Пад такім дэвізам пройдзе XXXII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”: свята “найважнейшага з мастацтваў” разгорнецца ў беларускай сталіцы з 30 кастрычніка па 6 лістапада.

Для ўдзелу ў кінафоруме паступіла больш за 3300 заявак са 108 краін. У праграму ж узялі звыш 130 твораў з 55 дзяржаў. Работы раскажуць, якія тэмы хвалююць аўтараў па ўсім свеце і як нацыянальны вопыт адлюстроўваецца ў экранных гісторыях.
— Імкнёмся захаваць і выразней акрэсліць аблічча форуму. Нас цікавяць фільмы краін постсацыялістычнай прасторы, разам з тым пашыраем гарызонты, адкрываючы для гледачоў кіно Азіі, Афрыкі. Гэтыя стужкі не заўсёды трапляюць на еўрапейскія фестывалі, а ў нашай праграме ствараюць асаблівую палітру, — адзначыла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі.
Сёлета ўпершыню шырока будзе прадстаўлена М’янма. Сярод удзельнікаў таксама Венесуэла, Калумбія, Камбоджа, Куба, Марока, Эквадор і іншыя дзяржавы. Упэўненыя пазіцыі захоўваюць В’етнам, Індыя і Кітай.

— Гэта вынік вялікай працы Міністэрства культуры і Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Намаганні па ўсталяванні двухбаковых кантактаў і правядзенні абменных Дзён кіно прыносяць свае плады, — паведаміла Ірына Уладзіміраўна.

Пляцоўкай для цырымоній адкрыцця і закрыцця стане кінатэатр “Масква”. Тут падрыхтуюць прасторы для фотаздымак, інтэрв’ю і творчых сустрэч.
Фестываль распачне беларуска-расійская стужка “Бацька Мінай. Партызанская легенда”, якая пазмагаецца і за ўзнагароды. Паказы таксама адбудуцца ў кінатэатрах “Беларусь”, “Цэнтральны”, “Перамога” і “Піянер”.
ШТО ХВАЛЮЕ
“Лістапад” аб’ядноўвае восем конкурсных праграм.

Асноўны конкурс ігравога кіно ўключае 17 фільмаў, якія прэзентуюць у кінатэатры “Цэнтральны”. Па словах праграмнага дырэктара Янікі Прасцінскай, яны прысвечаны сталенню падлеткаў, жаночай стойкасці перад жыццёвымі выпрабаваннямі, адносінам пар на розных этапах. Некаторыя рэжысёры адыходзяць ад звыклага аповеду, пабудаванага на дыялогах, і больш увагі аддаюць героям, іх паводзінам, прыродзе і адметнасцям краін, дзе разгортваюцца падзеі.

У конкурсе неігравога кіно ўдзельнічаюць 18 дакументальных стужак. Іх аўтары даследуюць экалагічныя праблемы, этнічную разнастайнасць, свет мастацтва, а таксама расказваюць пра асоб, якія імкнуцца змяніць жыццё вакол сябе.

— Галоўная каштоўнасць дакументальнага кіно — чалавек. Публіка ўбачыць шмат цудоўных людзей, якія на першы погляд здаюцца звычайнымі, але робяць неверагодныя рэчы, спраўджваюць мары і ідэі, — гаворыць праграмны дырэктар конкурсу Марына Белаокая.

На нацыянальным конкурсе сёлета павялічылася колькасць заявак, асабліва ад маладых кінематаграфістаў. Як адзначыў праграмны дырэктар Аляксандр Пятровіч, моладзь з кожным годам усё актыўней далучаецца да фестывальнага руху. У сваіх работах рэжысёры розных пакаленняў звяртаюцца да тэм, важных для беларускага гледача: мужнасці, дабрыні, стойкасці, любові да Радзімы і клопату пра блізкіх.
Адметная лінія ў дасланых матэрыялах — тэма Чарнобыля. Яна застаецца часткай нацыянальнай памяці і прымушае зноў узнімаць пытанні чалавечай адказнасці, наступстваў мінулага і жыцця пасля трагедыі.

ДА МАЛАДЫХ
Конкурс дзіцячых і юнацкіх фільмаў “Лістападзік” пройдзе з 31 кастрычніка па 4 лістапада ў кінатэатры “Піянер”. У афішы — дзясятак карцін: дзве поўнаметражныя анімацыйныя і восем ігравых. Геаграфія — ад Мексікі і Фінляндыі да Турцыі і Казахстана.

Асобны кірунак форуму прысвечаны аўтарскай анімацыі. З 31 кастрычніка па 3 лістапада ў кінатэатры “Беларусь” пакажуць 50 мультфільмаў з 23 краін: 14 работ адрасаваны дзецям, астатнія 36 — дарослым. Іх згрупавалі ў пяць зборнікаў, якія прадэманструюць разнастайнасць стыляў і мастацкіх падыходаў. Сярод удзельнікаў — дзве стужкі з Канскага фестывалю, дзве — з Берлінскага, уключаючы ўладальніцу “Крыштальнага мядзведзя”.

Праграма “Кіно маладых” спалучае 11 твораў з Аргенціны, Германіі, Індыі, Кітая, М’янмы, Партугаліі ды Расіі. Многія ўжо атрымалі прызнанне на міжнародных пляцоўках. Як паведаміла дырэктар конкурсу Паліна Арцюкоўская, падчас адбору арганізатары заўважылі: аўтары з розных краін нярэдка звяртаюцца да падобных пытанняў. Адно з іх — як знайсці сваё месца ў жыцці і вызначыць уласны шлях.

Праграма кароткаметражнага кіно — 10 стужак, якія будуць прэзентаваны ў кінатэатры “Масква”. Фармат дазволіць за адзін сеанс пазнаёміцца адразу з дзвюма гісторыямі, кожная з якіх прапануе асобны погляд на свет. Публіка ўбачыць не толькі работы з Кітая, Індыі, Ірана і Расіі, прадстаўленыя традыцыйна, але і карціны з В’етнама, Канады, Тайланда і Эстоніі.

ДУША ФОРУМУ
Калі конкурсныя паказы — сэрца фестывалю “Лістапад”, то пазаконкурсная праграма, як мяркуе яе дырэктар Ларыса Цяліца, — душа. Гэтая праграма дазваляе пашырыць кола знаёмстваў з кінематографам, прааналізаваць стужкі, што не трапілі на конкурс, але заслугоўваюць увагі, а таксама сустрэцца з людзьмі, якія ствараюць кіно.
Асаблівы акцэнт сёлета на Днях кінематаграфіі Беларусі, Індыі, Казахстана, Кітая, Пакістана і Расіі. У цэнтры будуць работы рэжысёраў-жанчын і экранныя гісторыі пра жаночыя лёсы.
Асноўнымі пляцоўкамі стануць кінатэатры “Масква” і “Перамога”.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Дзмітрый Сямёнаў нагадаў, што “Лістапад” — гэта не толькі гонка карцін, але і багацце іншых цікавых мерапрыемстваў. Частку з іх правядуць на студыі. Майстар-класы і творчыя сустрэчы чакаюцца таксама ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Доме Масквы.
Фестывальныя паказы традыцыйна выйдуць за межы сталіцы: далучыцца да свята змогуць і жыхары рэгіёнаў.
Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара