Унікальная гліняная свістулька — традыцыйны сімвал Чашніцкага раёна — вернута да жыцця. Загадчыца мясцовага Дома рамёстваў Галіна Шынкевіч здолела адшукаць аўтэнтычны артэфакт і на яго аснове зрабіць цэлую калекцыю цацак, адрадзіўшы страчаную старонку знакамітага ганчарнага промыслу Віцебскага рэгіёна.

САПРАЎДНЫ СКАРБ
Галіна Уладзіміраўна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. З дзяцінства бярэцца за ўсё, да чаго цягнецца творчая душа. Найбольш жа нашу гераіню вабіць традыцыйнае мастацтва, асабліва маладаследаванае.
— Сем гадоў працую ў Чашніцкім Доме рамёстваў. Па адукацыі я мастачка, аднак мая дзейнасць заснавана не толькі на творчасці. Падабаецца вывучаць мінуўшчыну, паглыбляцца ў архівы, ездзіць у экспедыцыі. Калі пачала займацца раёнам, захацела даведацца, якія промыслы тут існавалі, чым зараблялі нашы продкі. Шукала нешта адметнае, уласцівае менавіта гэтаму краю. Размаўляла са старажыламі, цікавілася мясцовымі знаходкамі, сачыла нават за землянымі працамі ў гістарычнай частцы горада, — расказвае Галіна Шынкевіч.

Чашнікі калісьці былі адным з ганчарных цэнтраў Віцебшчыны. Майстры стваралі посуд і рознае гаспадарчае начынне, а побач з вялікімі рэчамі нараджаліся маленькія — гліняныя цацкі.
— Калі, напрыклад, нехта закладаў фундамент, падыходзіла, пыталася: “Вы будзеце капаць? Дазволіце, пагляджу?” Бо ведала, што там жылі ганчары, — усміхаецца суразмоўца.
Асабліва важнай для пошукаў стала вуліца Пралетарская — стары раён Чашнікаў, які некалі насялялі рамеснікі, гандляры. Менавіта тут у ліпені 2025 года падчас даследчай працы Галіна Уладзіміраўна выявіла керамічную свістульку “Вершнік”.

— Памятаю, як узяла яе ў рукі, прыціснула да сябе і стаю. Было такое адчуванне, быццам на грошы натрапіла. Адразу ўсім пачала тэлефанаваць, паказваць, фатаграфаваць, у музей пабегла. Хадзіла натхнёная і не ведала, куды яе паставіць, каб, не дай бог, не ўпала. Для кагосьці гэта стары кавалак гліны, для мяне — сапраўдны скарб, тое, што я шукала столькі гадоў!
САКРЭТЫ РАМЯСТВА
Знайсці артэфакт — палова справы. Наступны крок — разгадаць сакрэты даўніх умельцаў: зразумець спецыфіку мясцовай гліны, асаблівасці абпалу, а галоўнае — спасцігнуць акустычную анатомію свістулькі, што дае ёй чысты, непаўторны голас. Пасля шматлікіх эксперыментаў, спроб і памылак тэхналогія была цалкам рэканструявана.

— Гук залежыць ад таго, якая ўнутраная камера: гладкая ці не, большая ці меншая, круглая або цыліндрычная. У гэтай свістульцы — вельмі маленькая. Фігурка зроблена літаральна пад вялікі палец, — распавядае Галіна Шынкевіч. — Менавіта такая камера і дазволіла атрымаць гук, характэрны для нашай традыцыйнай цацкі. Калі падзьмуць у старажытную свістульку і ў створаную мной сучасную, розніца практычна не адчуваецца.
Майстрыха звярнулася і да аўтэнтычных метадаў апрацоўкі керамікі, якія выкарыстоўваліся ў краі. Сярод іх — малачэнне і абварванне.
Пры першым спосабе ўжо абпалены выраб апускалі ў малако, а затым зноў адпраўлялі ў печ — так паверхня набывала насычанае шакаладнае адценне. Пры абварванні гарачую кераміку качалі ў вадкім цесце, пакідаючы на ёй плямісты малюнак. У чашніцкім дэкоры сустракалася і тэхніка дымлення.

Трэба акрэсліць і тое, што прадмет значыў для людзей. Гліняныя цацкі служылі дзіцячай забавай, упрыгожаннем дома, а ў пэўных выпадках мелі і абрадавы сэнс. У беларускай традыцыі постаць вершніка звязваецца з тэмамі працы, зямлі, руху і абароны. Асаблівае месца тут у святога Юрыя — апекуна земляробаў і жывёлы, заступніка дабра і справядлівасці. За невялікай фігуркай важна ўбачыць чалавека канкрэтнай эпохі — таго, каму конь быў памочнікам у працы, а зямля прыносіла сродкі на жыццё.
ЗАЦІКАВІЦЬ І ПЕРАДАЦЬ
Вынікам маштабнага даследавання і творчых пошукаў стала паўнавартасная калекцыя аўтарскіх цацак. Сёння яна налічвае каля 300 элементаў: птушкі, конікі, іншыя старадаўнія вобразы. І збор працягвае расці. А разам з ім пашыраецца кола людзей, якія даведваюцца пра традыцыю. Чашніцкая свістулька выходзіць за межы Дома рамёстваў. Яе прадстаўляюць на “Славянскім базары ў Віцебску”, фестывалі народных рамёстваў “Вясновы букет”, знаёмяць з ёй гасцей горада.

Адметны напрамак — майстар-класы. Асабліва ахвотна далучаюцца дзеці.
— Важна, што падчас заняткаў хлопчыкі і дзяўчынкі пераадольваюць увесь шлях ад лепкі да стварэння гуку і сваімі рукамі робяць рэч, пра якую яшчэ нядаўна не чулі, — мяркуе Галіна Уладзіміраўна. — Праца з глінай дапамагае развіваць дробную маторыку. І вельмі прыемна, калі ў маленькіх аўтараў з’яўляецца бляск у вачах, цікавасць да роднага краю.
Менавіта так працягваецца жыццё традыцыі — калі прадмет, які здаваўся толькі артэфактам з мінулага, набывае другое дыханне ў дзіцячых руках.

— Кожны куток Беларусі мае сваю ўнікальную спадчыну. Варта збіраць яе па крупінках, аднаўляць, паказваць людзям і перадаваць наступным пакаленням, каб яны ведалі: у нас сапраўды багатая зямля, багатая гісторыя, культура. У гэтым маё крэда, — падсумоўвае суразмоўца.
Ганна КАЛНІНА. Фота з архіва гераіні