Ⅲ

Летапіс Коласаўскага: ХХІ стагоддзе. Выпуск 8

21 лістапада Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначае стагоддзе. Цудоўны юбілей! У гонар свята будзе паказаны “Несцерка”, які спраўляе ўласнае 85-годдзе і стаў візітоўкай славутага віцебскага калектыву. А колькі цікавых падзей адбылося напярэдадні!

 

НАСУСТРАЧ СВЯТУ

— Пачатак сезона ў нас атрымаўся багатым на гастролі, — падзялілася радасцю дырэктар тэатра Юлія Харкевіч. — У Пасольстве Беларусі ў Расіі паказалі спектакль “Шагал... Шагал...”. У Іашкар-Алу, Чабаксары, Маскву вазілі класіку — камедыю Бамаршэ “Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігаро”. У абменных гастролях з Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы ўдзельнічалі нашы “Дамы і гусары”, “Нечаканая радня”. А з “Парашутыстам” мы паспяхова выступілі ва Уладзіміры, на фестывалі “Ля Залатых варотаў”. Адразу пасля юбілейных святкаванняў рушым у Бабруйск.

 

Канстанцін Ганчароў

Там на Х Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі пройдзе “Тытанавая ведзьма” Улады Альхоўскай у пастаноўцы мастацкага кіраўніка нашага калектыву Канстанціна Ганчарова. Ну а да Новага года дзеці атрымаюць “Пунсовую кветачку”.

Не забыліся мы і на іншыя захады, скіраваныя на папулярызацыю тэатральнага мастацтва. Творчыя сустрэчы з нашымі артыстамі рэгулярна ладзіліся ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна.

Сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем быў запушчаны “Тэатральны трамвай” — менавіта экскурсійны, дзе, апроч паказу іншых славутасцей нашага горада, ішла размова і пра абодва тэатры. Бо ў “Лялькі”, што знаходзіцца акурат насупраць нашага, таксама юбілей — 40 гадоў.

А непасрэдна да свята зладзілі дзве выставы. Адну адкрыем разам з названым музеем. На другой, што разгарнулася ў самім тэатры, — дзіцячыя малюнкі, прысвечаныя нашаму тэатру, любімым спектаклям.

 

СІМВОЛІКА ЛІЧБАЎ

З сотні гадоў, што тэатр пражыў з моманту свайго адкрыцця, акурат чвэрць прыпадае на ХХІ стагоддзе. Тыя ж лічбы — у дні святкавання: 21.11. І ў былой назве коласаўскага калектыву — БДТ-2, які стаў першым такім па-за межамі беларускай сталіцы. Як ні круці, а штосьці ў гэтым ёсць! Чым не тэма для філасофскіх разважанняў пра шлях віцебскай трупы?

 

Спектакль "Гамлет"

2000-я былі пазначаны творчым почыркам Віталя Баркоўскага на пасадзе мастацкага кіраўніка. Менавіта гэты рэжысёр, які пазней узначаліў тэатр у Смаленску, яшчэ ў 1999-м паставіў вельмі авангардны па тых часах спектакль “Шагал... Шагал...”, які ў 2000 годзе атрымаў гранпры на Міжнародным фестывалі мастацтваў у Эдынбургу і прыз за найлепшы спектакль беларускай драматургі на “Белай Вежы”.

 

Спектакль "Шагал... Шагал..."

Цяпер эцюды памяці пра Шагала адноўлены з іншымі артыстамі. Шмат планаў, у тым ліку па заснаванні ў Віцебску Міжнароднага фестывалю нацыянальных тэатраў Еўропы, меў легендарны Рыд Таліпаў, ды перашкодзіла заўчасная смерць.

Пяць гадоў, пачынаючы з 2012-га (зноў двойка і адзінка — як наканаванасць з касмічных далячыняў), тэатрам руляваў Валерый Анісенка. Адно з колішніх выказванняў гэтага рэжысёра, які ўзрасціў сябе з акцёра, уяўляецца прынцыповай пазіцыяй майстра: “Здзіўляць трэба не толькі формаю, але і зместам, думкаю”.

 

Валерый Анісенка

Шматлікія паездкі Валерыя Данілавіча па прэстыжных фестывалях, пастаянная цікавасць да новых творчых прац калег — і нашых, і замежных, удзел у прафесійных абмеркаваннях, назапашаны вялікі вопыт, уласная даследчыцкая дзейнасць пры рабоце над любым драматургічным матэрыялам, імкненне да новых творчых далячыняў — усё гэта, разам узятае, і прывяло віцебскі калектыў да яркіх поспехаў. За год магло ставіцца да 11-ці спектакляў розных рэжысёраў! І гэта пры актыўным фестывальным руху.

У цяперашнім рэпертуары захавалася анісенкаўская пастаноўка “Пахавайце мяне за плінтусам”, якой уласціва відавочнае адценне беларускай спагадлівасці.

А “Макбет”, паказаны ў час “Славянскага базару ў Віцебску” на тэрыторыі Музея-сядзібы Ільі Рэпіна “Здраўнёва”, праклаў шлях далейшым эксперыментам коласаўцаў у жанры сайт-спецыфікпраектаў, што ладзяцца ў разліку на “спецыфічнае” месца правядзення. У прыватнасці, улетку там цяпер рэгулярна ідзе новы спектакль коласаўцаў — “Ілля Рэпін. Здраўнёўскія замалёўкі”.

 

СЁННЯ І ЗАРАЗ

У 2024-м мастацкім кіраўніком быў прызначаны малады віцябчанін Канстанцін Ганчароў. Ён актыўна засвойвае камерную сцэну, добра разумеючы, што творчыя навінкі трэба пачынаць менавіта з яе.

“Тытанавая ведзьма” па п’есе сучаснага айчыннага драматурга Улады Альхоўскай узнімае складаную тэму, звязаную з праславутым “эфектам матылька”: усё калісьці зробленае, нават ненаўмысна, абавязкова адгукнецца ў будучым. Атрымаўся драматычнакамедыйны трылер, у якім, апроч адмысловага пластычнага атачэння (харэографам запрасілі Дзіяну Юрчанка), рэжысёр змяніў адкрыты фінал на хэпі-энд. Бо заўжды імкнецца ператварыць чорна-белае бачанне ў рознакаляровае, знайсці класічны “прамень святла ў цёмным царстве”, выпрацаваць нейкае “алібі” для ўчынкаў кожнага персанажа, каб лепей зарыентаваць гледача ў лабірынтах чалавечай псіхалогіі.

 

Спектакль "Кара-ціці-кара"

Не менш псіхалагічна дэталізаванае прачытанне “Удовінага парахода”, што атрымала загадкавую назву “Кара-ціці-кара”, невыпадкова ўзяло адразу дзве вышэйшыя ўзнагароды на Х Міжнародным тэатральным фестывалі “Любовь, что движет солнце и светила” ў Навашахцінску (Расія) — гран-пры і Прыз глядацкіх сімпатый.

 

Тадэвуш Кокштыс у спектаклі "Дзядзечкаў сон"

Якія перамогі чакаюць тэатр-юбіляр наперадзе? У хуткім часе даведаемся.

Спектакль "Несцерка"

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА,
з архіва
ўстановы і Тэлеграм-канала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

MAX TikTok