Міжнародны фестываль лялечнага мастацтва ладзіцца ў Гродне раз на два гады. Сёлета пяты форум з паэтычнай назвай “Лялькі над Нёманам” сабраў 15 калектываў з Беларусі, Кітая, Расіі, Узбекістана і ахапіў пяць дзён. Прайшло больш за тры дзясяткі мерапрыемстваў: 19 спектакляў, некаторыя з якіх мелі па некалькі паказаў — і ўсе аншлагавыя (гледачы ехалі нават з Мінска), а таксама ўрачыстае адкрыццё са сваёй праграмай, творчыя сустрэчы, абмеркаванні.

Колькасць спектакляў, дарэчы, можна смела памнажаць на два. Бо прадстаўленне кожнай работы было не проста аб’яўленнем назвы пастаноўкі і яе ўдзельнікаў, а дадатковым міні-спектаклем з элементамі шоу. Падобныя музычна-тэатральныя прэамбулы, заўжды крэатыўныя, непрадказальныя, але непасрэдна звязаныя з далейшым праглядам, — добрая традыцыя фестывалю. Яны рыхтуюцца па ініцыятыве маладых гродзенскіх артыстаў, з’яднаных у імправізаваны вакальна-інструментальны ансамбль “Лялька”, а публіка чакае такія выступленні не менш за самі спектаклі.

Беларускія лялечнікі запатрабаваны і за межамі краіны. Разанскі абласны тэатр лялек, Karlsson Haus з Санкт-Пецярбурга прывезлі пастаноўкі менавіта нашых рэжысёраў і аўтараў. Піцерскі “Адысей” Аляксея Ляляўскага, што ідзе там ужо 13 гадоў, адкрывае новыя магчымасці працы з антычнай тэматыкай. Міфалагічны эпас, насычаны старажытным гераічным пафасам, ператварыўся ў простую сямейную гісторыю. Пенелопа з сынам усё чакаюць ды чакаюць Адысея, які адправіўся на Траянскую вайну. А той і хацеў бы вярнуцца найхутчэй, ды не можа. Чатыры металічныя бочкі, пафарбаваныя ў белы колер, становяцца і п’едэсталамі грэчаскіх статуй, што ўвасабляюць самі артысты, і месцам дзеяння маленькіх шытых лялек ці квазімармуровых бюстаў — таксама бялюткіх. А калі тыя ёмістасці качаць па падлозе, яны адлюстроўваюць пагрозлівыя марскія хвалі.
Дзіцячая (а больш дакладна, сямейная) казка “Фрог і Тод” таго ж піцерскага калектыву была зроблена нашай Наталляй Слашчовай, якая выступіла і рэжысёрам, і аўтарам інсцэніроўкі. Вялізныя мапеты дзвюх жабак, смешны камарык на дроціку, што распавядае іх гісторыю, мора пазітыву, дабрыні — і драўляныя гузікі юнай публіцы на памяць пра спектакль, які хочацца паглядзець яшчэ, штораз атрымліваючы асалоду.

Выкшталцонае музычнае афармленне стыльна вырашанай казкі “Іван-царэвіч і Шэры Воўк” Малога тэатра лялек (Санкт-Пецярбург) зрабіла яго актрыса Аглая Жугжда.
“Сон у летнюю ноч” паставіў у Разані заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алег Жугжда. Такой інтэрпрэтацыі гэтай шэкспіраўскай п’есы мы не бачылі! Невыпадкова спектакль назбіраў сем прэстыжных узнагарод на расійскіх фестывалях. Вялікая колькасць музыкі і пластыкі ператварае яго ў эксперыментальны мюзікл. Дзеянне перанесена быццам у начны клуб, а насамрэч — у нейкую касмічную прастору. Чалавечыя жарсці сплятаюцца з міфалогіяй і неабмежаванай фантазіяй, адлюстраванай у шмат’яруснай сцэнаграфіі, неверагодных касцюмах і вынаходлівай рэжысуры. Рэальныя персанажы ўвасабляюцца выразнымі лялькамі, вырабленымі Ларысай Мікінай-Прабадзяк з Гродна. Эльфы, наадварот, іграюцца жывым планам. І папраўдзе лётаюць! Бо артысты, напоўніцу дэманструючы сваю рознабаковасць, авалодалі надзвычай складаным мастацтвам танцаў на пілоне, што спалучае харэаграфію з гімнастыкай, акрабатыкай і патрабуе добрай спартыўнай падрыхтоўкі.
Адразу два творы былі прысвечаны Марку Шагалу. “Зыход”, пастаўлены мастацкім кіраўніком Беларускага тэатра “Лялька” Дар’яй Зімніцкай, выконваўся на адкрытым паветры. На хадулях. І аб’яднаў тэатр ценяў з маленькімі марыянеткамі і вялізнымі выявамі, вышэйшымі за чалавечы рост. А Малы тэатр лялек з Санкт-Пецярбурга прэзентаваў пластычны спектакль “Над горадам Шагала”. З вулічным “Зыходам” яго звязаў чарговы зварот да біяграфіі мастака, дзе творчасць засталася на другім плане.
Фестывальная праграма ўвогуле атрымалася вельмі размаітай, закранала самыя розныя тэмы, стылі, тэхнікі лялькаваджэння і, вядома, уяўляла сабой усёахопны сінтэз мастацтваў.

Сваю разыначку меў кожны калектыў. Замежныя ўдзельнікі адзначалі не толькі сяброўскую атмасферу, але і неверагодную разнастайнасць, якой не могуць пахваліцца многія расійскія форумы. Было нават злучэнне тэатра з сеансам псіхолага, прапанаванае валагодскім “Церамком” у пастаноўцы 16+ “Папялушка. Трыгер”. Ці батлейка з Мірскага дзяржаўнага каледжа, створаная выкладчыкам Канстанцінам Петрыманам разам са студэнтамі. Джызакскі “Тамаша” з Узбекістана, выступленне Цэнтральнага тэатра марыянетак Цюаньчжоу кітайскай правінцыі Фуцзянь аб’ядналі прыезд на фестываль з больш шырокімі гастрольнымі паказамі. І даказалі, што традыцыйны сінтэз спектакля з канцэртам не старэе. Тыя ж “Чырвоныя чаравічкі” з Самарканда адкрываліся не казкай, а “ўверцюрай” з пародыяй на дырыжора і аркестр. Важкім аргументам на карысць “канцэртавання” сталі і пазнейшыя гастролі ў Брэсце і Мінску знакамітага тэатра лялек імя С. Абразцова (Масква). Сярод прывезеных трох спектакляў паўтараўся менавіта “Незвычайны канцэрт”, што ідзе з 1946 года.

Але гэта патрабуе асобнага разгляду, як і прадстаўленыя на форуме нядаўнія прэм’еры гродзенскіх лялечнікаў: “Альпійская балада” паводле В. Быкава і “Добрай ночы, Караліна” для самых маленькіх.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва фестывалю