкай італьянкі.
Я адшукала шмат акварэляў з інтэр’ерамі палацаў, фотаздымкі, гравюры, карты ўладанняў. Леў Пятровіч меў зносіны з мастакамі-сучаснікамі, актыўна купляў іх творы. Так узнікла каштоўная калекцыя. Да таго ж мяне прывабіла, што гісторыя роду Вітгенштэйнаў раней амаль не даследавалася, і гэта забяспечыла шырокае поле дзейнасці.
— Пэўна, адкрыцці былі абнародаваны?
— З’явілася шмат публікацый, а ў кастрычніку 2023 года музей “Замкавы комплекс «Мір»” выдаў пад маім аўтарствам вялікі каталог фатаграфій са збору Марыі, дачкі Льва і Стэфаніі. Калекцыя была знойдзена мною ў Германіі, налічвае 325 здымкаў і гравюр XIX стагоддзя. Ёсць выявы Мірскага замка, уладанняў у Налібоцкай пушчы, дзе князі Вітгенштэйны любілі паляваць.
%20%D0%BD%D0%B5%D0%B8%D0%B7%D0%B2%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%85%D1%83%D0%B4%D0%BE%D0%B6%D0%BD%D0%B8%D0%BA%D0%B0.jpg)
Дарэчы, Марыя Львоўна была вялікім аматарам гэтай забавы! Князёўна нароўні з мужчынамі высочвала дзічыну, магла гадзінамі сядзець у засадзе і метка страляла. У скарбонцы Марыі — ласі, алені, мядзведзі…
Чучалы трафеяў захоўваюцца ў Германіі. А ў 2016 годзе 18 жывапісных партрэтаў князёў Радзівілаў са збораў Вітгенштэйнаў былі куплены для Мірскага замка. Цяпер творы даступныя для наведвальнікаў. Да таго ж выдавецтва “Беларуская навука” выпусціла двухтомнік маёй працы, прысвечаны калекцыі графікі, скульптуры і фатаграфіі Вітгенштэйнаў.
— А ці ёсць знаходка, якой вы асабліва ганарыцеся?

Карл Брулоў. "Дзеці Вітгенштэйна"
— Напэўна, гэта работа Брулова “Дзеці Вітгенштэйна”, дзе адлюстраваны Марыя і Пётр з нянькай-італьянкай.

У палацы Шылінгсфюрст, Германія
Палатно доўга лічылася згубленым. Але ў адной з навуковых экспедыцый, калі я шукала зборы карцін, выявіла яго ў калекцыі князя Канстанціна Гагенлоэ, нашчадка Марыі Вітгенштэйн, у палацы Шылінгсфюрст у Германіі. Цяпер твор належыць прыватнай асобе, знаходзіцца ў Расіі. Палатно дэманстравалася падчас экспазіцыі ў Санкт-Пецярбургу, зараз выстаўлена ў маскоўскай Траццякоўскай галерэі.
— Распавядзіце пра вашы пачуцці ў момант, калі зразумелі, што зрабілі адкрыццё.
— Радасць, задавальненне. Ведаеце, іншым разам трэба перавярнуць горы дакументаў дзеля аднаго маленькага зярнятка. Гэта насамрэч напружаны працэс. Даследчык вырастае з дзесяцігоддзяў працы ў архіве, пошукаў і знаходак.
— А якая ад таго карысць сучаснікам, акрамя, зразумела, задавальнення гістарычнай цікавасці?
— Я чакала падобнага пытання. Устаноўленыя факты, асобы, звязаныя з Вітгенштэйнамі ды іх маёнткамі, раскрываюць мінуўшчыну шматлікіх вёсак, мястэчак і гарадоў, якія належалі роду. Калі вы патрапіце на экскурсію ў Мірскі замак, там шмат чаго раскажуць з маіх знаходак. Інфармацыю таксама можна выкарыстоўваць для стварэння брэнда і прыцягнення турыстаў. Да прыкладу, Стэфанія Вітгенштэйн вельмі любіла варэнне з чорных парэчак. Пра гэта мы ведаем з мемуараў яе найлепшай сяброўкі Аляксандры Смірновай-Расэт. Тая вучылася разам са Стэфаніяй у Кацярынінскім інстытуце шляхетных дзяўчат у Пецярбургу і рабіла нататкі пра штодзённае жыццё.
І ўявіце: у продажы — ласунак “Ад Стэфаніі” з князёўнай на этыкетцы. Вы б купілі? Я — так, нават прытым, што не вельмі люблю парэчкі. Проста каб пакаштаваць, як гэта было раней. На матэрыяле аб распарадку дня, бытавых звычках, элементах гардэробу таксама, лічу, можна стварыць музейныя заняткі, рэканструкцыі касцюмаў — і прыцягнуць увагу турыстаў, у тым ліку замежных.

