Невыпадковая калабарацыя

Апублiкавана: 30 студзеня 2023 Стужка Музыка Мінск Соцыум

Аўтар: Аўтары

“Святло каляднай зоркі”. Пад такой назвай у Мінску прайшоў канцэрт вучняў і педагогаў музычнай школы № 2 імя М. Аладава. Разыначкай мерапрыемства стала сумеснае выступленне дзяцей і заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Уладзіслава Місевіча і Уладзіміра Ткачэнкі. Калабарацыя з колішнімі ўдзельнікамі ансамбля “Песняры” не была выпадковай: ва ўстанове ёсць унікальны школьны музей памяці Уладзіміра Мулявіна. 

ПРАФЕСІЯНАЛІЗМ, ЭНТУЗІЯЗМ, ТАЛЕНТ 

Святочны настрой стварала сама атмасфера канцэртнай залы “Верхні горад”, дзе правялі імпрэзу. Праграму адкрыў сімфанічны аркестр педагогаў, якім дырыжыраваў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Яўген Доўжык. 

Асабліва кранальна прагучала “Элегія” Уладзіміра Солтана ў выкананні выхаванкі школы №2 Дар’і Місько і аркестра выкладчыкаў. Не было дзялення на вучняў і настаўнікаў, а праходзілі сумесныя выступленні. Напрыклад, дырэктар Аляксандр Церахаў можа фарміраваць свой аўтарытэт па-рознаму, але самы эфектыўны спосаб — выйсці на сцэну. І ўсё атрымалася па-сапраўднаму: гучныя доўгія апладысменты, кветкі юным і сталым артыстам.

Падчас выканання культавай песні Уладзіміра Мулявіна на верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” салістцы Соф’і Каваленка і зводнаму дзіцячаму хору акампанавалі вакальна-інструментальная група педагогаў эстраднага аддзялення “Аладаў-бэнд”, Уладзімір Ткачэнка, Аляксандр Церахаў і Уладзіслаў Місевіч. Ёсць вялікая небяспека граць эстрадную класіку: усе ведаюць эталон. Але на канцэрце дзеці і дарослыя справіліся бліскуча, шматлікія “Брава!” — таму пацвярджэнне. 

— Тут ёсць умовы для гарманічнага развіцця дзяцей. Мяне захапляе атмасфера прафесіяналізму і энтузіязму ў школе, — кажа Уладзіслаў Місевіч. — Абстаноўка нагадвае першыя гады работы “Песняроў”, калі ў аснове ўсяго была творчасць. Цешыць, што ў нас шмат таленавітай моладзі. Згадваю сваю падрыхтоўку ў музычнай школе: вялізная дыстанцыя паміж вучнямі і педагогамі, муштра. Тут усё па-іншаму: адносіны дэмакратычныя ў найлепшым сэнсе слова. Няма абыякавасці ні з аднаго боку. Навучальна-творчы працэс усіх захапляе, ніхто не глядзіць на гадзіннік. А дырэктар можа згуляць з вучнямі ў шахматы. Гэта выдатна! Прыемна, што ва ўстанове адкрыты музей памяці Мулявіна і ўвогуле надаецца шмат увагі таму, каб маладое пакаленне ведала беларускую музыку. 

ЯКІ ЦЕСНЫ МУЗЫЧНЫ СВЕТ! 

У фінале імпрэзы прагучала песня Алены Атрашкевіч на верш Васіля Жуковіча “Святло каляднай зоркі”. Публіка апладзіравала стоячы. 

— Атрымала каласальнае задавальненне ад канцэрта, — падзялілася ўражаннямі старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч. — Выдатнае выкананне і неверагоднае яднанне вучняў і педагогаў, агромністая радасць і гонар для бацькоў. Праграма мерапрыемства складзеная добра, у асноўным з сачыненняў айчынных кампазітараў. Выдатна, што заслужаныя артысты выступаюць разам з пачаткоўцамі. Гэта павышае статус падзеі, а галоўнае — дзеці набываюць унікальны вопыт. У чарговы раз пераканалася, што няма сцэн вялікіх і малых, ёсць творчасць — неабсяжная і сапраўдная. 

Песня “Святло каляднай зоркі” прагучала ў пачатку 2022 года на канцэрце, прысвечаным уручэнню прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Каб выкарыстаць кампазіцыю на свяце, адміністрацыя музычнай школы спытала ў творцы дазволу. Яўген Доўжык напісаў адмысловую аранжыроўку. 

