Ⅲ

Гісторыя, напісаная разам

Апублiкавана: 19 кастрычнiка 2026 Фотарэпартаж Афіцыйна Мінск Газетная справа

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

Урачыстае мерапрыемства да 35-годдзя газеты “Культура” адбылося ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Павіншаваць юбіляра прыйшлі прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх аб’яднанняў, творчая інтэлігенцыя і журналісты рэспубліканскіх СМІ.

 

 

ЗНАКАВЫ ПРАЕКТ

Перад пачаткам афіцыйнай праграмы ў фае акадэміі разгарнулася часовая экспазіцыя “У галоўнай ролі — жанчына”.

Фотавыстава стала часткай маштабнага рэдакцыйнага праекта, прысвечанага Году беларускай жанчыны. Асновай паслужылі вокладкі газеты з выявамі выбітных суайчынніц — таленавітых работніц культуры, актыўных грамадзянак і руплівых гаспадынь. За кожным партрэтам — моцны характар і незвычайны лёс.

Даведацца гісторыі гераінь госці маглі з дапамогай QR-кодаў, якія вялі на сайт РВУ “Культура і мастацтва”. Апублікаваны ў Сеціве і штотыднёвіку цыкл інтэрв’ю распавядае пра выдатных беларусак, якія зрабілі ўнёсак у развіццё нашай сферы і краіны.

 

АДЛЮСТРОЎВАЮЧЫ СУЧАСНАСЦЬ

Урачыстасць працягнулася ў канцэртнай зале.

Прывітальны адрас міністра культуры Рэспублікі Беларусь Марата Маркава калектыву газеты зачытаў першы намеснік міністра Аляксандр Сідарэнка.

“Такая дата — не проста вяха ў гісторыі вашага выдання. Гэта сведчанне яго аўтарытэту, запатрабаванасці і той адметнай ролі, якую «Культура» адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы нашай краіны”, — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік ведамства таксама адзначыў: “На працягу 35 гадоў вы застаяцеся галоўным друкаваным голасам культурнага жыцця Рэспублікі Беларусь. На старонках вашай газеты знаходзяць адлюстраванне самыя яркія падзеі, вядзецца аналіз мастацкіх набыткаў, узнімаюцца пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця творчых індустрый.

Вы забяспечваеце ўнікальную пляцоўку для зацікаўленага дыялогу паміж дзеячамі мастацтваў, экспертамі і шырокай аўдыторыяй”.

Ад сябе першы намеснік міністра дадаў, што “Культуру” выпускаюць сапраўдныя патрыёты і прафесіяналы, якія ўкладваюць у кожны нумар часцінку душы.

Акрамя таго, Аляксандр Пятровіч уручыў Падзякі міністра культуры. За добрасумленную плённую працу і высокі прафесіяналізм узнагароджаны вядучы рэдактар літаратурны Мацвей Зайцаў, вядучы бухгалтар установы Аксана Вашкевіч і рэдактар інтэрнэт-рэсурсу Святлана Чэкалава.

 

У АВАНГАРДЗЕ ПАДЗЕЙ

Першы намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі, вітаючы калектыў, высока ацаніў яго працу па асвятленні дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры.

— Хацелася б падзякаваць вам за шчырую адданасць справе. У рэдакцыйных сценах нараджаюцца і паспяхова рэалізоўваюцца ўнікальныя творчыя праекты, — сказаў Дзяніс Уладзіміравіч і заклікаў журналістаў прыгледзецца да таго, што і як робяць калегі з “Культуры”.

Першы намеснік міністра інфармацыі адзначыў пастаяннае развіццё газеты, асваенне новых фарматаў, увагу да рэгіянальных падзей і мясцовых ініцыятыў.

Ён заявіў, што шырокая грамадскасць павінна ведаць пра годных людзей з глыбінкі — супрацоўнікаў цэнтраў рамёстваў, раённых бібліятэк і іншых устаноў, а таксама назваў “Культуру” эталонным галіновым СМІ, падкрэсліўшы яе каштоўнасць для сферы.

Дзяніс Язерскі ўручыў Падзякі міністра інфармацыі адказнаму сакратару Галіне Маліноўскай і фотакарэспандэнту Уладзіміру Шлапаку.

 

ЗАСЛУЖАНАЕ ПРЫЗНАННЕ

Падчас урачыстага мерапрыемства былі адзначаны дасягненні шэрага спецыялістаў. За шматгадовую добрасумленную працу па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і высокі прафесіяналізм

Ганаровай граматай Беларускага саюза журналістаў ушанавана намеснік галоўнага рэдактара газеты “Культура” Жанна Шчурок.

Не засталіся без увагі тыя, хто праявіў сябе ў прафсаюзным жыцці. Ганаровыя граматы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму атрымалі намеснік дырэктара РВУ “Культура і мастацтва” Генадзь Курыловіч, галоўны бухгалтар Ірына Барысевіч, рэдактар аддзела Ірына Станкевіч і вядучы спецыяліст па кадрах Іна Церахава.