— Ці здараліся нейкія неспадзяваныя адкрыцці?
— Іншым разам каштоўную інфармацыю знаходзіш нечакана. Так, у архіве ў Мінску мне патрапіўся вялізны фаліянт “Інвентар лясоў лясніцтваў князёў Вітгенштэйнаў”. Разумею: гэта пералік гаспадарчых пабудоў, дадзеныя аб выдатках і прыбытках, памеры лясоў… Думаю: ну што цікавага для мастацтвазнаўца? Але вырашыла праглядзець. Сярод лічбаў бачу апісанні двух палацаў — аднаго пад Пецярбургам, другога — у Каменцы на Днястры. У тэкстах згадваецца вялікая колькасць твораў мастацтва. І вось цяпер для каменскага музея, які размяшчаецца ў былых надворных пабудовах, бо сам палац не захаваўся, гэта — каштоўнае адкрыццё. Хто ведае, колькі б яшчэ часу такія звесткі заставаліся тайнай? Аднак, прызнаюся, некаторыя складанасці адчуваю пры расшыфроўцы запісаў — праз неразборлівасць почыркаў і замежныя мовы.
— Але, пэўна, вы знаходзіце выйсце?
— Так. Напрыклад, я доўга не магла ўзяцца за расшыфроўку рэцэптаў любімых страў мужа Марыі, нямецкага палітыка Хлодвіга Гагенлоэ, напісаных “выкрутасістымі” літарамі па-французску. Тым больш што гэтую мову я не ведаю. Вырашыла паспрабаваць звярнуцца да штучнага інтэлекту, і вынік не прымусіў чакаць. Натуральна, давялося папрацаваць над дакладнасцю пастаўленай задачы, але гэта менавіта той выпадак, калі тэхналогіі вельмі дапамаглі. Нямецкі князь загадаў перапісаць стравы, якія гатавалі ў беларускіх маёнтках падчас яго візітаў. Магчыма, прысмакі можна будзе пачаставаць у рэстаране Мірскага замка ці ў іншых гарадах, якія належалі роду Гагенлоэ. Упэўнена, і такое маё адкрыццё акажацца карысным.

— Што яшчэ, акрамя даследавання скарбаў Вітгенштэйнаў, уваходзіць у кола вашых інтарэсаў?
— Летась разам з гісторыкам Сяргеем Грунтовым удзельнічала ў падрыхтоўцы вялікага і вельмі прыгожага зборніка навуковых артыкулаў “Шарашова і Пружанскі край”, у маі 2025-га мы правялі навуковапрактычную канферэнцыю на гэтую тэму. Сама зрабіла тры вялікія публікацыі, звязаныя з мінуўшчынай малой радзімы маіх бацькоў — мястэчка Шарашова ў Пружанскім раёне. У тэкстах пададзены зусім новыя звесткі, якія грунтуюцца на раней невядомых дакументах. Адзін з артыкулаў расказвае пра маёнтак Шарашова ў канцы XVIII стагоддзя на падставе інфармацыі з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Удалося падрабязна ахарактарызаваць тутэйшы палац князёў Чартарыйскіх, хаця раней было ўстаноўлена толькі тое, што ён аднапавярховы і драўляны, а што там унутры — не. А ў спісах жыхароў навакольных вёсак адшукала і сваіх продкаў. Такія даследаванні заўсёды вельмі эмацыйныя, адгукаюцца ў душы, на іх не шкада часу.
— Якія планы ў найбліжэйшай будучыні?
— Цяпер арганізоўваем аналагічную навукова-практычную канферэнцыю “Ружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна”. Правесці яе плануем у кастрычніку. Дарэчы, праграма працы нашага цэнтра вельмі насычаная: сёлета рыхтуем да выхаду каля 50 кніг, у тым ліку па гісторыі беларускай мультыплікацыі, зладзім 19 навуковых канферэнцый, семінараў.

— Вольга Мікалаеўна, і апошняе пытанне: як на ўсё знаходзіце час і адкуль чэрпаеце энергію?
— Я жаваранак, звычайна прачынаюся вельмі рана. Устаўшы ў пяць гадзін, шмат чаго паспяваеш. Гэта той момант, калі ты застаешся сам-насам з сабой, можна прывесці ў парадак думкі, распланаваць дзень, папрацаваць з дакументамі. Калі карпею ў архівах, іншым разам так захапляюся, што губляю лік часу. Хочацца дазнацца: а што там, што далей? У гэтым, пэўна, і ёсць натхненне. А яшчэ — у мацярынстве, добрых кнігах, мастацтве, вандроўках па Беларусі. Ведаеце, мяне часта запытваюць: “Працуючы ў архівах, даследуючы старажытныя будынкі, ужо адшукала, пэўна, нейкі схаваны Вітгенштэйнамі скарб?” І я адказваю, што спадзяюся на новыя загадкі, адкрыцці і нечаканыя знаходкі: невядомае вабіць больш, чым вядомае…
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў гераіні