Уладзіслаў Місевіч і дзіцячы хор

Уладзіслаў Місевіч і дзіцячы хор

— Уявіце, што Вялікі тэатр просіць у мяне гэтую песню для навагодняга гала-канцэрта, — успамінае Алена Атрашкевіч. — Я не пярэчу. “Стварыце, калі ласка, аранжыроўку для сімфанічнага аркестра”. У мяне зараз вельмі вялікая нагрузка, з цяжкасцю знайшла час, толькі пачала работу, і ў гэты момант са школы дасылаюць на азнаямленне аранжыроўку Яўгена Доўжыка. Мне спадабалася. Вось і атрымалася: да песні, акрамя кампазітара, прыклалі руку Улад Мазуркевіч, які прыдумаў аранжыроўку для Прэзідэнцкага аркестра, і Яўген Доўжык, што распрацаваў партытуры для сімфанічнага. 

Цікава, што на галаканцэрце песню выконваюць народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна і Уладзімір Громаў — зоркі Вялікага тэатра, а ў мінулым — выпускнікі 2-й музычнай школы. Творчы свет цесны! Дарэчы, у Анастасіі таксама запланаваная сумесная імпрэза з вучнямі і педагогамі гэтай навучальнай установы. 

МУЗЕЮ БЫЦЬ! 

Пасля каляднага мерапрыемства Аляксандр Церахаў распавёў, чаму ён вырашыў стварыць музей памяці Мулявіна, і падзяліўся гісторыяй знаёмства з майстрам: 

— Уладзімір Георгіевіч і яго “Песняры” — здабытак нашай краіны. Яны гралі і спявалі ў сваім непаўторным стылі. Пераацаніць тое, што ансамбль зрабіў для папулярызацыі Беларусі ў свеце, немагчыма. З юных гадоў я — прыхільнік гэтага калектыву. Прадстаўнікі гурта бачыліся проста недасягальнымі зоркамі. Калі я быў на 4 курсе Магілёўскага музвучылішча, мне дасталі квіток на канцэрт “Песняроў”. А мой аднакурснік Валера сумаваў і зайздросціў. Я вырашыў квіток прадаць, а на імпрэзу трапіць іншым шляхам. Прыехалі мы ў гатэль, у якім спыніліся “Песняры”. І вось з ліфта паказваецца Мулявін у шыкоўнай дублёнцы і лісінай шапцы. Падыходзім да мэтра, і я, хаця ўсё ўнутры дрыжыць, звяртаюся: “Уладзімір Георгіевіч, мы студэнты музвучылішча, білетаў няма, але вельмі хочацца патрапіць на ваш канцэрт”. А ён так проста адказвае: “Сядайце ў аўтобус, што-небудзь прыдумаем”. Мулявін паехаў у “Волзе” Анатоля Кашапарава, аўтобус — за імі ў ДК імя Куйбышава. Ідзём праз службовы ўваход, вахцёр на нас: “Куды?” Уладзімір Георгіевіч гаворыць: “Гэта з намі”. У выніку пашчасціла трапіць і на рэпетыцыю, і на выступленне “Песняроў”. Рэпетыцыя — гэта майстар-клас на ўсё жыццё. 

Уладзімір Георгіевіч не забыўся пра гасцей, спытаў, дзе мы хацелі б слухаць канцэрт — на сцэне ці ў зале. Мы выбралі сцэну. Паставілі два крэслы, ледзь схаваўшыся за кулісы. Было неверагодна! 

У той час у Магілёве спецыялісты з ФРГ будавалі “Хімвалакно”, яны сядзелі ў 1-м і 2-м радах. Калі Мулявін выканаў “Крык птушкі”, немцы ў захапленні паўскоквалі з месцаў, падышлі да сцэны. Шок! У нас такія паводзіны не былі прынятыя. Але цудоўна разумею эмоцыі замежнікаў. Цяпло гэтай сустрэчы пранёс праз усё жыццё. 

Аляксандр Церахаў і Уладзімір Ткачэнка

Аляксандр Церахаў і Уладзімір Ткачэнка

Перакананы, што маладое пакаленне мусіць ведаць гісторыю беларускай музыкі, таму ствараю музей памяці Мулявіна. Ідэю падтрымаў вядомы фотажурналіст Юрый Іваноў, які падараваў здымкі для экспазіцыі. Артыст “Песняроў” Уладзімір Марусіч прэзентаваў сапраўдную афішу. Ёсць у нас і поўны збор кніг пра Уладзіміра Георгіевіча. 

У найбліжэйшых планах — падрыхтаваць экскурсійную праграму і запрашаць у імправізаваны музей дзяцей. Будзем не толькі расказваць пра Мулявіна і яго “Песняроў”, але і слухаць музыку. 

Наогул, школа імя Аладава — не толькі першая прыступка для будучых творцаў, але і месца, дзе прывіваюць працавітасць, важную ў любой справе. Таму нашым педагогам часта гавораць “дзякуй”, у тым ліку і вучні, якія не сталі прафесійнымі музыкантамі, але перанялі тут усё, што дапамагло рэалізавацца ў жыцці. 

Аксана НІКАЛАЕВА