Ⅲ

Застылая музыка часу

Напластаванне стыляў і эпох, уплыў светапогляду і творчы пачатак аўтараў горадабудаўнічых праектаў фарміруе гарадское асяроддзе і так ці інакш уплывае на падсвядомасць кожнага з нас. Сапраўды, размова сёння будзе тычыцца архітэктуры як аднаго з відаў візуальнага мастацтва. На нашы пытанні адказвае старшыня Беларускага саюза архітэктараў, прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры Алег Быкоўскі.

 

— Алег Міхайлавіч, архітэктуру часта называюць “застылай музыкай”. Ці згодны вы з гэтым сцвярджэннем? Альбо ўсё ж гэта больш тэхнічная сфера?

— Я вам так скажу: архітэктура — гэта найстаражытнейшае мастацтва. Вы запытаеце “чаму?”. Таму што перш-наперш чалавек будаваў сабе жытло, а ўжо потым аздабляў яго ўпрыгожаннямі.

Разам з тым адно не выключае другога. Безумоўна, канчатковага выніку архітэктурнай творчасці немагчыма дасягнуць без рашэння цэлага шэрагу тэхнічных праблем, часам вельмі складаных. Аднак ёсць прыклады і «чыстага» архітэктурнага мастацтва — Джавані Піранэзэ з яго архітэктурнымі фантазіямі. Але галоўнае — усё ж творчы пачатак. Менавіта ён фармуе вобразнасць архітэктуры, ствараючы тым самым эстэтычную аснову асяроддзя нашага існавання.

— Наколькі час і прастора вызначаюць архітэктурныя вырашэнні забудовы? Калі можна, раскажыце на прыкладзе Мінска.

— Безумоўна, кожнаму часу і месцу адпавядае пэўная архітэктура. У тым і заключаецца чароўная спецыфіка нашага віду мастацтва, што стварае на працягу ўсяго перыяду існавання паселішчаў, ды і самога чалавецтва, такія прыцягальныя спалучэнні стыляў і культур.

Горад Мінск — адзін з найстаражытнейшых гарадоў свету і, безумоўна, адзін з самых маладых. І гэта нягледзячы на больш чым 900-гадовую гісторыю. Таму і напластаванняў розных архітэктурных эпох тут параўнальна няшмат. Да таго ж разбуральныя наступствы сусветных катаклізмаў істотна паўплывалі на агульную архітэктурную карціну. У асноўным наша сталіца сфарміравана архітэктурай пасляваеннага перыяду (1945—1955) і сучаснай архітэктурай, якая змяняецца ў часе. Рэдкія захаваныя — і таму асабліва каштоўныя — аб'екты даваеннага часу дапаўняюць агульную карціну.

Ускосна мы можам вылучыць тры часткі.

Першая — гандлёвы і рамесны цэнтр старажытнага горада — усім вядомае і многімі любімае Траецкае прадмесце.

Таксама даваенная забудова і аб’екты, што перажылі гады ліхалецця, — оперны тэатр, Дом урада, цэнтральны Дом афіцэраў, шыкоўная пасляваенная сталінская архітэктура, яркі прыклад якой — праспект Незалежнасці.

Наступны этап — другая палова ХХ стагоддзя, комплексныя жылыя мікрараёны.

І нарэшце — сучасны перыяд — новыя мікрараёны і асобныя аб’екты, якія ўдала ці не вельмі ўпісваюцца ў існуючае асяроддзе.

— У выяўленчым мастацтве мы ведаем розныя кірункі. А наколькі на архітэктурныя стылі ўплывае мода і светапогляд аўтара, яго творчае выяўленне? Ці яны вызначаны выключна патрабаваннямі часу і заказчыка?

— Архітэктурныя стылі, вядома, спараджаюцца часам і агульным станам грамадства, яго культурай. Уменне ж аўтара архітэктурнага твора адпавядаць чаканням сучаснасці заўсёды асабліва шанавалася. Таму кожная эпоха вылучала сваіх майстроў, апалагетаў менавіта таго творчага кірунку.

Наступныя пакаленні архітэктараў заўсёды мелі магчымасць звярнуцца да вопыту папярэднікаў і выкарыстоўваць гэты досвед у сваёй працы.

Яскравым прыкладам з'яўляецца забудова цэнтральнай часткі сталіцы — праспекта Незалежнасці, у якой выкарыстаны прыёмы грэчаскай і рымскай архітэктур.

— Алег Міхайлавіч, што вы можаце сказаць пра сучаснае дойлідства, якое спалучае ў сабе, здавалася б, неспалучальнае? Маю на ўвазе стылі розных часавых адлегласцей. Наколькі ўдалым можа быць дастасаванне сучасных будынкаў і гістарычных?

— Упэўнены, што надзвычай важным у развіцці забудовы горада, у прыватнасці Мінска, уяўляецца ўмелае спалучэнне раней пабудаванага з новабудаваным. Пры гэтым, маё глыбокае перакананне, архітэктура, якая ўзводзіцца ў дадзены момант, павінна быць сучаснай і адпавядаць гэтаму самаму моманту. Спробы ж заляцання да «гістарычнасці» не прыводзяць да жаданых вынікаў, а ствараюць нейкія дэкарацыі, і жыццё ў іх малацікавае.

— Чым вызначаецца архітэктура Беларусі? Ці мае яна свой характар, сваю адметнасць? Назавяце якія-небудзь гарады ўзорнай ансамблевасці?

— Архітэктурны ансамбль не абавязкова павінен быць абліччам якога-небудзь горада. Напрыклад, не магу назваць архітэктурныя ансамблі, у поўнай меры ўласцівыя забудове Нью-Ёрка ці Токіа. Я іх там проста не знайшоў. У той жа час, створаныя ў гэтых гарадах аб'екты архітэктуры часам вельмі гарманічна спалучаюцца адзін з адным, фармуючы характэрныя зоны — альбо офісных цэнтраў, альбо рэспектабельнай жылой забудовы.

Наогул ансамблем у поўнай меры можна лічыць забудову, сфармаваную ў пэўных межах і ў адпаведнасці з канкрэтнай сацыяльнай замовай. Прыклады — ансамбль Маскоўскага Крамля або Сенацкай плошчы ў Санкт-Пецярбургу і г.д. У Беларусі такія ансамблі найбольш яскрава выяўлены ў захаваных прыкладах замкавай архітэктуры — Мірскі, Нясвіжскі, Лідскі і іншыя замкі.

Дарэчы, з гісторыі архітэктуры Беларусі мы ведаем, што наша дойлідства заўсёды было пад уплывам працэсаў, якія адбываліся ў суседніх краінах, тых, з якімі даводзілася перыядычна дзяліць беларускую зямлю. Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая… Безумоўна, Савецкі Саюз аказваў уплыў на беларускае архітэктурнае мастацтва. Таму вылучыць нейкія асаблівыя рысы надзвычай складана нават архітэктурнай навуцы.

Галоўнае, мабыць, у тым, што сучасныя беларускія дойліды спрабуюць падтрымліваць, як цяпер прынята гаварыць, трэнды або напрамкі развіцця сваёй галіны. Справа за малым: за ўвагай да нашых праблем, разуменнем нашых памкненняў і стварэннем умоў для з'яўлення ў Беларусі прыкладаў сапраўднай, высокай архітэктурнай творчасці.

Гутарыла Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА,
Беларускага саюза архітэктараў і Святланы Чэкалавай

MAX TikTok