Мінск і Улан-Батар маюць цвёрды намер канверсаваць высокі ўзровень палітычнага ўзаемаразумення ў значныя эканамічныя праекты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пасля перагавораў з Прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійнам Хурэлсухам.

Сустрэчы лідараў праходзілі ў Мінску з 25 па 26 кастрычніка: абмеркаванні праводзіліся як у нефармальнай абстаноўцы, так і падчас афіцыйных перагавораў у вузкім і пашыраным складах.
Па выніках былі падпісаны дакументы і дасягнуты дамоўленасці, якія, па словах Кіраўніка нашай дзяржавы, прынясуць адчувальную эканамічную выгаду і паслужаць далейшаму павышэнню дабрабыту народаў абедзвюх краін. Імпульс гэтаму працэсу перш за ўсё надасць дарожная карта супрацоўніцтва Беларусі і Манголіі на 2027—2029 гады.
— Таксама мы з маім калегам дэталёва прааналізавалі ход выканання дамоўленасцей, дасягнутых ва Улан-Батары ў 2024-м, — распавёў Аляксандр Лукашэнка. — У асобных сферах, у прыватнасці па пастаўках прадуктаў харчавання, нам удалося даволі сур’ёзна рушыць наперад.
На траекторыю росту выйшла двухбаковае эканамічнае ўзаемадзеянне, аднак яго значны патэнцыял яшчэ давядзецца рэалізаваць у поўнай меры.
Аляксандр Рыгоравіч паведаміў, што дадатковым магутным інструментам, які будзе выкарыстаны для гэтага, з’яўляецца Часовае гандлёвае пагадненне паміж дзяржавамі — членамі ЕАЭС і Манголіяй. Яно ўступіла ў сілу ў ліпені ды істотна знізіла бар’еры для бізнесу абедзвюх краін.
Прэзідэнт звярнуў увагу: беларускі бок падтрымліваў мангольскіх сяброў пры падрыхтоўцы дакумента і лічыць добрым знакам тое, што пагадненне падпісана ў Мінску ў перыяд старшынства нашай дзяржавы ў ЕАЭС.
— Сёння мы намецілі далейшыя ключавыя пункты росту ў беларускамангольскім супрацоўніцтве. Перш за ўсё гэта прамысловая кааперацыя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пацверджана гатоўнасць Беларусі забяспечваць патрэбнасці Манголіі ў надзейнай кар’ернай, пасажырскай і камунальнай тэхніцы, развіцці сэрвіснай інфраструктуры, а таксама ў аграпрамысловым комплексе.
— Новы цікавы напрамак — лёгкая прамысловасць, дзе мы пачалі разам вырабляць тканіны з лёну і кашміру. Гэта будзе ўнікальны і экалагічны прадукт, які спалучае прахалоду беларускай прыроды і цяпло мангольскіх стэпаў. Не проста палатно, а сімвал жывога перапляцення дзвюх культур і нашых эканомік, — адзначыў Аляксандр Рыгоравіч.
Яшчэ бакі дамовіліся садзейнічаць працягу супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, навукі і культуры. Так, у 2027-м з нагоды 35-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін у сталіцах Беларусі і Манголіі пройдуць Дні культуры, будуць рэалізаваны сумесныя праграмы ў галінах мастацтва і турызму.
Як лічыць наш Прэзідэнт, візіт мангольскага лідара прадаўжае добрую традыцыю сустрэч на самым высокім узроўні, закладзеную ў чэрвені 2024 года, і дапаможа замацаванню якасна новай ступені адносін дзвюх краін.
— Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, Беларусь і Манголію звязваюць агульныя інтарэсы, міралюбны, узважаны, прагматычны курс у знешняй палітыцы, даўнія традыцыі дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле партала president.gov.by