Ⅲ

Беларусь — наша любая маці

V Фестываль мастацтваў беларусаў свету сабраў 250 удзельнікаў з 13 дзяржаў. Юбілейны культурна-патрыятычны форум суайчыннікаў праходзіў з 22 па 27 верасня пад дэвізам “Беларусь — наша любая маці”.

 

ФЕСТЫВАЛЬ-АБЯРЭГ

У Мінск творчыя дэлегацыі сталі прыбываць 22 верасня, а ўжо назаўтра з прэс-канферэнцыі “Пад крыламі Маці-Беларусі: адзінства і культура беларусаў свету” стартавала вялікая праграма.

Пачалася размова пра галоўнае: аддаючы даніну Году беларускай жанчыны і жанчыне як маці, канцэпцыя форуму будуецца на аб’яднанні пачуцця нацыянальнай ідэнтычнасці з вобразам Радзімы-маці. Так, абмяркоўваліся рэчы, якія нельга ўбачыць у зводках: як гучыць наша слова ў іншых дзяржавах, што значыць спадчына для тых, хто жыве далёка, і навошта ўсё гэта сёння, тут, разам.

Распавядае Вольга Хачкова, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур:

— Сёлета на фоне сусветнага пошуку культурных апор праект набывае асаблівае гучанне як фестываль — абярэг нацыянальнага кода. Геаграфія ўдзельнікаў вельмі вялікая. Да нас завіталі беларусы з 13 краін. Шырока прадстаўлена Расійская Федэрацыя — 19 рэгіёнаў: ад Нальчыка і Растова-на-Доне да Карэліі і Камчаткі. Ёсць землякі і з Амерыкі, Германіі, Італіі, Іарданіі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Польшчы, Турцыі, Узбекістана, Эстоніі. Бо мэта форуму — падтрымка і папулярызацыя нашай культуры сярод сусветнай супольнасці беларусаў, умацаванне кантактаў дыяспар з Радзімай.

У той жа дзень замежнікі наведалі Нацыянальны мастацкі і Нацыянальны гістарычны музеі, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Лошыцкую сядзібу — здзейснілі падарожжа па сталіцы, дзе кожны прыпынак быў прысвечаны пэўнаму пласту гісторыі і культуры.

У зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшла дыялогавая пляцоўка “Беларусь гасцінная: дыялогі пра культуру”. Гаварылі пра важнае — як захаваць сувязь з Радзімай, перадаць дзецям мову і традыцыі.

 

АДНА СЦЭНА — АДНО СЭРЦА

Наступны дзень пачаўся ў Мінскім гарадскім палацы культуры. Працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнога, выяўленчага і фотамастацтва гасцей з-за мяжы. Асобным блокам былі прадстаўлены экспанаты з музея лыжкі, што ў Беразіне, а таксама элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі — паясы “на ніту” з Валожыншчыны і рухаўскія дываны з-пад Старых Дарог.

— Важна, каб суайчыннікі з-за мяжы не толькі паказвалі сваё, але і маглі паразмаўляць з нашымі майстрамі, убачыць, якія формы мастацтва ў нас развіваюцца. Гэта вельмі каштоўна для людзей творчых, што займаюцца ручной працай, — адзначыла Вольга Барысаўна.

А пасля ўсе сабраліся ў глядзельнай зале — на галоўнай падзеі форуму. Ахвотных выступіць было шмат, таму арганізатары пастараліся зрабіць так, каб на сцэну выйшлі ўсе, хто хацеў, — і гурты, і сольныя выканаўцы.

На гала-канцэрце “Беларусь — наша мілая маці” спярша прагучала песня “Мой родны кут”. Кампазіцыю прэзентавалі Ігар Расцяраеў з Кабардзіна-Балкарыі, Нацыянальны акадэмічны народны хор і заслужаны калектыў “Белыя росы”. Разам яны задалі тон усяму вечару — спакойны, светлы, нібы гутарка пра самае дарагое.

Падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця былі прадстаўлены ўдзельнікі фестывалю і выкананы Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Праграма ўключыла многае — ад народных мелодый, знаёмых з дзяцінства, да запамінальных харэаграфічных пастановак. Майстэрства паказалі ансамблі з розных краін. Кожны нумар меў свой характар, але ўсе яны склалі адно вялікае палатно, у аснове якога — любоў і павага да каранёў, маці-Радзімы.

Асаблівы момант — выхад народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі і Алы Сандлер з Балтымара. Яны выступілі з творам “Песня мая — Беларусь”. Завяршыўся канцэрт кампазіцыяй “Беларусы мы”, якую зала падхапіла ўслед за вакалістамі.

 

ВЯЛІКАЯ СЯМ’Я

Навінка сёлетняга фестывалю — Дзень моладзі, праграма якога стартавала 25 верасня. Для 20 юных удзельнікаў падрыхтавалі дыялогавую пляцоўку “Нас аб’яднала Беларусь” і экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку.

— Да нас прыехалі дзеці, якія нарадзіліся за мяжой. Бацькі знаёмяць іх з беларускай культурай. Зварот да каранёў дапамагае глыбей зразумець нашу мову, звычаі. Мы імкнёмся падтрымліваць такіх хлопцаў і дзяўчат, бо яны — паслядоўнікі захавання беларускіх традыцый. Сувязь не павінна губляцца, — падкрэсліла Вольга Хачкова.

Сярод спікераў пляцоўкі — прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі. Гэта не лекцыя, а дыялог, дзе ўсе прысутныя — суразмоўцы.

Акрамя таго, госці наведалі Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў аграгарадку Азярцо.

Увечары ўсіх чакаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета са спектаклямі “Жар-птушка” і “Шэхеразада”.

Таксама беларусы замежжа завіталі ў Лагойск, Пінск, Бездзеж, Глыбокае, Жыткавічы, Тураў, ва Ушачы. Прайшлі сумесныя канцэрты з мясцовымі калектывамі, экскурсіі па музеях, знаёмства з абрадамі.

Геаграфія форуму сведчыць: беларусы — гэта адна вялікая сям’я, якая, нягледзячы на адлегласці, застаецца вернай караням. І наша краіна, як маці, заўсёды гатова прыняць дзяцей пад свае крылы.

Дар’я АРХІПКОВА. Фота з архіваў удзельнікаў фестывалю

MAX TikTok