Выстава “Элегантнасць срэбра: скарбы аманскага двара” з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман адкрылася ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. У экспазіцыі — найбольш адметныя творы, што дэманструюць багацце спадчыны гэтай краіны і знаёмяць з яе звычаямі ды традыцыямі.

Ва ўрачыстай цырымоніі паўдзельнічала дэлегацыя Султаната Аман, якую ўзначалілі Яе Высокасць прынцэса Мона бінт Фахад Аль Саід і генеральны сакратар Нацыянальнага музея Жамаль Хасан аль-Мусаві. З 13 па 18 верасня яны знаходзіліся з візітам у Рэспубліцы Беларусь, у рамках якога сустрэліся з афіцыйнымі асобамі і наведалі ўстановы культуры і адукацыі.
МЕТАЛ ЯК СІМВАЛ ГОДНАСЦІ
Вялікае значэнне ў культуры Амана мае мастацтва апрацоўкі срэбра. Аздобленыя ім вырабы не толькі сведчаць аб статусе і дабрабыце ўладальніка, але і служаць сродкам самавыяўлення майстра. У экспазіцыі паказаны парадныя кінжалы, амулеты, ювелірныя ўпрыгожанні і аксесуары з каштоўнага металу.

Вытворчасць кінжалаў — найбольш шматграннае з усіх аманскіх рамёстваў. Яно ўключае працу са сталлю, скурай, з дрэвам, рогам, косцю і тканінай.

Таксама на выставе прадстаўлены традыцыйныя касцюмы, што дэманструюць разнастайнасць функцый аманскага адзення. Шэраг прадметаў знаёміць з культурай парфумерыі: можна пабачыць узоры флаконаў мужчынскіх духоў слыннага брэнда Amouage, дызайн якіх натхнёны аўтэнтычным кінжалам.
Адмысловае месца адведзена комплексу мемарыяльных рэчаў прынцэсы Саіды Сальмы бінт Саід аль-Бусаідзі. Яна напісала першую ў свеце аўтабіяграфію знатнай арабскай жанчыны — “Мемуары арабскай прынцэсы Занзібара”.
КІНЕМАТОГРАФ І НЕ ТОЛЬКІ
Раней, 14 верасня, аманская дэлегацыя наведала Нацыянальную студыю “Беларусьфільм”. З кіраўніцтвам установы абмяркоўвалася пашырэнне супрацоўніцтва ў сферы кіно і перспектывы стварэння сумесных праектаў.

Разглядалася пытанне падрыхтоўкі нашымі спецыялістамі анімацыйных стужак для дзяцей розных узростаў пра першую афіцыйную дзяржаўную агульнаадукацыйную школу “Ас-Саідыя”. Асобная ўвага была нададзена магчымасці пазнаёміць з айчыннымі карцінамі аманскую публіку.
ПА ДАРОЖНАЙ КАРЦЕ
Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач 15 верасня правёў сустрэчу з генеральным сакратаром Нацыянальнага музея Султаната Аман Жамалем Хасанам аль-Мусаві і яго калегамі. У дыялогу, які разгарнуўся на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, удзельнічалі прадстаўнікі ведамства і ўстаноў культуры.
Бакі гаварылі пра сумесную работу краін у нашай галіне. Асноўныя напрамкі замацаваны ў мемарандуме аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам спадчыны і культуры Султаната Аман ад 1 красавіка 2018 года і ў дарожнай карце супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на 2026—2027 гг.

УЗАЕМНАЯ ЦІКАВАСЦЬ
Падчас сустрэчы разглядаліся пытанні рэалізацыі ў 2027 годзе новых праектаў, у тым ліку супольных і абменных, у сферах адукацыі, канцэртнай і выставачнай дзейнасці. Аманскі бок зацікаўлены ў арганізацыі выступлення сваіх артыстаў у нас, а беларускі запрасіў прадстаўнікоў Султаната Аман да ўдзелу ў айчынных творчых конкурсах. Напрыклад, у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Сяргей Саракач падзякаваў замежным калегам за дапамогу ў вывучэнні прадметаў усходняга паходжання, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, і ў перакладзе тэкстаў. Таксама абмяркоўвалася арганізацыя выставы Нацыянальнага музея Султаната Аман з нагоды адкрыцця новага будынка Нацыянальнага гістарычнага.
З ХЛЕБАМ-СОЛЛЮ
Акрамя таго, дэлегацыя на чале з генеральным сакратаром Нацыянальнага музея Султаната Аман Жамалем Хасанам аль-Мусаві завітала ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, дзе высокіх гасцей сустракалі хлебам-соллю пад гукі дуды.

Актыўная гутарка адбылася падчас агляднай экскурсіі па экспазіцыйным сектары “Цэнтральная Беларусь” і знаёмства з асаблівасцямі нашага драўлянага дойлідства. Вялікую цікавасць выклікалі народныя строі і аповед аб іх адрозненнях у рэгіёнах краіны.
Антон РУДАК. Фота з Telegram-каналаў Міністэрства культуры і Пул 4 Регион