 

СЛОВЫ ПАДЗЯКІ

Шмат цёплых слоў рэдакцыі сказалі кіраўнікі дзяржаўных устаноў культуры.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, уручаючы віншавальны адрас, канстатаваў:

— У гісторыі айчынных медыя ваша выданне займае адметнае і ганаровае месца. Пачаўшы шлях у знакавым 1991 годзе, газета стала сапраўдным летапісцам культурнага жыцця суверэннай Беларусі. На працягу дзесяцігоддзяў “Культура” верная сваёй высакароднай місіі — аб’ектыўна і прафесійна асвятляе дзяржаўную культурную палітыку, папулярызуе гістарычную спадчыну беларускага народа і ярка дэманструе яго сучасныя творчыя дасягненні.

Вадзім Францавіч падкрэсліў, што для Нацыянальнай бібліятэкі “Культура” — аўтарытэтнае выданне, надзейны і блізкі партнёр. Нас аб’ядноўвае агульная духоўная прастора і імкненне захаваць інтэлектуальнае багацце нацыі.

Вадзім Гігін уручыў Ганаровую грамату дырэктару РВУ “Культура і мастацтва” Наталлі Кузняцовай за высокі прафесіяналізм, істотны ўклад у аб’ектыўнае асвятленне працэсаў у культурнай сферы краіны і плённае супрацоўніцтва з Нацыянальнай бібліятэкай.

Таксама быў ушанаваны аглядальнік газеты Антон Рудак — за асвятленне пытанняў развіцця бібліятэчнай справы.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ірына Мацяс у сваёй віншавальнай прамове заўважыла:

— Мы заўсёды адчуваем падтрымку з боку вашага выдання. На старонках “Культуры” знайшлі адлюстраванне многія знакавыя падзеі музейнага жыцця, апублікаваны інтэрв’ю з работнікамі і артыкулы, што дапамагаюць чытачам лепш зразумець багацце айчыннага выяўленчага мастацтва. Разам мы рэалізавалі шэраг сумесных праектаў, якія сталі яркімі здзяйсненнямі ў культурным жыцці краіны. Мы шануем гэтую сувязь і спадзяёмся на далейшае пашырэнне нашага супрацоўніцтва.

Таксама прагучалі шчырыя пажаданні і падзя­кі ад намесніка старшыні Беларускага саюза кінематаграфістаў Аляксея Бязуглага, прарэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Максіма Шкулепы, іншых шматлікіх сяброў рэдакцыі.

 

ТВОРЧЫ ПАДАРУНАК

Урачыстыя прамовы і ўзнагароджанні чаргаваліся з нумарамі, якія падрыхтавалі студэнты і выкладчыкі Акадэміі музыкі.

Госці ўбачылі яскравую канцэртную праграму з удзелам духавога аркестра на чале з мастацкім кіраўніком — дырыжорам Паўлам Казаком.

Высокае выканальніцкае майстэрства прадэманстравалі пераможцы міжнародных конкурсаў, лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Любоў Глазава, Кацярына Арашкевіч, Максіміліян Мазоль. Чароўным вакалам скарылі публіку салісты Ілья Сямёнаў, Ягор Дудко, Андрэй Гаргун, Уладзіслаў Гук, Бахрам Гуліеў, Чжан Цзэкунь, Ілья Саковіч.

Разыначкай канцэрта было выступленне юнай піяністкі Паліны Отчык — удзельніцы праекта “Музыка жаночага хараства”, які РВУ “Культура і мастацтва” ладзіць сумесна з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Акадэміі музыкі. Ініцыятыва аб’ядноўвае візуальнае мастацтва з інструментальнымі кампазіцыямі, а традыцыйны фармат рэпрадукцыі — з інфасферай сацыяльных медыя.

Аздобіў урачыстасць і ўзорны ансамбль танца “Дарунак” Барысаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў. Юныя прыгажуні задавалі тон мерапрыемству, сустракаючы гасцей у выглядзе маляўнічых жывых скульптур і ствараючы святочную атмасферу.

 

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ

І ўсё ж самыя цёплыя словы гучалі па-за межамі сцэны.

Вечар стаў выбітнай нагодай для шчырага дыялогу з чытачамі. Прыхільнікі выдання дзяліліся асабістымі гісторыямі, успаміналі ўпадабаныя артыкулы і любімых журналістаў.

— З задавальненнем гартаю кожны нумар “Культуры”. Мяне цікавяць матэрыялы па тэме гістарычнай спадчыны, якая шырока асвятляецца ў газеце, — распавяла дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум. — Сярод аўтараў адзначу Антона Рудака, яго агляды музейных выстаў. Калектыву хацелася б падзякаваць за нязменны прафесіяналізм, пажадаць творчага натхнення і ўсё новых падпісчыкаў.

На думку дырэктара Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава Аляксандра Шантаровіча, газета застаецца запатрабаванай, хоць навакольны свет імкліва трансфармуецца.

— Спектр тэм, якія закранаюцца на старонках выдання, захапляе маштабам — кожны можа знайсці нешта карыснае для сябе, — падкрэсліў Аляксандр Валер’евіч. — Асабіста мяне найбольш займаюць публікацыі, прысвечаныя ўстановам адукацыі ў сферы культуры. Бо менавіта там, у каледжах і акадэміях, сталее, адточвае майстэрства наша таленавітая моладзь.

Святочная сустрэча пакінула багата цёплых уражанняў і стала для рэдакцыі пунктам адліку новых здзяйсненняў. Наперадзе — яшчэ шмат цікавых матэрыялаў і яркіх праектаў. Няхай жа спраўдзяцца ўсе смелыя задумы і планы! Віват, “Культура”!

Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

MAX TikTok