Спецыялісты філіяла “Кемелішкоўскі сельскі клуб” зладзілі этнаграфічную экспедыцыю ў вёску Стрыпуны Астравецкага раёна з мэтай вывучэння і захавання традыцыйных рамёстваў і народных промыслаў.

Асаблівую цікавасць выклікала творчасць мясцовай жыхаркі Наталлі Пляўга, якой у кастрычніку споўнілася 80 год.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Наталля Аляксандраўна захоўвае і актыўна практыкуе традыцыйныя віды беларускага народнага мастацтва. Яна вядомая ўнікальным майстэрствам вышыўкі — як традыцыйнай, так і ў незвычайных тэхніках.

“Бабуля вышывала пруткамі, штучкамі — гэта асаблівая, рэдкая тэхніка, якая патрабуе вялікай цярплівасці і ўмення”, — адзначаюць спецыялісты клуба.

Наталля Аляксандраўна ўпрыгожвала сваімі шэдэўрамі розныя вырабы: прасціны, абрусы, навалачкі, фіранкі, сурвэткі. Але яе талент не абмяжоўваецца толькі вышыўкай на тканіне. Майстрыха таксама цудоўна валодае тэхнікай вязання кручком, ствараючы ажурныя ўзоры. А яшчэ жанчына здольная вышываць карціны, удала пераносячы на тканіну сюжэты і вобразы.
Наталля Аляксандраўна падарыла Кемелішкоўскаму сельскаму клубу каштоўную спадчынную сукенку, вытканую з натуральнага лёну яе цёткай. Атрымаўся сапраўдны твор народнага мастацтва, які будзе захоўвацца як прыклад майстэрства мінулых пакаленняў.

Сустрэча стала не толькі магчымасцю задакументаваць і захаваць каштоўныя веды пра народныя рамёствы, але і нагодай для натхнення. Дзейнасць Наталлі Аляксандраўны Пляўга – яскравы прыклад жывой традыцыі, якая, дзякуючы такім таленавітым майстрыхам, працягвае жыць і развівацца.
Алена ЯКУБЦЭВІЧ, загадчык філіяла “Кемелішкоўскі сельскі клуб”