Ад вытокаў да сучаснасці

Апублiкавана: 30 студзеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

25 студзеня адбыўся выязны семінар Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Тэма — “Рэспубліка Беларусь: ад вытокаў да сучаснасці (гістарычны шлях дзяржаўнага будаўніцтва)”. 

Арганізатарамі мерапрыемства сумесна з Саветам Рэспублікі сталі Нацыянальная акадэмія навук, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. 

Семінар сабраў вядучых экспертаў нашай дзяржавы: да афлайн- і анлайнудзелу былі запрошаны кіраўніцтва Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта, міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі, спорту і турызму, устаноў адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў і сродкаў масавай інфармацыі, дэлегаты ад Генеральнай пракуратуры, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Беларускай Праваслаўнай Царквы. 

Звяртаючыся да прысутных, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава сказала: 

— Сімвалічна, што семінар праходзіць тады, калі 2022-і, абвешчаны Годам гістарычнай памяці, перадаў эстафету 2023-му — Году міру і стварэння. Падводзячы вынікі мінулага, мы абсалютна выразна бачым задачы, якія стаяць перад органамі ўлады ўсіх узроўняў, перад нашым грамадствам, перад усёй краінай на гэты год. 

Спікер адзначыла самабытнасць беларускага народа з яго каласальнымі інтэлектуальным і эканамічным патэнцыяламі, працавітасцю. Асобна падкрэсліла поспехі ў справе захавання гістарычнай памяці і давядзення праўды аб гістарычным мінулым Беларусі. 

Абмеркаваўшы гісторыю, асаблівасці, перспектывы і напрамкі дзяржаўнага будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, удзельнікі семінара прынялі рэзалюцыю. У дакуменце падкрэсліваецца значнасць: 

— далейшага развіцця дзяржаўнай ідэалогіі і прававога выхавання ў мэтах фарміравання ў насельніцтва выразнага ўяўлення аб канцэпцыі нацыянальнай дзяржаўнасці; 

— фундаментальных, неад’емных прававых і ідэалагічных прынцыпаў, на якіх грунтуецца тысячагадовая гісторыя беларускай дзяржаўнасці (зацвярджэнне ў беларускім грамадстве сацыяльнай роўнасці і сацыяльнай справядлівасці; рух грамадства да моцнай прававой дзяржавы; фарміраванне прамога народаўладдзя і самакіравальных структур грамадзянскай супольнасці; паступальнае развіццё навукі і адукацыі як асноў прагрэсу грамадства і дзяржавы; палітычная пераемнасць і паступальнасць у сацыяльным развіцці); 

— стварэння ў грамадстве атмасферы сацыяльнай і маральнай нецярпімасці ў адносінах да фальсіфікатараў гісторыі, распаўсюджвання нацыяналістычных ідэалогій; 

— духоўнай і выхаваўчай работы святароў Беларусі для выхавання патрыятызму, захавання пераемнасці спрадвечных традыцый, умацавання нацыянальнага адзінства і міжканфесійнай згоды на беларускай зямлі; 

— фарміравання ў грамадстве прававой і гістарычнай культуры, паважлівага стаўлення да гістарычнага мінулага, навыкаў адэкватнай ацэнкі грамадска-палітычных падзей у дзяржаве і свеце. У рэзалюцыі таксама адзначаецца:

 — безумоўная апраўданасць абвяшчэння Кіраўніком дзяржавы 2023-га Годам міру і стварэння ў мэтах кансалідацыі беларускага народа, умацавання ў грамадстве ідэй міру і стваральнай працы як галоўных умоў развіцця нашай дзяржавы; 

— насычанасць 2023-га важнымі памятнымі датамі — 1160-годдзе стварэння асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем славянскай азбукі, 800-годдзе першай згадкі Нясвіжа, 700-годдзе заснавання Ліды, 500-годдзе выдання паэмы Мікалая Гусоўскага “Песня пра зубра”, 460-годдзе выдання Брэсцкай Бібліі, 435-годдзе ІІІ Статута Вялікага Княства Літоўскага, 120-годдзе выхаду першага тома работ Яўхіма Карскага “Беларусы”, 110-годдзе першай пастаноўкі п’есы Я. Купалы “Паўлінка”, 100-годдзе апублікавання паэмы Я. Коласа “Новая зямля”, 80-годдзе трагедыі Хатыні, 80-годдзе пачатку вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 80-годдзе заснавання Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Падкрэсліваецца таксама сістэмнасць работы па захаванні і вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны нашага народа, яе значнасць ў развіцці беларускай нацыі і сусветнай культуры. 

Поўны тэкст рэзалюцыі