У скарбонку дасягненняў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” дадалася перамога на XXIV Міжнародным фестывалі спартыўнага кіно ў Маскве. Кінакарціна “Пераломны момант” рэжысёра Дзмітрыя Сарокі прысвечана ўзыходу айчыннай зоркі акадэмічнай грэблі Арцёму Савічаву.

САПРАЎДНЫ ПРАРЫЎ
Конкурсныя паказы праходзілі з 23 па 28 кастрычніка ў кінатэатрах расійскай сталіцы і яе вобласці. Штогадовая аўдыторыя фестывальных сеансаў перавышае 10 тысяч чалавек. Хаця для многіх удзельнікаў беларускай здымачнай каманды праект быў дэбютным, наша стужка нароўні спаборнічала з працамі з Вялікабрытаніі, Казахстана, Паўднёвай Карэі, Сербіі, Турцыі, Францыі і іншых краін. Расійская геаграфія ўдзельнікаў ахапіла 20 гарадоў — ад Мурманска да Уладзівастока. У ігравую праграму ўвайшлі 14 фільмаў, у дакументальную — 39.
— Летась “Пераломны момант” стаў фільмам-адкрыццём XXXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, — нагадвае генеральны дырэктар кінастудыі Дзмітрый Сямёнаў. — Па выніках ён быў удастоены спецыяльнага прыза Выканаўчага камітэта СНД “Кіно без межаў”. І вось зараз новы поспех у Маскве: дыплом пераможцы ў намінацыі “Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм”! Гэтае дасягненне — заслужаная ўзнагарода для ўсёй творчай групы, якая правяла каласальную працу па стварэнні стужкі.

ВЕДАЙ НАШЫХ!
Журы фестывалю ўзначаліў генеральны дырэктар “Гомелькінавідэапраката”, член праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў Аляксандр Лаўрыненка. Ён падкрэсліў, што публіка прыняла карціну з натхненнем: сярод гасцей паказу былі як ветэраны акадэмічнага веславання, так і маладыя спартсмены, якія адзначылі шчырасць і магутны эмацыйны пасыл нашага фільма.
— Прапанова аргкамітэта фестывалю ўзначаліць журы стала для мяне сюрпрызам, — распавядае Аляксандр Леанідавіч. — Маімі калегамі былі аўтарытэтныя асобы: двухразовая алімпійская чэмпіёнка Соф’я Вялікая, журналіст і каментатар Васіль Кікнадзэ, кінапрадзюсар Уладзімір Пермякоў, прафесары кінамастацтва і рэжысёры з Казахстана, Сербіі і не толькі. Я аказаўся адзіным спецыялістам, які аб’ядноўвае сферы тэатра і кіно. Беларускую карціну вылучылі за свежасць. Па словах членаў журы, адчуваецца, што кінастужка створана маладой камандай, зроблена на даступнай, моладзевай мове.

Слоган фестывалю — “Кіно пра спорт і чалавека”. Галоўная думка ў тым, што атлеты — абсалютныя працаголікі, яны кожны дзень пераадольваюць сябе і свае страхі. І хоць талент важны для перамогі, яго аднаго недастаткова. Самая ганаровая мэта кіно — дэманстраваць тое, як людзі праяўляюць сябе ў складаных абставінах.
— Зроблены першыя крокі да супрацоўніцтва з расійскімі арганізатарамі кінатыдня, — дадае Аляксандр Леанідавіч. — Плануем паказ лепшых работ у Беларусі, напрыклад на Гомельшчыне. Старт мерапрыемства прызначылі на наступны год разам з прэзідэнтам Міжнароднага фестывалю спартыўнага кіно Ірынай Радніной.
АСАБІСТАЕ І КАМАНДНАЕ
Суддзі конкурсу таксама адзначылі унікальнасць сюжэтных канфліктаў, якія ў спартыўнай драме звычайна не паднімаюцца.

