Ⅲ

Летапіс Коласаўскага: 1970—1980-я. Выпуск 6

Напрыканцы 1970-х і ў пачатку 1980-х калектыў тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску цалкам сфарміраваўся і палюбіўся гледачам. На гэты перыяд трапляе росквіт установы: на падмостках увасабляліся драматычныя творы розных кірункаў, трупа рэгулярна выязджала на гастролі.

 

ТРЫВАЛЫ ПАДМУРАК

Высокую планку паставіў Сямён Казіміроўскі, які каля дзесяцігоддзя быў галоўным рэжысёрам тэатра і пакінуў пасаду ў 1975-м. Пры ім падрыхтавана больш за 20 спектакляў: “Трыбунал” Макаёнка, “Многа шуму з нічога” Шэкспіра, “Доктар філасофіі” Нушыча, “Начная аповесць” Хаінскага, “Зыкавы” Горкага, “Снежныя зімы” Шамякіна і іншыя. А работа “Шостага ліпеня” па п’есе Шатрова адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Кіраўнік творчага калектыву валодаў каштоўным для рэжысёра талентам прыкмячаць асаблівасці характараў акцёраў і абапірацца на такія нюансы пры размеркаванні роляў. Магчыма, гэтая акалічнасць у нейкай ступені паспрыяла плённай працы трупы. Увогуле, паплечнікі Казіміроўскага згадваюць яго як глыбокага рэжысёра, моцнага педагога, чулага і душэўна шчодрага чалавека.

 

Сяргей Шульга ў спектаклі "Сымон-музыка"

У той час паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа была пастаўлена драматычная балада “Сымонмузыка”, якая лічыцца выбітнай старонкай у гісторыі віцебскага тэатра. У галоўнай ролі — Сяргей Шульга (у далейшым яе выканае і Міхась Краснабаеў), дзед Курыла — Яўген Шыпіла, Жабрак — Тадэвуш Кокштыс, Маці — Таццяна Мархель, Ганна — Таццяна Ліхачова. Зорны акцёрскі склад, удалыя сцэнаграфію і музычнае афармленне заўважылі як гледачы, так і органы ўлады. Спектакль у 1976-м удастоіўся прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

 

ВЫСОКАЕ ЗВАННЕ

У тым жа годзе Коласаўскі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. А ў наступным — здабыў ганаровае званне акадэмічнага. Прысваенне такога статусу сведчыла аб прызнанні выдатных заслуг калектыву ў развіцці савецкага і беларускага тэатра.

І гэта не дзіўна: высокі прафесійны ўзровень акцёраў, рэжысёраў ды ўсёй пастановачнай групы, значныя дасягненні ў захаванні, развіцці і папулярызацыі класічнага і нацыянальнага тэатральнага мастацтва, працяглы час плённай творчай працы — усе гэтыя паказчыкі зрабіліся добрай падставай для істотнага кроку наперад. Трэба ўлічыць таксама рэгулярны выпуск прэм’ер і любоў гледачоў.

 

Таццяна Мархель, Яўген Шыпіла і Тадэвуш Кокштыс у спектаклі "Вечар"

Званне акадэмічнага адбілася на рэпертуары тэатра. Паўнавартаснае сцэнічнае ўвасабленне атрымалі п’есы Аляксея Дударава: “Парог” (Буслай — Яўген Шыпіла і Леанід Трушко, Маці — Людміла Пісарава), “Вечар” (Мульцік — Яўген Шыпіла, Гастрыт — Тадэвуш Кокштыс, Ганна — Таццяна Мархель і Валянціна Петрачкова). Гэты спек­ такль у 1986 годзе ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

 

Пятро Ламан і Святлана Акружная ў пастаноўцы "Клеменс"

Звярнуў на сябе ўвагу першымі работамі малады рэжысёр Валерый Маслюк, прадставіўшы “Брыльянт” Ежы Пшаздзецкага, “Стары дом” Аляксея Казанцава і “Клеменс” Казіса Саі. Творчая група сур’ёзна пераасэнсавала п’есу літоўскага аўтара, дапоўніла яе вершамі Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава, Пятра Ламана (альбо песнямі-зонгамі на іх словы). У выніку пастаноўка ўзняла вельмі балючую тэму абуджэння нацыянальнай і ўвогуле грамадзянскай самасвядомасці. Гэта была не толькі вялікая мастацкая перамога калектыву, але і смелы ўчынак.

 

НОВАЕ ДЫХАННЕ

У тэатры імя Якуба Коласа на мяжы 1970—1980-х дыпломную работу — казку “Драўляны кароль” паводле Валерыя Зіміна — падрыхтаваў Валерый Маслюк, у будучым лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, выдатны рэжысёр, акцёр, драматург, паэт, знакавая асоба для ўсяго айчыннага сцэнічнага мастацтва, а для Коласаўскага пагатоў. Пазней сам Маслюк вельмі крытычна ставіўся да таго спектакля, характарызаваў яго так: “Гэта быў правал, філасофскае трызненне”. Тым не менш публіка прыняла работу са шчырай прыязнасцю. У Коласаўскім пачалася чарговая старонка летапісу.

У 1980-м Валерыя Маслюка ўзялі ў тэатр на пасаду рэжысёра, на якой ён адпрацаваў літаральна некалькі гадоў і паспеў удыхнуць у калектыў новае жыццё. На сцэне Коласаўскага Маслюк паставіў яшчэ адзін дзіцячы спектакль — “Казку пра чатырох блізнят” па п’есе балгарскага драматурга Панчава. Тады рэжысёр жыў бедна, грошай на кут, дах над галавой не хапала, і малады творца пасяліўся проста ў тэатры.

 

Таццяна Ліхачова і Пятро Ламан у пастаноўцы "Востраў Алены"

Яшчэ адна знакавая асоба той пары — выдатны беларускі, расійскі і ўкраінскі рэжысёр Барыс Эрын. На сцэне Коласаўскага творца паставіў “Уладу цемры” Талстога (дзякуючы гэтай рабоце аматары тэатра адкрылі для сябе талент Святланы Акружной), “Клапа” Маякоўскага, “Скралі кодэкс” Петрашкевіча, “Не страляйце ў белых лебедзяў” і “А досвіткі тут ціхія...” паводле Васільева.

 

Галіна Маркіна ў спектаклі "Філумена Мартурана"

У большасці спектакляў Эрын не эксперыментаваў з мастацкай формай. Яго ўлюбёным матэрыялам быў акцёр, астатняе — другасным. Майстар выцягваў з артыста ўсё, што патрабавалася для сцэны. Так рэжысёр працаваў з Галінай Маркінай у “Востраве Алены” Шабана, з Уладзімірам Куляшовым у “Філумене Мартурана” дэ Філіпа. А ў 1989 годзе прадставіў “Хама” Ажэшкі. Спектакль быў пабудаваны на акцёрскай індывідуальнасці Святланы Акружной і Уладзіміра Куляшова ў ролях Паўла і Франкі як увасабленнях святла і цемры, анёльскага і д’ябальскага ў душы чалавека.

 

Святлана Акружная, Анатоль Трус і Леанід Трушко ў спектаклі "Востраў Алены"

З назапашаным трывалым багажом коласаўцы падышлі да перыяду перабудовы, пра які мы распавядзём у наступным выпуску.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва тэатра

MAX TikTok