Абменныя гастролі — 10

Апублiкавана: 28 студзеня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Стары Новы год Тульскі акадэмічны тэатр драмы і Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр сустрэлі на абменных гастролях — ужо дзясятых з 2013 года.

Тула прывезла чатыры новыя спектаклі, паказаныя з улікам паўтораў сем разоў. Пераважала класіка, і не толькі заснаваная ўласна на п’есах. “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” вымусіла ўспомніць аднайменную оперу, каб у чарговы раз напоўніцу ацаніць выдатны драматургічны талент Д. Шастаковіча. Кампазітар змяніў у аповесці М. Ляскова літаральна ўсё, пачынаючы з характару Кацярыны, ды захаваў сам дух расійскай глыбінкі. А інсцэніроўка тулякоў максімальна абапіралася на празаічны тэкст. Фрагменты “Ад аўтара” ператварыліся ў абмеркаванні-плёткі, з-за чаго сяляне, катаржнікі раптам пачыналі гаварыць моваю не ўласцівага ім літаратурнага стылю. Сцэнаграфія таксама нагадвала адно з вядомых пастановачных рашэнняў гэтай оперы, толькі спрошчанае. Спектакль зрабіўся пераказам сюжэта — і не больш за тое. 

“Канёк-Гарбунок” увогуле быў пабудаваны на цалкам захаваным вершаваным тэксце П. Яршова, укладзеным у вусны герояў і скамарохаў, што вядуць аповед. Таму бліжэй да фіналу дзеці стаміліся, не рэагавалі нават на відовішчную карціну падводнага царства. Самымі прыцягальнымі аказаліся шматпланавая сцэнаграфія і касцюмы — строі жар-птушак увогуле перанеслі на бразільскі карнавал. Але ж выкарыстанне відэа магло быць больш шырокім, ды і музычная полістылістыка падалася не заўсёды дарэчнай. 

Пастаноўку “Уяўны хворы” Мальера таксама аправілі ў карнавальныя сцэны, што ахоплівалі яшчэ і глядзельную залу, весела дэманструючы герояў італьянскага тэатра масак. Зварот да песенна-танцавальных хітоў, іншыя спасылкі на сучаснасць узмацнілі постмадэрнісцкі ўхіл. Акрамя цэнтральнага персанажа Аргана (Аляксандру Барактары), рухавіком дзеі стала не прадпрымальная служанка, як звычайна, а... дачка Анжаліка (Паліна Шатохіна). Ды ўсё ж спектаклю неставала добрага тэмпарытму, замнога было правальных па энергетыцы сцэн. 

Затое “Тата ў павуціне” Рэя Куні, прызапашаны на канец гастроляў, стаўся сапраўдным фінальным клічнікам — найперш праз шалёную самааддачу ўсяго акцёрскага ансамбля. 

А беларускія артысты паказалі ў Туле “Нявесту з Імерэтыі”, musicфарс “Здрасьте, я тётка Чарли!..”, шоу-канцэрт “Навагодняя перазамарозка”, мюзікл “Тры мушкецёры” і фінальнае прадстаўленне “«Кінахіт» — усё «на ўра»”. Да сярэдзіны лютага ў нашага тэатра таксама запланаваны гастролі ў Ніжнім Ноўгарадзе, Пензе, Мічурынску, Варонежы, Тамбове і Разані. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Руслана АНАНЬЕВА