За здаровы лад жыцця, або Як пе­ра­на­ча­ваць у му­зеі

Падчас камандзіровак па краіне заўсёды хочацца знайсці нешта новае, тое, што здольнае прыцягнуць увагу не толькі мясцовых жыхароў, але і турыстаў. Зразумела, гэта не ксеракопіі ў бібліятэцы або імпрэзы ў СДК, хоць ніхто не адмаўляе неабходнасць падобных традыцыйных для сферы культуры платных паслуг. І ў сённяшнім топе мы сабралі толькі ўнікальныя ды незвычайныя віды паслуг — пра некаторыя нават культработнікі не чулі. 

У ГОСЦІ ДА ЗЮЗІ 

Цэлы россып унікальных бібліятэчных паслуг прапаноўваюць наведвальнікам у Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага. Па словах дырэктара Святланы Станкевіч, усе яны значна папаўняюць пазабюджэтныя даходы ўстановы. 

— Напрыклад, да зімовых свят мы ўвялі такую паслугу, як дастаўка пошты бераставіцкага Дзеда Мароза Бераст-Зюзі, — распавядае Святлана Станкевіч. — Супрацоўнікі бібліятэкі ў вобразах Лесавіка і Кікімары наведвалі ўстановы адукацыі і ўручалі школьнікам раёна лісты-запрашэнні ў рэзідэнцыю Бераст-Зюзі і Спадарыні Завеі, расказвалі пра рэзідэнцыю міфалагічнага ўладара халадоў і яе насельнікаў, суправаджаючы сустрэчы навагодняй гульнявой праграмай. А імянная паштоўка-запрашэнне ад гаспадара рэзідэнцыі дарылі дзецям радаснае прадчуванне Новага года і Каляд. 

Таксама, па словах суразмоўцы, значна папаўняе пазабюджэт і складанне інфармацыйных веснікаў для ідэолагаў раёна (брашура на 30 старонак каштуе 15 рублёў, на 50 старонак — 17 рублёў) ці інфармацыйных бюлетэняў “СМІ аб арганізацыі” (40 старонак — 33 рублі, 60 старонак — 45 рублёў). Па¬ добныя брашуры рассылаюцца ў восем арганізацый з 2020 года, таму прыбытак ад гэтай дзейнасці бібліятэкары маюць даволі значны. 

А вось для супрацоўнікаў Лёзненскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, што на Віцебшчыне, дэвіз “За здаровы лад жыцця!” — не фармальны, а цалкам адпаведны іх працы. Напрыклад, у цэнтральнай раённай бібліятэцы Лёзна арганізаваная выстава, дзе можна пагартаць кнігі пра лекавыя зёлкі, пазнаёміцца з выданнямі на спартыўную тэматыку. Тут жа, у “Кутку здаровага чытача”, ёсць кампактныя вагі — кожны наведвальнік можа скарыстаць іх ды ўбачыць, колькі кілаграмаў яму варта скінуць ці дабраць. Хоць паслуга платная — 20 капеек, ахвотных хапае. Як, дарэчы, і тых, хто пасля паходу ў бібліятэку пачаў інтэнсіўна займацца спортам. 

Не менш цікавых паслуг ёсць і ў Лёзненскай цэнтралізаванай клубнай сістэме. Скажам, тут можна не толькі пазаймацца аэробікай ці навучыцца танцам у калектыве “Вікторыя” (кожная паслуга — 40 рублёў за месяц), але і замовіць пракат музычнага абсталявання або пагуляць у аэрахакей, настольны футбол ці настольны тэніс (6 рублёў за 60 хвілін). 

ГРОШЫ — З ПЕЧЫ? 

Незвычайныя платныя паслугі прапануюць і ў Слонімскім раёне. Каравайніцы з аграгарадка Паўлава і навакольных вёсак не толькі выпякаюць хлеб, але і праводзяць майстар-класы па вырабе ўнікальных булак па старажытных рэцэптах. 

У Сельскім доме культуры вёскі Паўлава без каравая не абысціся

— Сапраўды, караваі атрымліваюцца пышнымі, смачнымі, высокімі, прыгожымі, — ганарыцца дырэктар Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Кацярына Скамарох. — Традыцыя іх выпечкі ўваходзіць у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. А захоўваюць унікальны звычай удзельніцы народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” філіяла Навасёлкаўскага цэнтра культуры. 

