Ⅲ

Захоўваць, развіваць, перадаваць

Апублiкавана: 10 кастрычнiка 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: Служба інфармацыі

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі культуры расказалі, чым сёння жыве наша сфера, як зберагаюць назапашанае і ствараюць новае.

 

— Культура — тая мова, інструмент, які здольны наводзіць масты сяброўства і ўзаема­разумення паміж краінамі і народамі. Яна спрыяе захаванню і перадачы ведаў, выхоўвае маральна-патрыятычныя якасці чалавека. Але за ўсімі дасягненнямі стаіць найперш работнік культуры — яго энтузіязм, добрасумленнасць і самаадданасць, — адзначыла начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іна Адамовіч.

 

Іна Адамовіч

Сёння галіна налічвае больш за 52 тысячы работнікаў. Сярод іх 76 % — жанчыны, што асабліва прыкметна ў Год беларускай жанчыны.

Амаль палова супрацоўнікаў мае вышэйшую адукацыю, яшчэ 32 % — сярэднюю спецыяльную.

Штогод ва ўстановы культуры прыходзіць каля 1,5 тысячы маладых адмыслоўцаў. Дзейнічае сістэма падтрымкі моладзі — ад стыпендый, прэмій і іншых формаў заахвочвання да магчымасцей для прафесійнага развіцця падчас навучання.

Адна з галоўных задач сферы — зрабіць мастацтва даступным для людзей. Яе паспяхова вырашаюць тэатры, канцэртныя арганізацыі, клубы, музеі, бібліятэкі як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці. У краіне працуе каля 28 дзяржаўных тэатраў, 22 канцэртныя арганізацыі і 2 цыркі.

Важным сродкам папулярызацыі нацыянальнай культуры застаюцца фестывалі і святы рэгіянальнага, абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў.

Працягваецца рэканструкцыя гісторыка-культурных каштоўнасцей, завяршаецца ўзвядзенне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея.

 

Ірына Мацяс

Галоўная скарбніца культурнай спадчыны — Нацыянальны мастацкі музей — рыхтуецца да адкрыцця ў 2028-м музейнага квартала з новымі экспазіцыйнымі плошчамі, лекторыем і фондасховішчам.

Як паведаміла генеральны дырэктар установы Ірына Мацяс, толькі сёлета зборы папоўніліся 5,6 тысячы твораў айчыннага мастацтва — і цяпер складаюць агулам больш за 40 тысяч прадметаў.

 

Дзмітрый Сямёнаў

Сваё месца ў галіне займае і кінематограф. Як распавёў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Дзмітрый Сямёнаў, развіваюцца ігравы, дакументальны і анімацыйны напрамкі, ідзе пошук аўтараў, работа са сцэнарыстамі, з рэжысёрамі, пашыраецца ўзаемадзеянне з замежнымі калегамі. Зараз у працы карціна “19.91”, серыял “Слова афіцэра”, а 8 кастрычніка ва ўсіх кінатэатрах краіны адбылася прэм’ера мультфільма “Ваўчок”.

 

Марат Лагутка

Рухаецца ўперад і народная творчасць. Дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча Марат Лагутка прыводзіць выказванне народнага артыста Беларусі, ранейшага мастацкага кіраўніка калектыву Міхаіла Дрынеўскага:

— Народная песня — наша духоўная гісторыя, наша святыня, наш корань. З вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца праз многія сотні гадоў прыйшоў у сённяшні дзень гэты цуд. Наша мэта — сабраць усё найлепшае, што ёсць у скарбонцы беларускай нацыянальнай музычнай культуры, і даць яму новае сцэнічнае жыццё.

 

Наталія Кароціна

Гэты ланцужок пераемнасці працягваецца і ў сістэме адукацыі.

— Навучанне ў сферы культуры ахоплівае дзяцей ад чатырох гадоў да юнацтва, а каледжы і ВНУ рыхтуюць прафесійныя кадры для галіны, працуючы ў тым ліку з дарослымі людзьмі. Каб зберагаць нашу культуру, мы павінны захаваць і наша цудоўнае адукацыйнае асяроддзе, — падкрэсліла дырэктар Рэспублі канскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталія Кароціна.

 

Наталля Кузняцова

А каб імёны і творчыя здабыт­кі замацаваліся ў грамадскай памяці, факты мусяць трапляць у інфармацыйную прастору. Тут сваю ролю адыгрывае журналістыка.

— Газета “Культура”, якая святкуе 35-годдзе, увесь гэты час вядзе летапіс культурнага жыцця краіны, — адзначыла дырэктар РВУ “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова. — Наш штотыднёвік фіксуе падзеі на паперы, а таксама папулярызуе дасягненні галіны ў лічбавай прасторы. Мы шукаем новыя формы камунікацыі з чытачом, каб ён быў не толькі сведкам гісторыі, але і яе актыўным стваральнікам.

Служба інфармацыі “КіМ”

MAX TikTok