Чатырнаццацігадовы Арцём Савічаў спрабуе разабрацца з праблемамі, якія ўзніклі з-за яго складанага характару. Ганарыстасць, упартасць, грубасць у адносінах да аднагодкаў, траўмы і няўдачы прымушаюць яго пакінуць спартыўную каманду і апынуцца на мяжы адлічэння з элітнай гімназіі. Адначасова на месца любімага трэнера ставяць новага — жорсткага і непрыязнага настаўніка. Каб застацца на плаве, Арцём збірае ўласны экіпаж з “адрынутых” вучняў: маўклівага асілка Сцёпу, жартаўніка Ярыка і “батаніка” Мікіту. І хоць акадэмічнае веславанне — гэта камандны від спорту, перад юнаком усё роўна паўстае выбар: ісці за сваімі амбіцыямі або даверыцца сябрам.

Здымкі спартыўнай драмы стартавалі летась 25 ліпеня на рацэ Іслач у Валожынскім раёне. Найбольш дынамічныя кадры рабілі таксама на Чыжоўскім вадасховішчы, Лошыцкім возеры і вяслярным канале ў Заслаўі. Прэм’ера па ўсёй Беларусі адбылася 27 лістапада таго ж года — ніякую поўнаметражную стужку на Нацыянальнай кінастудыі яшчэ не стваралі ў такія сціснутыя тэрміны. Пры падтрымцы Беларускай федэрацыі веславання атрымалася падабраць прыдатных па целаскладзе акцёраў, неабходныя лодкі і лакацыі.
ВЫСОКАЯ ПЛАНКА
Рэжысёр Дзмітрый Сарока ведае, пра што гаворыць, бо мае другі дарослы разрад па акадэмічным веславанні і фактычна апісвае адчуванні са свайго жыцця. Больш за тое, у гэтым відзе спорту наша краіна заваявала большую частку алімпійскіх медалёў у летніх дысцыплінах.

— Задача была зняць фільм так, як не рабілі да нас, — кажа рэжысёр, — Шчырасць і дынамічнасць кінакарціны адзначыла і Дзіяна Карстэр — першая ў гісторыі незалежнай Беларусі двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў акадэмічным веславанні і шасціразовая чэмпіёнка свету. Старанна працавалі над арыгінальным візуальным рашэннем: асяроддзе галоўнага героя выступае як асобны суб’ект сюжэта і падладжваецца пад настрой персанажа. Асаблівую відовішчнасць ствараюць шматлікія кадры з вадой — метафарай таго, як юны спартсмен спрабуе выбрацца з дна і пазбавіцца ад праблем, якія ўзніклі па яго віне.
МАРЫ ЗДЗЯЙСНЯЮЦЦА

Праца вялася летам, і расклад выбудоўваўся па сонцы: кожны фрагмент здымалі ў пэўны час, каб атрымаць патрэбную колькасць святла і цёплую атмасферу. Большую частку матэрыялу рыхтавалі ў мінскай школе № 61, фінал спаборніцтваў — у Заслаўі.
— Для драйвовага кадра са сталіцы прывезлі цэлы карабель, усталявалі на яго вялікі аператарскі кран і адмысловымі камерамі здымалі заплыў максімальна блізка да вады: каб перадаць дынаміку і адчуванне хуткасці, як у тэлевізійнай спартыўнай трансляцыі, — дадае Дзмітрый Сарока. — Асобная тэхналагічная дэталь — выкарыстанне 16-міліметровай плёнкі нароўні з сучаснымі мадэлямі. Хоць з аналагавай камерай на кінастудыі ўжо ніхто не працуе, гэта дапамагло стварыць эфект глыбіні дзіцячых успамінаў героя. Важна адзначыць, што здымачная каманда на 100% складалася з беларусаў, многія з якіх першы раз працавалі ў кіно. Але для нас стварыць фільм было марай. Мы ішлі да сваёй мэты з вялікім энтузіязмам. Рады, што гэта ацанілі па заслугах.
Цінацін МАЙСУРАДЗЭ. Фота з архіва Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”