Калектыву — 39 гадоў, званне народнага атрымалі ў 2002-м. А творчая майстэрня — каравайня — з’явілася ў цэнтры культуры ў снежні 2017-га, дзякуючы праекту ПРААН “Развіццё на мясцовым узроўні”. Ва ўтульным светлым памяшканні з вялізнай рускай печчу 11 удзельніц аб’яднання захоўваюць і перадаюць маладому пакаленню мастацтва, перанятае ў дзядуль і бабуль. Дарэчы, мясцовы фестываль караваяў — брэндавае мерапрыемства Паўлаўскага сельсавета і ўсяго Слонімскага раёна. 

Падчас наведвання этнагасцёўні і правядзення анімацыйнай праграмы для дзяцей “Цуда-печка” можна не толькі ўбачыць, як вырабляецца хлеб, але і паўдзельнічаць у абрадах выпечкі караваяў. Акрамя таго, ладзяцца экскурсія, гульнявая праграма па тэматыцы сельскага побыту, майстар-клас па стварэнні ўпрыгажэнняў для выпечкі. Не абыходзіцца без смачных пачастункаў. Каштуе падобная паслуга 3 рублі і карыстаецца даволі значным попытам не толькі сярод школьнікаў Слонімшчыны, але і суседніх раёнаў. Да таго ж мясцовыя майстрыхі могуць вырабляць караваі на заказ — на вяселле, напрыклад. 

МУЗЕЙ З ЛОЖКАМІ 

У Браславе — свае разыначкі. Тут можна не толькі наведаць мясцовы музей, але і пераначаваць у ім, дакладней у будынку, які належыць музею. 

— Гэта даволі ўнікальная паслуга сярод устаноў культуры Беларусі, — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Юлія Чагарына. — Але галоўнае, што яна карыстаецца попытам у турыстаў, якія завітваюць у нашу гасцініцу “Заезны двор”, і ў летні перыяд прыносіць неблагі даход. 

Інфармацыю пацвердзіла і дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Вольга Антанёнак

— Гасцініца пераведзена на гасразлік, мы зарабляем самастойна і не трацім ні аднаго рубля з бюджэту раёна, — падкрэслівае Вольга Антанёнак. — У цёплы сезон нумары ў “Заезным двары” бываюць замоўлены і за два, і за тры тыдні, а то і за месяц. А, скажам, на фестываль “Vivа, Braslav!”, які адбудзецца летам, нумары ўжо цяпер, у студзені, поўнасцю забраніраваны! 

Попыту спрыяе тое, што прывабны гасцінічны аб’ект знаходзіцца ў цэнтры Браслава, на беразе возера, недалёка ёсць пляж, аўтавакзал, кавярні і рэстаран. У нумарах, самы дарагі з якіх каштуе 55 рублёў, а самы танны — 22 рублі за суткі, ёсць Wi-Fi, тэлевізар, электрачайнік. У гэтым жа будынку знаходзіцца Музей традыцыйнай культуры, дзе кожны ахвотны можа набыць разнастайныя сувеніры. 

Як кажа дырэктар установы, прыкладна з лістапада па красавік гасцініца працуе толькі па папярэдняй замове, а не штодзённа. Гэта дазваляе сэканоміць грошы ў халодную пару года, калі турыстаў у Браславе не так багата, як летам. 

— Гасцініца прыносіць прыкладна адну траціну нашых пазабюджэтных даходаў, — кажа Вольга Антанёнак. — Яшчэ адну траціну маем ад продажу сувенірнай прадукцыі. Іншыя грошы зарабляем, ладзячы экскурсіі, майстар-класы па розных відах рамёстваў, выязджаем у аграэкасядзібы Браслаўшчыны, дзе таксама дэманструем майстар-класы і праводзім практыкумы, навучаючы турыстаў сакрэтам саломапляцення, ганчарства, іншых рамёстваў. Мінулы год склаўся для нас даволі ўдала: за 11 месяцаў мы зарабілі больш за 80 тысяч рублёў пры плане ў 62 тысячы. 

ЯК БАЧНА… 

Крэатыву ў работнікаў сферы культуры хапае, і пра ўсе знаходкі мы, канечне, не расказалі. Напрыклад, пра этнадыскатэкі ў Глыбокім Віцебскай вобласці або пра экскурсіі ад бібліятэкараў у Беразіне, што на Міншчыне. Але, магчыма, самыя адметныя паслугі, якія прыносяць значны даход і павялічваюць пазабюджэт, створаны менавіта ў вашым раёне, шаноўныя чытачы? Дасылайце лісты ў рэдакцыю — пашырым наш топ у разы! 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